• Выбары ці актыўны байкот?
  • Audio0 KB
  • 17.11.2006
Актывісты беларускіх апазыцыйных партыяў распачалі працэдуру вылучэньня патэнцыйных кандыдатаў на ўдзел у кампаніі мясцовых выбараў. Большасьць ініцыятыўных групаў былі зарэгістраваныя. Зараз чальцы партыяў, а таксама лідэры, распачалі збор подпісаў за кандыдатаў і прадстаўляюць перадвыбарчую плятформу.

Лідэры найбуйнейшых беларускіх партыяў асабіста ўдзельнічаюць у інфармацыйнай кампаніі, прымеркаванай ды мясцовых выбараў.

Аляксандар Мілінкевіч, нягледзячы на тое, што не зьяўляецца прэтэндэнтам на дэпутацкае крэсла ў самакіраваньнях, актыўна зьбірае подпісы за асобаў, якія ўнесьлі яго ў свае ініцыятыўныя групы. А іх больш за 200.

А. Мілінкевіч: Мая мэта - падтрымаць людзей, якія калісьці зьбіралі подпісы за мяне. Я хачу наладзіць камунікацыю зь беларусамі ў розных рэгіёнах, праводзіць мабілізацыйную й інфармацыйную кампаніі. Я лічу гэта вельмі эфэктыўныай працай. Мая мэта - у першую чаргу ня збор подпісаў, а размовы зь людзьмі. Учора я быў у трох студэнцкіх інтэрнатах і размаўляў са студэнтамі. Мне забаранілі там зьбіраць подпісы, але гаварыць з людзьмі мне ніхто не забароніць.

Старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка кажа, што, нягледзячы на пэўныя перашкоды адносна некаторых актывістаў з боку лякальных уладаў на правінцыі, агульна сытуацыю можна ацаніць як задавальняючую. Аднак ён дадае, што кожны з кандыдатаў цудоўна разумее, што выбары выкарыстоўваюцца выключна ў інфармацыйных мэтах.

В. Вячорка: Паводле папярэдніх падлікаў, мы выставілі 132 ініцыятыўныя групы. Каля дзясятка не зарэгістравалі. Цяпер мы зьбіраем подпісы, адначасова растлумачваючы, што адбываецца ў краіне. Штодня магчыма сабраць ад 20 да 40 подпісаў, і я мяркую, што пастаўленую планку мы пераадолеем. Аднак мы канцэнтруемся ня толькі на зборы подпісаў за кандыдатаў, але й пад плятформай, пад маніфэстам аб'яднаных дэмакратычных сілаў "За Свабоду".

Пра ўдзел у выбарах АГП у мясцовае самакіраваньне распавядае чалец партыі Сяргей Альфер.

С. Альфер:Рэгістрацыя ініцыятыўных групаў прайшла зь пераменным посьпехам. Большасьць сябраў партыі былі зарэгістраваныя выбарчымі камісіямі. Каля дзясятка не былі зарэгістраваныя, нібыта па прычыне заявы кагосьці з чальцоў аб няўдзеле ў пэўнай ініцыятыўнай групе. Зараз мы высьвятляем, хто гэта, бо выбарчыя камісіі нам не паведамляюць прозьвішчаў гэтых асобаў. Анатоль Лябедзька зьбірае подпісы за свайго сына, паколькі сам ня меў магчымасьці зарэгістравацца, бо знаходзіўся за мяжою, але ён плянуе браць у іх удзел.

Да актыўнага байкоту мясцовых выбараў заклікае Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ. Выконваючы абавязкі старшыні партыі Юрась Беленькі зазначае, што нельга ізноў наступаць на граблі, якія ўлада падстаўляе апазыцыі цягам апошніх 10 гадоў.

Ю. Беленькі:Людзі, якія заклікаюць ісьці на выбары й кажуць, што байкот - гэта ледзь не на канапе сядзець, яны такім чынам апраўдваюць свой удзел у праекце рэжыму. Але мы выказваемся за актыўны байкот, каб заклікаць выбаршчыкаў ня йсьці на рэжымны фарс. Лепш ісьці на плошчу, каб паказаць сапраўднае волявыяўленьне.

У свой час апазыцыя БНФ трапіла ў парлямэнт дзякуючы вабарам. Ці такі сцэнар ня можа не паўтарыцца?

Ю. Беленькі: Ёсьць канкрэтная сытуацыя. Я сам быў дэпутатам Вярхоўнага Савету. Тады была адносная дэмакратыя, былі адносна незалежныя камісіі. Цяпер усе камісіі залежныя й поўная фальсыфікацыя.

Нагадаю, што выбары ў мясцовыя саветы адбудуцца 14 студзеня 2007 году. Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы бяруць удзел у гэтай палітычнай кампаніі, але галоўная мэта – дайсьці да як мага большай часткі грамадзянаў Беларусі.

Дзьмітры Гурневіч