• Канада ўвяла санкцыі супраць Канады?
  • Audio0 KB
  • 20.12.2006
Канада ўвяла аднабаковыя эканамічныя санкцыі супраць Беларусі. Згодна з новай пастановай ураду гэтай паўночнаамэрыканскай краіны, канадзкія фірмы, якія экспартаюць тавары ў Беларусь, будуць вымушаныя атрымаць афіцыйны дазвол ад Міністэрства гандлю.

Падставай для ўвядзеньня згаданых санкцыяў сталі масавыя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, а таксама ігнараваньне заклікаў шматлікіх краінаў сьвету пра пачатак дэмакратызацыі грамадзкага жыцьця ў Беларусі. Міністар міжнароднага гандлю Канады Дэвід Эмэрсан выказаў спадзяваньне, што дадзенае абвастрэньне прынясе спадзяваны вынік – пачатак працэсу дэмакратызацыі Беларусі.

Аднак, відаць, для саміх канадзкіх уладаў стала вялікай нечаканасьцю, што іх рашэньне было скрытыкавана ня толькі афіцыйным Менскам, але й беларускай апазыцыяй.

Недальнабачнымі й беспэрспэктыўнымі назваў эканамічныя санкацыі Канады прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Папоў. Ён зазнчыў, што ажно 60 канадзкіх фірмаў зьвярнулася да ўраду з просьбай ня ўводзіць абмежаваньняў на гандаль зь Беларусьсю, але ўлады не зьвярнулі на гэты зварот увагі.

А. Папоў: Вялікая колькасьць прадстаўнікоў канадзкага бізнэсу сапраўды зьвярталася з такім зваротам да сваіх уладаў, але, на жаль, гэты зварот ня быў улічаны. А патэнцыйныя страты няхай падлічваюць нашыя канадзкія партнэры.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька таксама досыць скептычна ставіцца да ўвядзеньня санкцыяў.

А. Лябедзька: Мы не зьяўляемся прыхільнікамі ўвядзеньня эканамічных санкцыяў. Гэта, па-сутнасьці, рэакцыя на дзеяньні беларускіх уладаў. Гэта непаўнафарматная эканамічная блякада. Права на існаваньне маюць толькі тыя санкцыі, якія спрацуюць супраць дзяржаўнай адміністрацыі.

У гісторыі яшчэ не здараліся прыклады, каб увядзеньне эканамічных санкцыяў пазытыўна паўплывала на сытуацыю ў краіне, супраць якой яны ўводзяцца, – гэта меркаваньне палітоляга Юрыя Чавусава.

Ю. Чавусаў: Эфэктыўнасьць такога інструмэнту вельмі абмежаваная. Як сродак зьмяненьня сытуацыі гэтыя санкцыі будуць неэфэктыўнымі, і яны ня служаць беларускім інтарэсам. Гэта звычайны сродак выказваньня сваёй пазыцыі. Санкцыі шкодныя, і яны не спрацуюць.

Дадзеныя гандлёвыя абвастрэньні канадзкага боку не датычаць гуманітарнай дапамогі, якая будзе пастаўляцца ў Беларусь. Дарэчы, Беларусь сталася другой краінай пасьля Бірмы, супраць якой Канада ўвяла абмежаваньні на экспарт са сваёй краіны.

Дзьмітры Гурневіч