• Ці загаворыць А. Лукашэнка па-беларуску?
  • Audio0 KB
  • 20.12.2006
Падчас паседжаньня Рэспубліканскай рады рэктараў вышэйшых навучальных устаноў Беларусі Аляксандар Лукашэнка зрабіў заяву пра важнасьць веданьня беларускай мовы й моцна скрытыкаваў дзеяньні Міністэрства адукацыі ў галіне школьнай рэформы. Заява кіраўніка краіны зьвярнула на сябе ўвагу й выклікала рэзананс сярод элітаў. Шмат хто загаварыў пра зьмену курсу беларускага лідэра, але ня менш галасоў і пра дзяжурны характар заявы Аляксандра Лукашэнкі.

Аляксандар Лукашэнка на ўчорашняй нарадзе моцна скрытыкаваў сытуацыю з навучаньнем у беларускіх школах і выказаў сумнеў адносна аб’ектыўнасьці міністра адукацыі Аляксандра Радзькова. Ён таксама прапанаваў перагледзець навучальную праграму для школьнікаў. Аднак найбольшую ўвагу займела яго заява адносна непрапарцыянальнасьці навучаньня замежнай і беларускай моваў. Пачатак цытаты з выступу беларускага лідэра: “Ангельскую мову трэба ведаць, але трэба ведаць і сваю родную мову”.

Заява Аляксандра Лукашэнкі шмат кім ацэньваецца як зайграньне перад Расеяй у сьвятле непаразуменьняў энэргетычнага характару. Іншыя кажуць пра пачатак паступовай лібэралізацыі грамадзка-палітычнага жыцьця.

Кіраўнік Беларускага калегіюму, філёзаф Алесь Анціпенка кажа, што няма падставаў, каб верыць у шчырасьць словаў Аляксандра Лукашэнкі.

А. Анціпенка: Я ня думаю, што будзе нейкая сыстэма дзеяньняў. Гэта хутчэй за ўсё нейкая спантанная ацэнка. Няма падставаў казаць аб тым, што сытуацыя пойдзе ў іншы бок. Хаця сёньня ёсьць большае разуменьне праблемы беларускай мовы нават сярод афіцыйных асобаў.

Былая выкладчыца Беларускага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту Ала Сакалоўская лічыць, што прысутныя на нарадзе чыноўнікі зарэагуюць на намёк Аляксандра Лукашэнкі.

А. Сакалоўская: Такой заявы яшчэ ня было. Я думаю, што гэта робіцца ў сувязі з сытуацыяй з газам і нафтаю. Як гэта не парадксальна, але ён гарант нашай незалежнасьці. Паколькі ён так сказаў, то так будзе, таму што ўсе чыноўнікі робяць так, як ён гаворыць.

На думку ганаровага прэзыдэнта Беларускага Пэн-клюбу Лявона Баршчэўскага, ня варта сьпяшацца з ацэнкамі заявы кіраўніка краіны.

Л. Баршчэўскі: Кіраўнік дзяржавы часта імправізуе, і я думаю, што гэта была таксама імправізацыя, пра якую ён, магчыма, пазьней пашкадаваў. Пакуль рана пра нешта казаць, варта пачакаць канкрэтных дзеяньняў. Я сумняюся, што палітыка вынішчэньня беларускай мовы радыкальна зьменіцца.

На думку мовазнаўцы Зьмітра Саўкі, беларускія ўлады выкарыстоўваюць тэму беларускай мовы для палітычных мэтаў.

З. Саўка: Пасьля рэфэрэндуму 1995 году, калі ўлады акрэсьлілі сваё стаўленьне да беларускай мовы, гэтая тэма стала вострапалітычнай. Улады самі палітызавалі пытаньне беларускай мовы. Кіраўнік дзяржавы яе выкарыстоўвае для таго, каб пасьмяяцца й пазьдзеквацца з апазыцыі.

Гэта адна зь нямногіх заяваў кіраўніка краіны на працягу 12 гадоў пра беларускую мову. Большасьць зь іх мела абражальны характар пра беднасьць і непрыдатнасьць дзяржаўнай мовы.

Дзьмітры Гурневіч