• "Бацькаўшчына" недаспадобы ўладам
  • Audio0 KB
  • 30.11.2006
5 сьнежня ў гаспадарчым судзе Менску адбудзецца судовае паседжаньне аб скасаваньні дамовы аб арэндзе памяшканьня Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”. Арганізацыя, якая аб’ядноўвае беларусаў ва ўсім сьвеце, знаходзілася ў будынку на вул. Рэвалюцыйнай, 15 у Менску каля 13 гадоў.

Позву ў гаспадарчы суд падала арганізацыя “Спадчына”, якая зьяўляецца
балянсаўтрымальнікам будынку. Сваё рашэньне арганізацыя патлумачыла неабходнасьцю праводзіць будаўніча-мантажныя работы. На іх думку, гэта зьяўляецца падставай для скасаваньня арэнды. На наступным тыдні справа павінна рушыць зь мёртвага месца. Толькі вось у які бок? Распавядае намесьніца старшыні Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету – Ніна Шыдлоўская.

Н. Шыдлоўская: Мы вельмі дакладна вывучылі гэтае пытаньне зь юрыдычнага пункту гледжаньня й катэгарычна будзем адстойваць у судзе пазыцыю, што "Спадчына" ня мае юрыдычных падставаў скасоўваць дамову арэнды. Гэтая арэнда была нам прадстаўлена на 25 гадоў, дзякуючы пастанове Рады Міністраў Рэспублікі Беларусь. У той жа пастанове была зьмешчаная рэкамэндацыя ўсім дзяржаўным ворганам спрыяць "Бацькаўшчыне" ў ейнай дзейнасьці, у тым ліку і ў прадастаўленьні памяшканьня. Пакуль мы ня можам зьвяртацца па юрыдычны адрас, а ў Беларусі гэта вельмі важны момант працы арганізацыі, бо іначай мы парушаем Крымінальны кодэкс.

Нягледзячы на дадзеную сытуацыю, рабочыя ворганы “Бацькаўшчыны” дзейнічаюць. Вядзецца таксама праца над унікальнай кніжнай сэрыяй "Бібліятэка Бацкаўшчыны", а таксама аказваецца мэтадычная дапамога суполкам аб’яднаньня ў замежжы.

Н. Шыдлоўская: На сёньняшні дзень дамова аб арэндзе быццам бы дзейнічае, і юрыдычны адрас, з аднаго боку, мы маем. Дэ-факта, "Бацькаўшчына" ўжо тры месяцы туляецца па кутах і ня мае нармальнай магчымасьці працаваць ані з архівамі, ані папаўняць іх. Многія кнігі зьвезеныя да сяброў у гаражы. Чыноўнікі абсалютна ня маюць намеру ісьці на саступкі. Мы ад іх не чакаем дапамогі й клопату. Ад іх мы патрабуем аднаго - дайце магчымасьць арэндаваць знойдзенае намі ж памяшканьне. Мы гатовыя самі рабіць у ім рамонт за свой кошт.

Пра тое, як выглядае праца згуртаваньня без памяшканьня, распавядае старшыня Рады ЗБС Алена Макоўская.

А. Макоўская: Мы арганізавалі працу віртуальна. Супрацоўнікі ў большасьці вымушаныя працаваць у сваіх кватэрах. Часам зьвяртаемся да іншых арганізацыяў, калі нам трэба сабрацца разам. Каля году мы перапісваемся і вядзем сустрэчы з чыноўнікамі рознага ўзроўню. На словах нам абяцаюць падтрымку, але факт ёсьць фактам: да гэтага часу мы ня маем памяшканьня.

Доктар Янка Запруднік, вядомы дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША, гаворыць, што праблемы Згуртаваньня выкліканыя антыбеларускай палітыкай на Беларусі.

Я. Запруднік: Згуртаваньне беларусаў сьвету „Бацькаўшчына” выконвае сур’ёзную функцыю. Гэта патрэбная арганізацыя, супрацоўніцтва патрэбнае, але ў вырашэньні тых праблемаў мы ня надта можам удзельнічаць. Гэта вынік палітыкі задушваньня беларускасьці.

ЗБС “Бацькаўшчына” паўстала ў 1990 годзе. Адной з галоўных мэтаў арганізацыі зьяўляецца духоўнае, арганізацыйнае, эканамічнае яднаньне ў адзіную супольнасць усіх беларусаў, што жывуць па-за межамі Беларусі й на Бацькаўшчыне.

Дзьмітры Гурневіч