• Адкуль пайшла назва Беларусь?
  • Audio3.03 MB
  • 01.02.2009

 

Для кожнай дзяржавы назва гуляе вельмі важную ролю, гэта як імя для чалавека. Сёньня мы вырашылі пацікавіцца тым, адкуль паходзіць назва Беларусь.

З даўніх часоў увагу гісторыкаў прыцягвае назва Русь, а таксама спалучэньне гэтай назвы з колерамі, як, напрыклад, Русь Чорная, Чырвоная і, канечне, Белая. Доўгія гады дасьледчыкі спрабавалі растлумачыць паходжаньне й значэньне гэтых назваў. Адным з тых, хто сыстэматызавана працаваў над высьвятленьне назвы Белаая Русь – Беларусь, зьяўляецца вядомы гісторык Алег Латышонак, які шмат гадоў займаецца вывучэньнем гісторыі Беларусі. Калі ўпершыню сустракаецца назва Белая Русь? Калі ўпершыню гэтая назва атаесамляецца зь землямі сёньняшняй Беларусі? Па сёньняшні дзень працягваюцца спрэчкі адкуль паходзіць гэтая назва: некаторыя кажуць пра ўсходняе паходжаньне, некаторыя пра заходняе.

Алег Латышонак: Першая згадка пра Белую Русь знаходзіцца ў геаграфічным трактаце "Апісаньне зямель" з паловы 13-га стагодзьдзя. Там няма прывязкі да ніякага канкрэтнага месца, таму ўсе спрачаюцца па сёньняшні дзень, што гаэта за Белая Русь і дзе яна знаходзіцца. Самая старая згадка, блізкая да Беларусі, якую можна датаваць, знаходзіцца ў польскай Кроніцы Яна Чарнкоўскага, дзе ўспамінаецца пра Полацак – крэпасьць у Белай Русі. Гэта канец 14-га стагодзьдзя. Вельмі доўга лічылася, што Беларусь – гэта ўсходняя назва, але ад моманту, як Генадзь Сагановіч сыстэматызаваў зьвесткі па гэтым пытаньні, маем яснасьць, што гэта заходняя назва. Усе першыя згадкі вядомыя з заходняй – лацінскай ці нямецкамоўнай літаратуры. Таму ўсходняе паходжаньне, зьвязанае з татарамі, трэба адкінуць. Няма на гэта ніякіх доказаў.

Што азначала назва Белая Русь для заходняга сьвету й для мясцовых людзей? Як яе можна растлумачыць?

Алег Латышонак: Тлумачэньне можна шукаць у латыні, дзе белым колерам азначалі кагосьці прыязнага, сяброўскага.  Але гэта было толькі пачаткова, пасьля назва перапісвалася, ствараліся новыя Чорныая ды Чырвоныя Русі. Увогуле заходнікі на ўсходзе заўсёды памяшчалі краіны зь яснымі назвамі: Альбаны, Аляны, і фактычна Белая Русь – гэта такая далёкая. Чым лепш пазнавалі Русь, тым далей была яна на ўсходзе. Калі гэтая назва прыйшла да нас, то ня мела ніякага сэнсу. Я спрабую яе растлумачыць тым, што ва ўсіх індаэўрапейскіх мовах белае азначае высокае, нейкі пік. Гатая назва прыжылася на тэрыторыі, якая раней называлася проста верх, там, адкуль цякуць рэкі.

Як здарылася, што назва выкарыстоўвалася на Захадзе, а прыжылася на Ўсходзе?

Алег Латышонак: Па-першае, гэты працэс доўга трываў. Ад паловы 13-га стагодзьдзя да часу, калі сустракаюцца першыя ўзгадкі, ажно да 16-га стагодзьдзя ў нас практычна ніхто не карыстаўся такой назвай. Толькі чужаземцы гэтую назву выкарыстоўвалі. Гэтая краіна, дзе пасьля прыжылася назва Белая Русь, называлася ў ВКЛ проста Русьсю ў дачыненьні да тэрыторыяў над Дняпром і па Дзьвіне. У другой палове 16-га стагодзьдзя вучоныя людзі ўжо ведалі польскую літаратуру, а менавіта палякі першымі сталі стала памяшчаць Белую Русь на ўсходзе ВКЛ. Ад іх перанялі беларускія інтэлектуалы, і назва прыжылася. Гэтая назва была прынятая ў 70-80-я гады 16-га стагодзьдзя, у час вайны з Масквою. Менавіта тады назва Белая Русь часта паўтаралася ў розных трактатах і, я  думаю, паспрыяла таму, што й мясцовыя жыхары сталі гэтай назвай карыстацца.

Ці яна не канкуравала з назвай «Літва», «ліцьвіны»?

Алег Латышонак: Не, паколькі Падзьвіньне й Падняпроўе ніколі Літвою не называлася, нават не лічылася Вялікім Княствам. Быў звычай пісаць ВКЛ і Белая Русь асобна. Шмат хто ў Беларусі лічыць, што трэба, каб Беларусь называлася Літвою, але мае дасьледаваньні паказваюць, што Літва мела акрэсьлены абршар – гэта Наваградак, Вільня, Менск, а іншыя тэрыторыі Літвою не называліся. Паўночны Захад сёньняшняй Беларусі – гэта была Літва, а ўвесь Усход – гэта была Белая Русь. 

Наколькі назва Белая Русь гістарычна заканамерная для сёньняшняй Беларусі?

Алег Латышонак: Безумоўна, іншай назвы я сабе нават не ўяўляю. Магчыма, што калі фармавалася нацыя, карысна было ўзяць і ншую назву, як украінцы ўзялі сабе, хаця былі русінамі. Можа быць, лепей было б узяць такую, якая лепш аб'ядноўвала б ліцьвінаў католікаў і праваслаўных русінаў. Але гістарычнае разьвіцьцё было такое, што назва Белаля Русь вельмі хутка ўсталявалася на ўсходзе, а пасьля ўсе землі ВКЛ пасьля Люблінскай вуніі сталі цягнуцца да гэтай Белай Русі. Пад канец 18-га стагодзьдзя назва Літва выцясьнялася зь Меншчыны й Наваградчыны за Нёман. Гэтыя тэрыторыі сталі называцца спачатку рускімі, а пасьля сталі беларускімі.

Назва Беларусь мае заходняе паходжаньне. Напрыканцы 16-га стагодзьдзя яе пачынаюць выкарыстоўваць жыхары ўсходніх земяляў ВКЛ. З таго часу паступова гэтая назва прыжылася й спачатку ў 1918, а потым у 1991 годзе была выбраная назвай новай дзяржавы: Беларускай Народнай Рэспублікі ды  Рэспублікі Беларусь.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч