• 115 угодкі з дня нараджэньня Максіма Багдановіча
  • Audio0 KB
  • 09.12.2006
Сёньня 115 угодкі з дня нараджэньня пісьменьніка Беларусі Максіма Багдановіча.

Паэт, перакладчык, крытык, публіцыст, гісторык літаратуры. Гэты таленавіты паэт вельмі многае пасьпеў напісаць за тыя няпоўныя 25 гадоў, якія наканаваў яму лёс.

Максім Багдановіч нарадзіўся ў 1891 годзе ў Менску ў сям'і пэдагога ды навукоўца Адама Багдановіча й Марыі Мякоты. У Беларусі паэт жыў у маленстве ўсяго 6 гадоў, бо пасьля сьмерці жонкі ў 1896 годзе бацька Адам Багдановіч зь дзецьмі вымушаны быў пераехаць Расею. А потым год у сталым узросьце, калі ўлетку 1916 году Максім Багдановіч вярнуўся ў Менск, дзе жыў на кватэры Зьмітрака Бядулі. Нягледзячы на гэта, свае творы Багдановіч пісаў па-беларуску, гэта нацыянальны беларускі паэт.

Гаворыць вядомы на беларусі паэт і бард Эдуард Акулін.

Э. Акулін: Дух Максіма — гэта беларускі дух. Багдановіч напачатку XІX стагодзьдзя казаў: апроч таго, што паэзія жыве нейкай рытмікай, гэта зьнешнія атрыбуты, беларуская паэзія павінна мець свой дух. На першым этапе паэт імкнуўся да эўрапейскіх узораў паэзіі, але пазьней прыхінуўся да вершаў з гэтак званага цыклу “беларускага складу”, якія заснаваныя на народнай паэтыцы. Галоўнае ў іх не рыфма й рытм, а нацыянальны дух і каларыт.

Дасьледчыкі літаратуры абавязкова занатуюць наступны факт творчай біяграфіі гэтага паэта, які таксама зьвязаны з Максімам Багдановічам і яго энэргетыкай.

Э. Акулін: Гэта здарылася якраз на памежжы двух стагодзьдзяў, калі ў прыватным выдавецтве я вырашыў надрукаваць свой новы зборнік, які назваў “Радно”. Але, атрымаўшы сыгнальныя 10 асобнікаў, я прыйшоў на наспупны дзень, каб забраць увесь наклад. Дырэктар, адвёўшы мяне ад свайго кабінэта, дастаў маю кніжку й паказаўшы на верш, сказаў: “Калі б у вашай кнізе не было вось гэтага верша й яшчэ некаторых, у тым ліку й прысьвечаных Максіму Багдановічу, яна б пабачыла сьвет, а так прыходзьце заўтра й паглядзіце, як мы будзем зьнішчаць яе на макулатуру. У гэтым вершы ідзе размова пра сапраўднага паэта, пра яго мейсца ў жыцьці Беларусі.

Пры гэтым народзе, пры гэтай уладзе,
Паэтаў народных штурхаюць на здраду,
Паэтаў вялікіх, чый век несканчоны,
Змушаюць маліцца на псеўдаіконы.
Віжуюць, ня спяць слугачы-янычары,
Драпежна рычаць валацарскія кнары.
За кратамі песьня, ды й гэтага мала?
Няўжо ўвайскрэсьне забойца Купалы?
Пры гэтым народзе, з уладаю гэткай,
Як мала народных сапраўдных паэтаў...


Ёсць у гэтай кніжцы таксама верш прысьвечаны Максіму Багдановічу, называецца “Максім, не вяртайся”. У свой час вельмі востра ставілася пытаньне аб тым, каб вярнуць прах Максіма Багдановіча беларускай зямлі. Я асабіста быў супраць, таму што Беларусь была абсалютна ня той, пра якую марыў паэт. Гэта была Беларусь, дзе нават мова наша была непатрэбная, гэта было напярэдадні ганебнага для нас рэфэрэндуму, які зрабіў падчаркай нашу мову ў сваёй жа роднай хаце.

Ад розных пакутаў, ад зьдзеку й гвалту,
Як Нёман спрадвечны зьмялеў радавод,
Максім, не вяртаўся з далёкае Ялты,
Цябе не пазнае тутэйшы народ.
Бо сёньня сьляпы ён, зь нікчымнай душою,
Як колісь калі ты пра гэта казаў,
Яму не патрэбна ні слава “Пагоні”,
Ні бел-чырвона-белы крывіцкі штандар.
Цяпер разумею Чарнобыля кару,
Хоць вый ваўкалакам, хоць каней крычы.
Валошку тваю, Беларусь, нашу мару
Вось-вось янычаравы скосяць мячы!


Натальля Матыліцкая, фальклярыстка, выканаўца традыцыйных беларускіх песьняў, прызналася, што сваім любімым паэтам лічыць менавіта Максіма Багдановіча, таму што ён вельмі нацыянальны, фальклёрны, можна нават сказаць - міталягічны.

Н. Матыліцкая: Неяк з маім мужам Міхасём Скоблам мы адпачывалі ў Кактыбелі і ў нас была паездка ў Ялту. Канешне, мы не маглі бываць у гэтым горадзе й не наведаць магілы Максіма Багдановіча. Мы прыехалі й разгубіліся: як знайсьці на гэтых могілках Максіма Багдановіча. Муж мне й кажа: А вунь наглядчыцы, ты ў іх і запытайся, дзе могілкі. У нас беларусы ня ўсе ведаюць, хто такі Максім Багдановіч, (гэта канешне рэдкія выключэньні, але такія, паверце, ёсць) я й думаю, няўжо наглядчыцы будуць ведаць. А жанчыны якраз мне й гавораць: гэта ж беларускі паэт, канешне, ведаем, як жа. Могілкі знайшла я — такі сьціплы помнік, кажуць, цяпер яго памянялі. Мы з мужам глядзім, а з-за могілак выходзіць коцік маленькі, я так кажу: Міхась, відаць, гэта душа Максіма Багдановіча.

Што цікава — гэта татэмістычнае ўяўленьне, ты думаеш пра перасяленьне душы й табе становіцца сумна: глядзіш на гэты кіпарыс і ўсьведамляеш, што на чужой зямлі пахаваны чалавек. Многія беларусы, якія нарадзіліся на беларускай зямлі, яны ў меншай ступені адчуваюць сябе беларусамі й менш робяць для сваёй зямлі, чым Максім Багдановіч. Яго словы проста працінаюць. Пра тых людзей-беларусаў, якія вось-вось гатовыя забыцца пра самыя сьвятыя ідэалы, ён кажа нам:

Біце ў сэрца іх, біце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць.


Паэзію Багдановіча нельга зьвесьці да рытарычных штампаў-разваг пра нацыянальную сьвядомасьць, народнасьць, сацыяльнасьць. Таму, напэўна, сёньня мы ўспрымаем Багдановіча не як клясыка, а сучасьніка, які разважае на зразумелыя кожнаму беларусу тэмы.

Зьміцер Кармазін