• Урад плянуе здабываць торф у заказьніках эўрапейскага значэньня. Эколягі супраць
  • 25.07.2011

Беларускія эколягі заклікаюць улады адмовіцца ад плянаў здабычы торфу на важных прыродаахоўных тэрыторыях. У пятніцу сябры экалягічных агранізацыяў абмяркоўвалі гэтае пытаньне з прадстаўнікамі ўраду.

17 чэрвеня Рада міністраў Беларусі падпісала пастанову, згодна зь якой тэрыторыі 8 заказьнікаў будуць скарочаныя ў мэтах здабычы торфу. Удзельнікі Форуму беларускіх экалягічных арганізацыяў, які ў чэрвені прайшоў у Бярэзінскім запаведніку, накіравалі прэм’еру Беларусі ліст з заклікам перагледзець рашэньне. У адказ эколягі былі запрошаныя на сустрэчу.

У пятніцу ў Міністэрства энэргетыкі прыехалі прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, “Зялёная сетка”,  “Экадом”. Урад прадстаўлялі супрацоўнікі Міністэрства энэргетыкі, Мінпрыроды, Акадэміі Навук.

Чыноўнікі не змаглі прадставіць эканамічных довадаў у падтрымку торфаздабычы на запаведных тэрыторыях. Канкрэтных вынікаў ад сустрэчы дасягнуць не ўдалося – канстатуе сяброўка экалягічнага таварыства “Зялёная сетка” Тацьцяна Гацура. 

Т. Гацура: Прадстаўнік Міністэрства аховы прыроды адкрыта заявіў, што ня мае эканамічных высноваў, згодна зь якімі будзе весьціся рэалізацыя гэтага праекту. Нам запрапанавалі прадставіць нашыя ўласныя прапановы ды эканамічныя разьлікі ў панядзелак-аўторак. Нам прапанавалі за выходныя зрабіць працу, на якую навуковыя калектывы трацяць месяцы! Мы папрасілі месяц часу, а таксама эканамічныя разьлікі ўраду, каб нам было з чым працаваць. Усе ведамствы адказалі, што дакумэнтаў яны ня маюць і адаслалі нас да прадстаўнікоў Міністэрства прыроды, хаця яны пяць хвілін перад гэтым ужо заявілі, што такіх дакумэнтаў у іх няма.

Эколягі намераныя выслаць на імя прэм’ера новы зварот, каб вярнуцца за стол перамоваў з прадстаўнікамі ўраду.

Навошта ўлады вырашылі здабываць торф на тэрыторыях, якія раней знаходзіліся пад аховай? Урад прыняў такое рашэньне ў рамках кампаніі па “забесьпячэньні энэргетычнай бясьпекі краіны”. Акрамя таго чыноўнікі лічаць, што знайшлі самае выгоднае й таннае паліва для цэмэнтных заводаў, якія плянуюць пабудаваць у Беларусі – тлумачыць кіраўнік грамадзкай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Віктар Фянчук.

В. Фянчук: Цэмэнтная вытворчасьць патрабуе шмат цеплавой энэргіі. Калі паўстала пытаньне, дзе яе знайсьці, то самым простым адказам быў : “Давайце выкарыстаем торф!” Я думаю, што з гэтай прычыны была распрацаваная праграма па пашырэньні торфаздабычы.

Рашэньне здабываць торф у заказьніках ня мае эканамічнага абгрунтаваньня – тлумачаць эколягі.  40 беларускіх тарфяных радовішчаў эксплюатуюць сёньня 25 прадпрыемстваў. Прыбытковых сярод іх– толькі 5, прычым працуюць яны на экспарт, а не на забесьпячэньне патрэбаў Беларусі ў энэргарэсурсах.

Затое страты ад такога рашэньня відавочныя. Па-першае гэта прывядзе да зьнішчэнья экасыстэмаў, якія адыгрываюць важнейшую ролю ў падтрыманьні стану навакольнага асяродзьдзя ў Беларусі – тлумачыць Віктар Фянчук.

В. Фянчук: Балоты адыгрываюць вельмі важную ролю ў падтрыманьні балянсу вады. Яны назапашваюць ваду больш эфэктыўна, чым рэкі ці азёры, а пазьней паволі аддаюць яе менавіта ў тыя пэрыяды, калі адчуваецца яе недахоп. Балоты падтрымліваюць кліматычную раўнавагу. Яны назапашваюць шмат парніковых газаў і тым самым запавольваюць кліматычныя зьмены. Яны падтрымліваюць тэмпэратурны балянс. Запасы вады ў балотах прадухіляюць рэзкія перапады тэмпэратуры.

Сярод 8 заказьнікаў, якія ўрад вырашыў “абрэзаць” і аддаць пад здабычу торфу, знаходзяцца аб’екты эўрапейскага значэньня.

В. Фянчук: Галубіцкая пушча – гэта тэрыторыя важная для птушак. Балота Марочна – гэта важная для птушак тэрыторыя міжнароднай значнасьці. Заказьнік Выганашчанскае – гэта водна-балотнае ўгодзьдзе й тэрыторыя для птушак міжнароднай значнасьці. Торфаздабыча на гэтых тэрыторыях безумоўна адаб’ецца на іх мажлівасьцях падтрымліваць папуляцыю птушак, падтрымліваць іх функцыянаваньне як здаровых экасыстэмаў.

Заказьнікі былі створаныя рашэньнем ураду не так шмат гадоў таму. Пазбаўленьне ўнікальных тэрыторыяў ахоўнага статусу будзе праявай велізарнай непасьлядоўнасьці ўладаў. Яно вельмі моцна ўдарыць па  міжнародным іміджы Беларусі, бо ў аднаўленьне беларускіх балотаў уклалі свае сродкі самыя аўтарытэтныя міжнародныя прыродаахоўныя фонды – тлумачыць эколяг Віктар Фянчук.

В. Фянчук: На ахову прыроды ў гэтых заказьніках былі выдзеленыя міжнародныя сродкі. Напрыклад, у рамках міжнароднага праекту, які фінансаваўся Глябальням экалягічным фондам, быў адноўлены гідралягічны рэжым балота Марочна. Гэтыя працы былі скончаныя ўсяго некалькі гадоў таму. Сродкі былі выдзеленыыя пад гарантыі дзяржавы. А зараз адной пастановай усё гэта можа быць зьнішчана.

Эколягі падкрэсьліваюць, што пастанова Рады міністраў, якая датычыцца здабычы торфу на ахоўных тэрыторыях, прынятая з парушэньнем міжнародных канвэнцыяў і беларускага заканадаўства. Яны спадзяюцца працягнуць дыялёг з уладамі й дамагчыся адмены гэтага рашэньня.

 Аляксандар Папко