• Квасьнеўскі хоча памірыць Беларусь і Эўропу
  • Audio0 KB
  • 06.12.2006
Былы прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі заклікаў Эўропу распачаць перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам. Ранейшую палітыку адносна Беларусі Аляксандар Квасьнеўскі назваў безвыніковай і прапанаваў дыялёг паміж Эўропай і афіцыйнымі беларускамі ўладамі.

Прапанова Аляксандра Квасьнеўскага была агучаная на першай канфэрэнцыі фундацыяй былога польскага прэзыдэнта “Amicus Europae”. Сустрэча мела назву “У пошуках новай эўрапейскай палітыкі суседзтва”.

Пра ініцыятыву былога прэзыдэнта Польшчы распавядае міністар Канцылярыі Аляксандра Квасьнеўскага Вальдэмар Дубанёўскі.

В. Дубанёўскі: Не выклікае сумневу, што Беларусь зьяўляецца вельмі важным суседам Польшчы. Сп. Квасьнеўскі, ужо як былы прэзыдэнт, можа сабе дазволіць ацаніць пэўныя рэчы зь іншай пэрспэктывы. Ён добра арыентуецца ў сытуацыі Беларусі, размаўляе з эўрапейскімі палітыкамі, і ягоная заява не зьяўляецца дыпляматычным адказам на чыёсьці пытаньне. Вельмі важна, каб беларусы зразумелі сваю ролю ў сваёй краіне, каб распачаліся дэмакратычныя перамены. Трэба, каб беларусы абуджаліся. І калі для дасягненьня гэтай мэты трэба размаўляць з Лукашэнкам, то варта гэтыя перамовы распачынаць.

Вальдэмар Дубанёўскі таксама запэўніў, што падчас розных сустрэчаў, у якіх будзе ўдзельнічаць Аляксандар Квасьнеўскі, беларускае пытаньне будзе абмяркоўвацца на вельмі высокім узроўні.

Віцэ-сьпікер парлямэнту Польшчы Браніслаў Камароўскі пагаджаецца, што калі размовы могуць даць вынік, то іх варта распачынаць як мага хутчэй.

Б. Камароўскі: Калі размовы могуць дэмакратызаваць Беларусь, то трэба размаўляць і з самім д’яблам. У рэальнай палітыцы ёсьць прынцып перамоваў зь людзьмі, якія шмат на што могуць паўплываць, але неабавязкова мусяць падабацца другому боку.

Дыялёг можа быць, і павінен адбывацца, але мусяць існаваць пэўныя прынцыпы правядзеньня перамоваў – лічыць віцэ–сьпікер Эўрапарлямэнту Януш Анышкевіч.

Я. Анышкевіч: Я лічу, што дыялёг зь беларускімі ўладамі магчымы, але ён павінен мець на мэце вырашэньне канкрэтных пытаньняў. Аднак я не магу сабе ўявіць, каб гэта адбывалася на самым высокім узроўні. Я не ўяўляю сабе, каб у бліжэйшы час магла адбыцца сустрэча Лукашэнкі, які мае забарону на ўезд у Эўропу, зь якім-небудзь уплывовым палітыкам, які прадстаўляе інтарэсы Эўрапейскага Зьвязу. Гэта было б няправільна. Маю надзею, што гэтага ня будзе.

Варта дадаць, што, на думку Аляксандра Квасьнеўскага, значную ролю ў рэалізацыі важных задачаў супрацы Эўропы й Беларусі маюць новыя сябры Эўразьвязу, а таксама Нямеччына, якая ў 2007 году стане на чале Эўразьвязу.

Дзьмітры Гурневіч