• Насьценны супраціў
  • 29.12.2006
Насьценны супраціў

Пасьля неадназначнага стаўленьня з боку грамадзкасьці да палітычных насьценных надпісаў, прадстаўнікі моладзевых аб’яднаньняў асвойваюць новы від вулічнай агітацыі – трафарэты. Тэму дасьледуе наш карэспандэнт.

Тыдзень таму ў Магілёве затрымалі моладзевых актывістаў, адзін зь іх – непаўнагадовы Максім Азараў – быў зьбіты міліцыянтамі. Пазьней дактары паставілі дыягназ: садно мяккіх тканак галавы й шыйнага аддзелу пазваночніку. Прычынай столь жорсткіх дзеяньняў міліцыі сталіся выявы “МФ не спыніць”, нанесеныя праз трафарэт на сьцены дамоў. У пастарунку на хлопцаў склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні.

Моладзь усё часьцей зьвяртаецца да розных формаў вулічнай актыўнасьці. У сучаснай Беларусі шырокую вядомасьць набылі шматлікія насьценныя графіці з патрабаваньнямі свабоды палітвязьням, пытаньнямі пра зьніклых палітыкаў. Апошнім часам на гарадзкіх будынках акрамя звыклых палітычных надпісаў можна таксама бачыць і стэнсілы або, як іх яшчэ называюць, трафарэты. Для нанясеньня такіх выяваў не патрабуецца шмат часу, таму яны дастаткова папулярныя ў краінах, дзе парушаюцца нормы дэмакратыі, а малюнкі на палітычную тэматыку могуць спрычыніцца да арышту.

Віталь, які займаецца трафарэтным мастацтвам, мяркуе, што апазыцыйнай моладзі варта замест звыклых насьценных надпісаў ужываць стэнсілы.

Віталь: Дзеячы нашага падпольнага руху чамусьці больш схільныя маляваць так званыя графіці, якія выклікаюць у мяне пэрсанальна даволі адмоўныя эмоцыі. Здаецца, яны псуюць сьцены. Я думаю, у звычайных грамадзянаў такія ж самыя настроі. Яны намагаюцца зрабіць гэта як мага хутчэй, як мага меншымі мастацкімі затратамі, выглядае неахайна. У стэнсілах прываблівае сама форма, таму што стэнсіл – гэта ня толькі малюнак, ня толькі палітычны слоган. Адначасова гэта спалучэньне палітыкі й мастацтва ў адным. Тэхнічна робіцца файл на кампутары з дапамогай праграмы Фаташоп, потым выразаецца канцылярскім нажом на плястыку, бярэцца балён, які набываецца на бліжэйшым аўтамабільным рынку альбо гіпэрмаркеце, усё гэта складаецца ў торбу праз плячо. Ідзем і малюем.

На выбар тэмы будучага трафарэту ўплывае месца, у якім ён зьявіцца. Пры гэтым маладыя аўтары не абмяжоўваюцца выключна палітычнай тэматыкай.

Віталь: Звычайна менавіта месца спараджае канцэпцыю трафарэту, а не наадварот. Таму спачатку мастак бачыць месца й потым у яго нараджаецца пэўная ідэя. Малюнкі мы робім на тэмы, якія хвалююць нас у штодзённым жыцьці – гэта 75% беларускага радыёвяшчаньня, палітычныя працэсы, якія адбываюцца ў нашай краіне, разбурэньне Верхняга гораду ў Менску. Набор тэмаў бясконцы: можна рабіць жарты са сваіх сяброў, добрая форма для віншаваньняў. Рэакцыя праходзіць па інтэрнэт-форумах.

Беларускае трафарэтнае мастацтва пачынае асьцярожна разьвіваецца, і ўжо ёсьць пэўныя посьпехі, – кажа Віталь.

У Эўропе трафарэты выкарыстоўваюцца зь сярэдзіны XV стагодзьдзя, першапачаткова іх ужывалі ў друку. Сёньня ж стэнсілы – частка вулічнай культуры, некаторыя малюнкі прызнаныя вартымі з мастацкага гледзішча. У іхных аўтараў розныя матывацыі выхаду ў грамадзкія месцы. Адна з найбольш важкіх прычынаў стварэньня малюнкаў пад адкрытым небам – вялікая аўдыторыя, непараўнальная з колькасьцю наведнікаў галерэяў ды музэяў.

Андрэй Мікалаеў, Радыё Палёнія, Магілёў

(фота з сайту banksy.co.uk)