На старонках беларускіх эміграцыйных газэт зьмяшчалася інфармацыя пра новыя кніжныя выданьні.
І так, бэрлінская газэта „Раніца”, што выдавалася ў гадох 1939-1945, паведамляла пра 6-е выданьне (на 104 балонках) Беларускай Граматыкі Браніслава Тарашкевіча з 1943 году. Гэта перадрук 5-га выданьня, якое было падрыхтаванае аўтарам да друку ў часе ягонага знаходжаньня ў польскім астрозе. У 6-м выданьні назіраюцца толькі некаторыя зьмены ў правапісе. Яны ўзгодненыя з выдадзеным правапісам Антона Лёсіка, напр. ужываюцца толькі дзеепрыметнікі залежнага стану на -ны і -ты, а дзеепрыметнікі незалежнага стану на -ўшы недапушчальныя. Замест іх часам выкарыстоўаюцца формы з суфіксам -л-(пасівелы, струхнелы). Дапаўненьні й зьмены былі зробленыя Антонам Лёсікам, Канстанцінам Шкуцькам ды Антонам Адамовічам. «Беларуская Граматыка» Б. Тарашкевіча, загадам Генэральнага камісара Беларусі зацьверджаная й дапушчаная да школьнага ўжытку, была выдана ў колькасьці 100.000 экзэмпляраў – паведамлялася на старонках „Раніцы” на пачатку 1944 году.
Другое паведамленьне ў гэтым жа нумары газэты датычыць кніжкі Яна Станкевіча Вучыцца чытаць і пісаць, якая была выдадзена на 48 балонках у Менску ў 1943 годзе Выдавецтвам школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі ў Менску. Аўтары занатоўкі прывялі зьмест кніжкі ды напісалі, што прыстасаваная яна да вучэньня дзяцей у пачатковых школах, у ІІ і ІІІ аддзелах.
Чарговая інфармацыя датычыць "Школы і Жыцьця". Гэта вучнёўскі часопіс для ІІ клясы народнае школы. Апрацаваны для ўжытку ў школах Аддзелам культуры Генэральнага камісарыяту ў Менску й выдадзены на 32 балонках Выдавецтвам падручнікаў і літаратуры для моладзі ў Менску. Асноўнае прызначэньне часопіса – заступіць недахоп падручнікаў і служыць у працы настаўнікам ды вучням. Часопіс быў багата ілюстраваны.
І яшчэ адно паведамленьне на старонках газэты „Раніца” ад 9 студзеня 1944 году, пра чытанку Канстантына Езавітава Беларуская Школа, выдадзеную ў 1943 годзе ў Рызе. Маецца тут на ўвазе 3-е выданьне. Чытанка прызначаная для беларускіх школ. Выйшла яна невялікім накладам, бо толькі ў колькасьці 3000 экзэмпляраў. Зразумела, што гэткага сьціплага накладу хапала толькі дзеля забесьпячэньня беларускіх школ у Латвіі. Тым часам гэткая літаратура запатрабаваная і ў іншых краінах – заўважылі аўтары „Раніцы”.
У 28 нумары часопіса „Вехі”, што выходзіў у Віндсбэрзе ў гадох 1955-1980, за чэрвень 1973 году зьмешчана паведамленьне агенцтва БелТА пра самы старажытны буквар на Беларусі. Пры раскопках старажытнага Бярэсьця ў зрубе жылога дома быў знойдзены самшытавы грэбень, які аказаўся...букваром! На грэбені па-майстэрску выразана старажытная славянская азбука – "кірыліца". На адным баку ў строгай пасьлядоўнасьці разьмешчаны літары ад "а" да "е", а на другім – ад "ж" да "л". Магчыма, што ў тоўшчы зямлі архэолягаў чакае другая частка "нагляднага дапаможніка" з заканчэньнем алфавіта. Кандыдат гістарычных навук П.Ф. Лысенка, які кіраваў раскопкамі, палічыў знаходку ўнікальнай. Гэта самы старажытны падручнік, знойдзены на тэрыторыі Беларусі. Па характары напісаньня літар вучоныя мяркуюць, што алфавіт на грэбені выразаны ў канцы XІІ або на пачатку XІІІ стагодзьдзя.
Самшытавы грэбень-буквар, знойдзены у Берасьцьі, яшчэ адно сьведчаньне пашырэньня пісьменнасьці на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў XІІ-XІІІ стагодзьдзях. Вырабы хатняга ўжытку той эпохі зь ляканічнымі напісамі былі раней выяўлены ў Горадні, Пінску й Віцебску. Але кароткі тэкст на іх звычайна гаварыў толькі аб прыналежнасьці рэчы або ўтрымліваў малітву-заклінаньне – адзначалася на старонках часопіса „Вехі”, што, несумненна, сьведчыць пра факт уважлівага назіраньня за ўсім тым, што адбывалася на бацькаўшчыне.
Ніна Баршчэўская