• ТБМ ізноў прапануе
  • Audio0 KB
  • 24.11.2006
Сёлета лістапад - гэта даволі плённы месяц для Таварыства беларускай товы імя Францішка Скарыны. На апошнім паседжаньні, якое адбылося ўчора, ягоныя чальцы прынялі чарговы зварот да прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Распавядае старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.

А. Трусаў: Мы прапануем наступны год абвесьціць годам беларускай мовы й літаратуры. Паколькі гэта 125-я ўгодкі з дня нараджэньня Янкі Купалы й Якуба Коласа, то мы прапануем выдаць дэкрэт, а ў ім вярнуць выкладаньне на беларускай мове гісторыі ды геаграфіі, вярнуць у ВНУ беларусазнаўства, зьнятае ў 2000 годзе, вярнуць у стандарты абавязковае вывучаньне прафэсійнае лексыкі на беларускай мове. А самае галоўнае - адчыніць Нацыянальны ўнівэрсытэт, надаць яму імя Якуба Коласа, і ўсе прадметы ў ім выкладаць па -беларуску.

Улады імкнуцца ліквідаваць беларускую мову, а вы зьвяртаецеся да іх з адваротнаю прапановай.

А. Трусаў: Мову немагчыма зьліквідаваць. Яна была тысячу год таму і як мінімум яшчэ тысячу будзе. Тым больш, што ў народзе павага да мовы з кожным днём расьце. Вось зараз паявіліся новыя трамваі й тралейбусы, вырабленыя ў Менску, і ўсе камунікаты ў іх, дзякуючы нам, гучаць па-беларуску. І ў электрычках мы дабіліся таго ж, і ў аўтобусах, а вось зараз і трамваі "загаварылі" па-беларуску. Улады вычышчаюць мову ў школах, а мы пашыраем яе ў іншых месцах. Нават цукеркі пайшлі "двухмоўныя". Бо расейцы не бяруць абгортак на расейскай мове. Фабрыка "Камунарка" ўжо запусьціла ўсе цукеркі на "дзьвюх мовах". Так што ёсьць ня толькі адмоўныя навіны. А гэтую прапанову мы робім якраз паралельна з Эўразьвязам. Няхай улада пачэша патыліцу. Можа хоць нейкая частка нашых прапановаў будзе падтрыманая. А калі ўлада не адкажа, то мы пачнем ізноў зьбіраць подпісы сярод грамадзян. Мы ж на гэтым ня спынімся. Уладзе трэба ўвець час прыгадваць, што мы ёсьць, і якія нашыя патрабаваньні. Бо калі маўчаць, то нічога ня будзе. Трэба ўвесь час культурна, спакойна, бяз лаянкі, не абражваючы ўладу, нагадваць ёй, што ёсьць людзі, для якіх беларуская мова – гэта сьвятое. Яны таксама падаткаплацельшчыкі й маюць поўнае права мець свае патрабаваньні.

Трэба прыгадаць, што на мінулым тыдні ТБМ скіравала да ўладаў зварот у справе захаваньня беларускае мовы ў ВНУ, а таксама ўнясеньня беларускамоўных друкаваных выданьняў у падпісны каталёг на наступны год.

Караліна Русіновіч