• Захад ці Ўсход - месца Беларусі ў сьвеце
  • Audio0 KB
  • 13.11.2006
У 21 ст. значна пашырыліся ўплывы працэсу глябалізацыі, які ператварыў плянэту ў адну глябальную вёску. Сёньняшні сьвет робіцца ўсё больш касмапалітычным, што змушае некаторыя народы й краіны шукаць шляхі захаваньня сваёй ідэнтычнасьць, а праз гэта свайго існаваньня. Беларусь, якая, як не парадаксальна, знаходзячыся ў цэнтры Эўропы, зьяўляецца ізаляванай краінай, таксама ня можа супрацьстаяць глябальным ператварэньням у сьвеце. Сярод элітаў краіны ўвесь час вядуцца дыскусіі, які шлях павінна абраць Беларусь, каб максымальна выкарыстаць сваё геапалітычнае становішча.

Улева ці ўправа? На Захад ці Ўсход? Які з шляхоў разьвіцьця варта абраць Беларусі, каб ня быць аўтсайдэрам у міжнароднай палітыцы й эканамічных дачыненьнях?Сёньняшняя ўлада дэкляруе максымальнае збліжэньне з Расеяй, паколькі ўсходняя суседка гарантуе стабільнасьць нафтагазавай бясьпекі краіны, чаго немагчыма знайсьці ў Заходняй Эўропе. Дэмакратычная апазыцыя ў большасьці схільная бычыць Беларусь як частку аб’яднанай Эўропы, але з захаваньнем добрых адносінаў з Расеяй. І падобная канцэпцыя, здавалася б, ідэальная для Беларусі, беручы пад увагу стратэгічнае разьмяшчэньне краіны ў цэнтры Эўропы. Вось толькі ўсходні партнэр наўрад ці зможа зразумець і ўспрыняць такі выбар Беларусі.

Публіцыст і рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько лічыць, што для якасьці будучай беларускай дэмакратыі добрыя адносіны з Расеяй павінны быць прыярытэтным накірункам беларускай зьнешняй палітыкі.

А. Дынько: Пакуль трохі рана гаварыць пра геапалітычную ролю Беларусі, бо для таго, каб краіна магла быць прыцягальнай і ўплываць на суседнія дзяржавы, то яна павінна мець вырашаную ўнутрыпалітычную сытуацыю й мець аўтарытэт. Найперш мусяць адбыцца палітычныя перамены ўнутры краіны. Яна павінна пачаць разьвівацца на справах, а не на словах. Беларусь мусіць праводзіць вельмі актыўную палітыку на ўсходзе, яна не павінна ізалявацца ад Расеі, а наладжваць зь ёю як мага лепшыя адносіны. Наша вага будучых кантактаў у Эўропе будзе залежыць ад вагі нашых кантактаў на ўсходзе. Беларусі трэба скончыць баяцца эўрапейскай інтэграцыі. Калі мы ня хочам адставаць і не быць у вечных даганяльніках, то трэба прывучацца да эўрапейскіх стандартаў ва ўсім: і
ў палітыцы, і ў гаспадарцы, і ў побыце. Ад гэтага залежыць дабрабыт будучых пакаленьняў.

„Беларусь – гэта беларусы, а не кіруючы рэжым” – кажа ўкраінскі пісьменьнік і грамадзкі дзеяч Мікола Рабчук. Аднак прадбачлівы партнэр для любой краіны – гэта дэмакратычны партнэр”.

М. Рабчук: Любая Беларусь для нас каштоўная й важная, таму што Беларусь - гэта не рэжым, які там кіруе. Рэжымы мяняюцца, а людзі застаюцца. І гэтыя людзі заўжды былі прыхільнымі да Ўкраіны. Беларусь зьяўляецца бадай адзіным нашым суседам, зь якім мы ня мелі канфліктаў. Але, натуральна, што для ўсяго сьвету было б лепш, каб Беларусь цешылася свабодай, бо дэмакратычныя краіны больш прадбачлівыя, зь імі прасьцей супрацоўнічаць. Па-другое: мы маем вялікія праблемы з Расеяй, якая намагаецца адбудоўваць сваю імпэрыю. І ў гэтай сытуацыі важна, які будзе настрой вакол самой Расеі. Я лічу, што Беларусь мае цудоўную пэрспэктыву. Інтуіцыя мне падказвае, што Беларусь хутчэй увойдзе ў Эўразьвяз, чым Украіна.

На пачатку 90-х гадоў досыць папулярнай геапалітычнай канцэпцыяй для ўсходнеэўрапейскіх краінаў былога савецкага лягеру была ідэя УЛБ – Украіна – Летува – Беларусь, аўтарам якой зьяўляўся Ежы Гедройць. У Беларусі пра патрэбу стварэньня Балта-Чарнаморскай Садружнасьці заўжды прыгадваў Зянон Пазьняк.

Аднак і Андрэй Дынько, і Мікола Рабчук лічаць, што сёньня гэтая ідэя ўжо спозьненая, і на ёй ня варта канцэнтраваць увагі, бо палітычныя рэаліі значна зьмяніліся з 90-х гадоў.

А. Дынько: Канцэпцыі Гедройця былі актуальныя для ягонага часу. Ён арыентаваўся на сытуацыю перад 90-мі гадамі. Цяпер многія рэчы ўжо памяняліся. Ніхто ўжо ня ставіць пад пытаньне незалежнасьць Беларусі. Так як Гедройць разумеў свой час, так і мы цяпер мусім разумець сучасныя рэаліі. Таксама ён казаў і пра тое, каб мы не баяліся Расеі, бо ад якасьці адносінаў зь ёю будзе залежыць якасьць нашай незалежнасьці й вага ў будучай Эўропе.

Мікола Рабчук перакананы, што рэалізаваць свае геапалітычныя інтарэсы Беларусь, як і Ўкраіна, змогуць у Эўраўьвязе.

М. Рабчук: Гэтая ідэя фармулявалася ў іншай сытуацыі. Сёньня частка краінаў, якія б тэарэтычна маглі належыць да гэтага саюзу, яны ўжо чальцы Эўаразьвязу. І, здаецца, што няма сэнсу ствараць новыя саюзы. Эўразьвяз ужо даказаў сваю жыцьцяздольнасьць, эканамічныя й палітычныя посьпехі, максымум правоў для сваіх грамадзянаў. Так што нам трэба цяпер імкнуцца менавіта ў гэты саюз. Натуральна, што там ёсьць розныя меркаваньні пра нашыя краіны, асабліва сярод старых чальцоў, але Эўропа паважае моцных партнэраў, упэўненых у сабе. І калі Беларусь з Украінай дакажуць, што яны эўрапейскія дзяржавы, то тады наўрад ці хто зможа нам запярэчыць. 15 год таму постасавецкія дзяржавы таксама мелі вельмі малыя шанцы ўступіць у Эўразьвяз, але гэта адбылося, бо тыя народы хацелі й свайго дабіліся. Думаю, што й мы даб'емся.

У сёньняшняй сытуацыі любая геапалітычная канцэпцыя для Беларусі можа быць выключна візіяй, бо не існуе рэальных перадумоваў да больш шчыльных кантактаў з краінамі заходняга сьвету, што аднак не выключае патрэбы рыхтаваць сцэнар для магчымага разьвіцьця краіны ў будучым. Бясспрэчна, што ў нацыянальным інтарэсе Беларусі знаходзіцца супрацоўніцтва як з Захадам, гэтак і з Усходам, але зь відавочным падзелам чаканьняў ад канкрэтнага з бакоў.

Дзьмітры Гурневіч