• Фальсыфікацыя выбараў „па-лукашэнкаўску”
  • Audio0 KB
  • 24.11.2006
Падчас учорашняй прэсавай канфэрэнцыі для ўкраінскіх сродкаў масавай інфармацыі Аляксандар Лукашэнка агучыў сэнсацыйную інфармацыю пра фальсыфікацыю апошніх выбараў прэзыдэнта Беларусі, якія адбыліся 19 сакавіка гэтага году. Лідэры апазыцыйных партыяў рыхтуюць адпаведныя скаргі ў пракуратуру аб прыцягненьні да адказнасьці вінаватых у крымінальным злачынстве.

Аляксандар Лукашэнка прызнаўся, што вынікі апошніх прэзыдэнцкіх выбараў былі сфальсыфікаваныя. Вось толькі фальсыфікацыя, паводле заявы Лукашэнкі, адбылася на карысьць сваіх апанэнтаў.

Цытата з учорашняй сустрэчы Лукашэнкі з украінскімі журналістамі: „Падчас гэтых выбараў за мяне прагаласавала 93.5%. Але мы зрабілі 86%. Нам сказалі, гэта не эўрапейскі працэнт. Эўропа сказала нам, што гэта не эўрапейскі працэнт. Вось зрабіце эўрапейскі працэнт, і мы прызнаем вашыя выбары” .

Прызнаньне Аляксандра Лукашэнкі ня выклікала вялікага рэзанансу сярод палітычнага апарату. Больш таго, на заяву кіраўніка краіны не зарэагавалі ані праваахоўныя ворганы, ані пракуратура, якая, згодна з заканадаўствам, павінна ўзбудзіць крымінальную справу па факце фальсыфікацыяў прэзыдэнцкіх выбараў увесну 2006 году.

Справу камэнтуе праваабаронца Зьміцер Маркушэўскі.

З. Маркушэўскі: Ракцыя можа быць як з боку выбаршчыкаў, напрыклад, праз звароты ў суд, так і з боку пракуратуры. Бо, адпаведна з заканадаўствам, пракуратура павінна зарэагаваць, калі становіцца вядома пра крымінальнае злачынства. А фальсыфікацыя выбараў такім злачынствам зьяўляецца. Факт, калі службовая асоба публічна заяўляе пра крымінальнае злачынства, мусіць быць дэталёва разгледжаны. Вынікі такога сьледзтва павінны быць прадстаўленыя шырокай грамадзкасьці. Фактычна прэзыдэнт павінен спыніць выконваньне сваіх паўнамоцтваў да канца сьледзтва.

Тым часам сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік паведаміў, што яму нічога не вядома пра выбарчыя фальсыфікацыі, пра якія ўзгадваў Аляксандар Лукашэнка. Між тым лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка ды старшыня АГП Анатоль Лябедзька рыхтуюць заявы ў Генэральную пракуратуту па факце фальсыфікацыяў Аляксандрам Лукашэнкам выбараў прэзыдэнта.

В. Вячорка: Мы падаем заяву ў пракуратуру па факце крымінальнага злачынства, пра якое Аляксандар Лукашэнка паведаміў на ўчорашняй прэсавай канфэрэнцыі. Ён сказаў, што выбары былі фальсыфікаваныя й прывёў некаторыя дэталі гэтай фальсыфікацыі. Гэта крымінальнае злачынства пад канкрэтным артыкулам у Крымінальным кодэксе. За яго прадугледжваецца шматгадовае турэмнае пакараньне, і пракуратура, бясспэрчна, абавязана ўзбудзіць справу па гэтым факце.

Варта дадаць, што пасьля паўгоду ад галасаваньня выбарчыя бюлетэні зьнішчаюцца, а таму ўжо няма магчымасьці даведацца, колькі ж, насамрэч, асоб аддало свае галасы за Аляксандра Лукашэнку.

Дзьмітры Гурневіч