Добры дзень, шматпаважаныя слухачы!
Выказваю сардэчную падзяку за лісты, якія на працягу мінаючага тыдня прыйшлі на абанэнцкую скрынку № 45 і на электронны адрас dopis@tut.by.
Сёньняшні выпуск “Рэдакцыйнай пошты” я пачну з “Пары слоў для DX-істаў”.
Пажар, які ўзьнік пасьля кароткага замыканьня, стаў прычынай падзеньня верхняй часткі тэлерадыёвяшчальнай вежы ў горадзе Хагерсмілдэ на ўсходзе Нідэрландаў. 300-мэтровая пабудова была адной з самых высокіх у краіне. У выніку падзеньня вежы трансьлятары перасталі працаваць. Большая частка Галяндыі засталася без радыёперадач в FM-дыяпазоне. Станцыі апэратыўна перайшлі на вяшчаньне анлайн, праз кабельныя сыстэмы і на сярэдніх хвалях.
Шаноўнае спадарства!
У апошнія тыдні я актыўна пацьвярджаю рапарты аб прыёме. Высланы QSL у розныя куткі Беларусі. Да канца ліпеня будзе адпраўлена некалькі дзясяткаў пацьверджаньняў. У першую чаргу, яны паляцяць на поўдзень – у Гомельскую вобласьць. Тут у Буда-Кашалёўскім раёне пражывае найбольш актыўны беларускі радыёаматар Сяргей Балбасаў. Перад гэтым слухачом маю вялізарны доўг: трэба запоўніць мноства QSL-картак.
Дарэчы, надоечы спадар Балбасаў вывучаў умовы прыёму беларускамоўных вяшчаньняў ў памежжы. Дзеля гэтага ён зьдзейсьніў DX-экспэдыцыю ў Бранскую вобласьць. У гарадзкім пасёлку Вышкаў два дні запар наш сябра актыўна маніторыў эфір Беларускай рэдакцыі Польскага радыё для замежжа.
Вынікі гэтай працы Сяргей Балбасаў прадставіў у адмысловай тэлефоннай справаздачы. Папяровыя рапарты з рэзультатамі праслухоўваньня наш прыхільнік паабяцаў прыслаць у жніўні.
Я ад усёй душы дзякую спадару Балбасаву за такую важную справу. Хачу падкрэсьліць, што радыёаматар зрабіў DX-экспэдыцыю па сваёй ініцыятыве і за ўласны кошт. Такая ахвярнасьць дзеля Польскага радыё для замежжа ўражвае. Яна дэманструе, што ў нас ёсьць незвычайна адданыя сябры.
Пераходжу да агляду прыёму, які Сяргей Балбасаў ажыцьцяўляў недалёка ад беларускай мяжы. Для праслухоўваньня ён выкарыстоўваў прыёмнік “Grundig 5408”. Гэты апарат мае палутарамэтровую тэлескапічную антэну.
20 ліпеня спадар Балбасаў пачаў маніторынг з частаты 11955 кілягерц. Ён слухаў яе з 13.30 да 14.00 UTC. Сіла сыгнала была вельмі вялікая, назіраліся нязначныя перашкоды ад іншых станцый, а заміраньні сустракаліся толькі зрэдчас. У выніку паводле SINPO атрымалася вось што: 54544.
Далейшую частку гадзіннай перадачы радыёаматар лавіў на частаце 15480 кГц. Узровень чутнасьці зьдзівіў Сяргея Балбасава. Адны “пяцёркі”!
Рэтрансьляцыю на 1386 кілягерцах заўважыць не ўдалося. Слухач спрабаваў пачуць нашу перадачу першыя дваццаць восем хвілін.
Расчараваньне віленскай рэтрансьляцыяй пакінула дрэннае ўражаньне, аднак спадар Балбасаў неўзабаве прыняў Польскае радыё для замежжа. Відаць, вы ўжо здагадаліся, што ён злавіў паўгадзінны выпуск на 11760 кілягерцах. Тут з 16.30 да 17.00 UTC пэрыядычна адзначаліся невялікія заміраньні. На думку DX-іста, яны ня зьвязаны з навальніцамі. Выніковыя ацэнкі наступныя: 55544.
А 21-ай гадзіне UTC рэтрасьляцыя на 612 кГц праслухоўвалася, хоць і пры надзвычай кепскіх умовах. Сяргей Мікалаевіч зафіксаваў вельмі моцныя заміраньні і сур’ёзныя перашкоды ад іншых станцый. Таму рэзультаты невысокія: 23422.
21 ліпеня маніторынг працягнуўся. З 13.30 да 14.00 UTC зьдзяйсьняўся прыём на частаце 15480 кілягерц. Сяргей Балбасаў занатаваў, што былі невялікія навальнічныя разрады, якія суправаджаліся нязначнымі затуханьнямі радыёсыгналу. Ацэнкі паводле SINPO выглядалі так: 55444.
Працяг праграмы слухач чуў на 11955 кГц. Усе паўгадзіны быў вельмі ўстойлівы сыгнал безь якіх-кольвечы перашкод. Таму й ня дзіва, што ў рапарце пастаўлены выключна “пяцёркі”.
21 ліпеня на частаце 1386 кГц было дакладна тое ж самае, што і дзень таму. Глуха. З 16.00 да 16.28 UTC ніякі карысны сыгнал не праходзіў.
Выпуск а 16.30 на 11760 кілягерцах прымаўся выдатна, аднак прыкладна зь сярэдзіны перадачы назіраліся невялікія заміраньні і нечаканыя шумы. З тае прычыны спадар Балбасаў выставіў вось такія адзнакі: 55444.
Начная рэтрансьляцыя а 21-ай гадзіне ішла слабенька. Слухач так апісаў 612 кГц: “Моц сыгналу вельмі слабая. Прыёму пастаянна заміналі “Голас Расеі” і нейкая арабамоўная станцыя. Назіраліся глыбокія заміраньні”. Адпаведна ацэнкі паводле SINPO: 23322.
Дарагія сябры! Гляджу на стрэлкі гадзіньніка: на жаль, часу да канца рубрыкі няшмат, таму не пасьпею прааналізаваць чутнасьць у Віцебску, Магілёве, Лідзе і Берасьці. Рапарты аб чутнасьці ў гэтых гарадах склалі Андрэй Гуркоўскі, Яўгенія Цюркіна, Данута Крупіца, Алег Панько.
Паважаныя сябры! Зь нецярпеньнем чакаю ад вас інфармацыю аб прыёме нашых праграм. У адказ я вышлю QSL па звычайнай пошце.
Калі ласка, дарагія сябры, прысылайце лісты і рапарты на абанэнцкую скрынку Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.
Свае допісы вы можаце накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча. З намі таксама можна вельмі апэратыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так: by@polskieradio.pl. Дадатковы адрас: dopis@tut.by.
Наша станцыя пастаянна прысутная ў Інтэрнэце. Таму, прашу вас, рэгулярна наведвайце наш рэдакцыйны сайт у Сеціве. Штодня тут можна знайсьці самую разнастайную тэкставую ды гукавую інфармацыю, а таксама фотаздымкі пра падзеі і факты ў Польшчы, Беларусі, Эўропе ды сьвеце. Адрас web-старонкі ў Інтэрнэце: www.radyjo.net.
Дарэчы, на ёй выкладваюцца тэкставыя вэрсіі “Рэдакцыйнай пошты”. Так што, калі вы не пасьпелі паслухаць агляд карэспандэнцыі, можаце прачытаць яго на радыйным сайце.
З матэрыяламі пра Беларусь можна таксама азнаёміцца на партале польскага грамадзкага вяшчаньня www.polskieradio.pl.
Сярод мноства інфармацыі тут знаходзіцца адмысловы разьдзел “Raport Białoruś”. У ім зьмешчаны навіны, рэпартажы, аналітыка, інтэрвію і блогі журналістаў Польскага радыё для замежжа. “Raport Białoruś” – выдатны польскамоўны мультымэдыйны рэсурс пра беларускія справы. Сардэчна запрашаю чытаць тэксты, слухаць перадачы, глядзець відэа ў гэтым разьдзеле нашага радыйнага партала.
Падрыхтаваў Ю. Сьцяпанаў