• Пра беларускую мову, газавы канфлікт і іншыя рэчы
  • 28.12.2006
Завяршаецца 2006 год, неўзабаве сустрэнем новы, 2007-ы. У нашых перадачах паступова падсумоўваем адыходзячы год у розных галінах грамадзкага жыцьця. Якім 2006 год быў для беларускай мовы? Пра мову, узаемасувязь з палітыкай і нацыянальную сьвядомасьць Валера Саўко гутарыць з мовазнаўцам Зьмітрам Саўкам.

У нашай сытуацыі адсутнасьць пагаршэньня зьяўляецца плюсам. Дзяржава ўвесь час падкрэсьлівае як мінімум абыякавасьць да спадчыны ўвогуле як такой, і культурных зьяваў. І ў шэрагу абыякавасьці да культуры стаіць абыякавасьць да мовы. Справа ў тым, што мова – гэта нацыявызначальная рэч. Гэта разумее ў нейкай ступені й Аляксандар Лукашэнка. І пры адсутнасьці дзяржаўнай ідэалёгіі (тое, што на сёньняшні дзень мы маем рэсаветызацыю, нельга назваць ідэялёгіяй) для таго, каб дзяржава магла сьцьвердзіць свой хаця б папяровы сувэрынітэт, для прыкладу, у газавых перамовах, выкарыстоўваецца мова. Прыгадаем, што калі ўзьніклі праблемы газавага, эканамічнага характару, Лукашэнка чарговы раз вяртаецца да такіх каштоўнасьцяў, як мова. Вядомы яго выказваньні, напрыклад, на сустрэчы з украінскімі журналістамі, і зусім сьвежыя пра тое, што беларуская мова – важны складовы элемэнт нацыі.

Паводле вас, гэта толькі словы, ці за выказваньнямі беларускага лідэра пойдуць нейкія канкрэтныя рашэньні па пытаньню беларускай мовы? Хачу прыгадаць, што беларускія чыноўнікі вядомыя тым, што адразу ж выконваюць загад выйшэйшага начальства.

Чыноўнікі дастаткова разумныя, каб ведаць, дзе прафілоніць. Гэта, як добры жаўнер: ён адразу ня будзе выконваць загаду, а, так скажам, ацэніць сытуацыю, наколькі гэты загад сур’ёзны, ці ён ня ёсьць нейкім хвілінным імпульсам камандзіра. Мне здаецца, што чыноўнікі ўсьведамляюць, што гэта імпульс. Ім безь беларускай мовы добра жывецца, і ня думаю, каб яны штосьці тут рабілі. Калі б былі сапраўды вельмі сур’ёзныя зрухі ў гэтым накірунку, мы б з вамі іх пабачылі – гэта па-першае. А па-другое, рэакцыя была б імгненнай. А так... Служкі добра ведаюць свайго гаспадара, і чаго ня зробіш, каб чарговы раз пазаігрываць. І таму ніякіх вялікіх высноваў на гэты конт ня варта рабіць. Я ня думаю, што нешта памяняецца.

А можа першыя сымптомы зьменаў паявяцца пасьля такго, як Расея сапраўды перакрые газавы вентыль?

Мы ўжо бачылі, што любыя непаразуменьні з Расеяй пераўтвараюцца ў квазі-нацыяналістычную рыторыку. Ёсьць нешта такое, і перабольшваць значэньне ня варта. Аляксандар Лукашэнка быў першым, хто ўносіў бел-чырвона-белы сьцяг у залю парлямэнту. Ён жа адмяніў гэты сьцяг... Так што ня варта каньюнктурныя крокі ўзводзіць у ранг зьмены палітыкі. Зьмены палітыкі, я думаю, ня будзе...

... гаворыцца, што мужчына мяняецца бадай што кожныя 9 гадоў...

Ня ведаю, не лічыў /сьмех – заўв. рэд./. Я мяняюся, Аляксандар Лукашэнка мяняецца, думаю, што й вы мяняецеся – гэта, несумненна, так. Аднак ёсьць нейкія падставовыя рэчы... У нашага кіраўніка – гэта папулізм. Калі ён адчуе, што гэта выгодна – натуральна, ён будзе гэта рабіць. Для нашага лідэра беларуская мова асацыюецца зь вёскай, зь якой ён выйшаў, і я ня думаю, што ў яго зьменіцца нейкае эмацыйнае стаўленьне да беларушчыны, сутнаснае стаўленьне, таму што яно закладаецца на падсьвядомым узроўні.

Неўзабаве наступіць 2007 год. Калі гаварыць пра беларускую мову... Вы – аптыміст, пэсыміст ці, паводле вас, статус беларускай мовы ня зьменіцца?

Ня думаю, каб што небудзь памянялася. Прыкладна тое самае будзе заставацца. З другога боку, гэта ня так кепска. Я размаўляю толькі на беларускай мове, і практычна не сутыкаюся з выпадкамі непрыманьня, што раней здаралася значна часьцей. Мала таго, у кожным трэцім выпадку мне адказваюць таксама па-беларуску. Відаць, штосьці мяняецца ў галовах людзей, відаць, усё ж такі фармуецца нацыя. І не дзякуючы ўладам, а празь існаваньне гэтых уладаў сэпаратна ад Расеі. Несьвядома нашая дзяржава ў галовах грамадзян умацоўвае, што ёсьць такая нацыя, а значыцца, павінны быць прыкметы нацыі. А найважнейшая прыкмета нацыяі – гэта мова.

Мне здаецца, што прэзыдэнт Беларусі на Новы год выступіць па-беларуску. Што вы думаеце па гэтаму пытаньню?

Калі Масква ня прыйме ўмоваў Беларусі ў перамовах па газу, дык беларускамоўнасьць выступу Аляксандра Рыгоравіча рэзка павышаецца.

Дзякуй за гутарку.

З мовазнаўцам Зьмітрам Саўкам размаўляў Валера Саўко.