• Праект бюджэту на 2007 год
  • Audio0 KB
  • 27.11.2006
У Палату прадстаўнікоў ужо трапіў праект бюджэту на 2007 год. З уступнага аналізу бюджэту вынікае, што ягоныя ставральнікі не ўзялі пад увагу магчымасьці росту цэнаў на расейскія энэрганосьбіты. Таксама памятаючы пра тое, што яшчэ ня так даўно прэзыдэнт Лукашэнка паведаміў сваім чыноўнікам, што будучы год будзе цяжкім, прапанова бюджэту выглядае даволі аптымістычна.

Аналізуючы гэты праект у інтэрвію нашай радыёстанцыі эканаміст Яраслаў Раманчук зазначыў, што прапанову бюджэту на будучы год можна лічыць сьпісам пажаданьняў Міністэрства фінансаў, які ня мае нічога супольнага з рэчаіснасьцю.

Я. Раманчук: Гэта бюджэт, які пісаў М. Гарбачоў у 1992 годзе з надзеяй на тое, што Савецкі Саюз не разваліцца. І таму гэта бюджэт абяцанкаў-цацанкаў, якія ня маюць нічога супольнага з рэальным жыцьцём і спадзяваньнем на тое, што спадар Лукашэнка нейкім чынам зможа "ўламаць" Крэмль не павышаць цэны на энэрганосьбіты. У праекце гаворыцца пра тое, што даходы ў бюджэт павялічацца на 13-14 %, што інфляцыя будзе зьніжацца, што нашыя заробкі будуць расьці. Такім чынам, складваеца ўражаньне, што наш Мінфін жыве сытуацыяй з 2000-2001 году й ніяк не рэагуе на тое, што гаворыць сам Лукашэнка. Улічваючы тое, што перамены ўсё-такі наступяць, я думаю, што Лукашэнка пачне з рэвізіі бюджэту. Але перш за ўсё пачне з рэвізіі тых людзей, якія, зь ягонага пункту гледжаньня, яго падставілі, прапануючы зусім нерэальную эканамічную палітыку. І таму я лічу, што мы яшчэ будзем сьведкамі новага бюджэту, больш рэалістычнага. Альбо будзе так, што на працягу наступнага году гэты бюджэт будзе карэктавацца 20 разоў, каб дапасаваць сытуацыю да рэальнасьці.

А якім чынам гэты бюджэт можа паўплываць на звычайных грамадзянаў?

Я. Раманчук: Больш важна для нас ведаць, што будзе адбывацца з газам і нафтай, і якая будзе цана. І ад гэтага будзе залежыць, як мы будзем жыць. Калі цана будзе 100-150 даляраў за газ, калі Расея ня будзе пастаўляць нам на перапрацоўку нафту на актуальных варунках, то можна вітаць рост тарыфаў на жыльлёва-камунальныай паслугі на 30-40%. Можна вітаць стагнацыю заробкаў і пэнсіяў, а таксама дэстабілізацыю курсаў з тым, што інфляцыя ізноў будзе зьядаць дэпазыты насельніцтва, якое яшчэ працягвае на дадзеным этапе давяраць нашай банкаўскай сыстэме й нашай валюце.

Маючы на ўвазе нестабільнасьць цэнаў на энэрганосьбіты й аптымістычны праект бюджэту, паўстае пытаньне, ці асобы, якія яго пісалі, лічаць на нейкі эканамічны цуд?

Я. Раманчук: Яны разьлічваюць на эканамічны цуд пад прозьвішчам "Аляксандар Лукашэнка", які яшчэ раз ці ня здолее пераканаць Крэмль, што Беларусі трэба задарма даваць 4,5- 5 мільярдаў даляраў і што гэта " на руку" Расеі. Але я думаю, што аргумэнтаў, каб гэта зрабіць без продажу Белтрансгазу ці іншых буйных прадпрыемстваў, проста няма. Ведаеце, напрыклад, калі ў краіне сьнежная завея, спадзявацца надвор`я +20, канешне, можна, але гэта нерэальна. Так і ў гэтым выпадку спадзевы не абгрунтаваныя на рэальных разьліках ці лягічных тэзісах. Дарэчы, паводзіны Менску здаюцца неадэкватнымі. Замест таго, каб нейкім чынам дамаўляцца, наш урад зьбіраецца канфліктаваць з Расеяй. Мне здаецца, што будучы год можа быць годам фармальнага канца ўсіх узаемаадносінаў з саюзнаю дзяржавай.

Існуе канфлікт з Расеяй, ад эўразьвязаўскай дапамогі таксама адмовіліся. У такім выпадку, адкуль узяць грошы - зь неба ўпадуць?

Я. Раманчук: Гэта добрае пытаньне. У такой сытуацыі, калі ідзе гаворка пра відавочныя крыніцы фінансаваньня, ёсьць адзін суб`ект, які за ўсё гэта плаціць. Гэта той, хто ходзіць у крамы, хто купляе на рынках, плаціць за сьвятло ды за газ - гэта просты чалавек. Увесь той цяжар новай сытуацыі будзе на плячах чалавека, які зусім інакш будзе ставіцца да стабільнасьці ды праводжанай палітыкі. На сёньняшні дзень амаль 60% грамадзян лічаць, што ў нас ёсьць нейкія эканамічныя рэформы. Вось тады й будзе перагляд каштоўнасьцяў, і ўзаемаадносінаў да таго, што ён назірае ў тэлевізіі, што ён чуе на сваіх прадпрыемствах. Гэта будзе пачатак тых сыстэмных рэформаў, празь якія прайшлі краіны Балтыі на пачатку 90-х гадоў.

На гэтым тыдні Праект бюджэту Беларусі на 2007 год разгледзіць Палата прадстаўнікоў. Адным з плюсаў гэтага праекту можа быць прадугледжаная адмена некаторых падаткаў, у прыватнасьці, надзвычайнага падатку й адлічэньняў у дзяржфонд па падтрымцы занятасьці насельніцтва. А гэта значыць, што звычайныя грамадзяне атрымаюць на рукі крыху больш заробленых сродкаў.

Караліна Русіновіч