• Эйшышкі - на старадаўнім тракце зь Вільні ў Кракаў праз Варшаву
  • 10.04.2009


Нашае падарожжа па Салечніцкім раёне я, ўласна кажучы, павіннен быў пачаць з гэтай мясьціны, бо ляжыць яна пры самым уезьдзе ў Летуву. Але я вырашыў пакінуць яе на канец, і вось чаму.

Эйшышкі сталіся знакамітымі на ўсю Эўропу ў 2004 годзе. Пра гэтае мястэчка, дзе жыве толькі каля 3600 чалавек, пісалі польскія, нямецкія ды летувіскія газэты, ня кажучы ўжо пра беларускія. Гаворка ў артыкулах ішла пра вынаходніцтва – вынаходніцтва даўжынёю 3 кілямэтраў, вынаходніцтва, якое пачыналяся на тэрыторыi Беларусі й канчалася на тэрыторыi Летувы.

Быў гэта трубаправод, які цягнуўся а то па дне рачулкі, а то праз чыстае поле, закапаны пад зямлёю ўсяго на 10 см. Дык у чым жа было вынаходніцтва? - паўстае лягічнае пытаньне. А справа ў тым, што галоўным ягоным прызначэньнем была – перакачка сьпірту! Вось такім чынам жыхары сумежных раёнаў адказалі на далучэньне Летувы да Эўразьвязу. Маўляў – гэта наш адказ на зачыненую мяжу, і смагон мы будзем транспартаваць праз трубу.

Згадзіцеся, што спрыт жыхароў пераўзышоў самыя сьмелыя спадзяваньні памежных службаў, якія афіцыйна заявілі, што ніводная кропля па гэтым сьпіртаправодзе не пасьпела праплыць, бо злучэньне раскрылі перад запускам у эксплюатацыю.

Чым жа заслужылі Эйшышкі такую павагу кантрабандыстаў? Мне асабіста здаецца, што ўся справа ў старой гандлярскай мінуўшчыне мясьцінкі, бо знаходзіцца яна на старадаўнім тракце зь Вільні ў Кракаў праз Варшаву. А гэта вам не абы-якая лякалізацыя, таму напрыканцы 19 ст. да другой сусьветнай вайны большасьць жыхароў складалі габрэi, якія займаліся гуртовым гандлем зь Вільняй.

Тут адбываўся гандаль у асноўным збожжам ды свойскай жывёлай. Мястэчка было знакамітае на ўсю ваколіцу, бо кожны чацьвёрты чацьвер месяца адбываліся тут, ад 1672 году, вялікія кірмашы. Мястэчка ў той час займела ад перакупшчыкаў неафіцыйную назву „Віленскае прадмесьце”, бо сюды прыяжджалі перакупшчыкі зь Вільні, каб назапасіцца месяц наперад.

Стратэгічнае разьмяшчэньне вёскі было ўзнагароджана ў 17 ст. каралём і вялікім князем літоўскім Янам ІІІ Сабескім. Вясковая асада атрымала статус гораду, магдэбургскае права і ўласны герб. Яшчэ раней у 15 ст. вялікалітоўскі князь Вітаўт Вялікі заснаваў там касьцёл, які, на жаль, не датрываў да нашых дзён, але на ягоным месцы ў 1846-1852 гадах паўстаў новы касьцёл „Ушэсьця Гасподняга”.

Эйшышкі, між iншым, у паваенны час былі месцам працы беларускага ксяндза Ўладзіслава Чарняўскага, перакладчыка на беларускую мову “Катэхізмоўкі”, “Новага Запавету”, “Кнігі родаў”. Гады ягонага служэньня ў Эйшышках супалі зь летувіскім супрацівам савецкай уладзе. У той час савецкая адміністрацыя лічыла ўсіх мясцовых ксяндзоў патэнцыйнымі супрацоўнікамі лясных братоў, таму а. Чарняўскі неаднойчы атрымліваў позвы ад мясцовага НКВД. Там зь iм неаднаразова праводзіліся гутаркі, мэтай якіх было прадухіліць такое супрацоўніцтва, а можа нават і наладзіць супрацоўніцтва з ворганамі, якое складалася ўсім, хто на такія гутаркі трапляў.

Будынак касьцёлу, у якім неаднаразова праводзіў iмшу а. Уладзіслаў, мураваны, і быў пабудаваны часткова на грошы са зборкі сярод парафіянаў, а часткова за грошы, сабраныя эйшыскім пробашчам Каліноўскім. Дарэчы, фармаваньне гарадка адбылося даволі даўно, яшчэ ў 13 - 14 стагодзьдзях, калі горад падзяліўся на дзьве выразныя часткі – паўночную ды трохі большую паўднёвую. Былы рынкавы пляц з прылягаючымі да яго вулічкамі ў 1969 годзе былі ўнесеныя ў дзяржаўны рэестар помнікаў урбаністычный забудовы.

Што да паходжаньня назвы, існуе зьвязаная зь ёю вельмі цікавая гісторыя, якая схіляе да патранімічнага паходжаньня – ад імя свайго патрона, iнакш кажучы, уладальніка. Паводле старадаўніх хронікаў, назва паходзіць ад жамойцкага князя Эйксіса альбо Эйшыюса – аднаго з трох сыноў Эрдзівіла, які ў 11 ст. у выніку змаганьня з навакольнымі русінскімі (рускімі) князямі адваяваў сабе гэтыя вялікія ўладаньні, якія й падзяліў паміж сынамі. Эйшыюсу дасталяся навакольле сёньняшняй мясьціны, якая сталася сталіцай, атрымаўшы сваю цяперашнюю назву. Доказам тых падзеяў мае буць старое гарадзішча побач з паселішчам, на якім, калі верыць паданьням, калісьці стаяў замак.

Іншым вартым наведаньня будынкам архітэктуры зьяўляецца пабудаваны ў стылі позьняга клясыцызму палац з пачатку 19 ст., які знаходзіцца ў трох кілямэтрах ад Эйшышак у вёсцы Гарнастаiшкі, назва якой паходзіць ад рачулкі Гарнастайкі. Комплекс будынкаў складаецца з палацу, прыбудовы, старога млына, а таксама зернясховішчаў – і быў пабудаваны апошнімі ўладальнікамі – родам Секлюскіх. Двор акаляе парк, які зьяўляецца помнікам прыроды. Незвычайную атмасфэру месцу надаюць менавіта ўзгаданыя млын ды зернясховішча, збудаваныя зь мясцовых валуноў.

Нягледзячы на тое, што комплекс будынкаў патрабуе капітальнага рамонту, настойліва рэкамэндую яго наведаць. Гэта можа быць апошні раз, калі вы ўбачыце яго ў такім стане, бо Летува, увайшоўшы ў Эўразьвяз, пачала актыўна аднаўляць гістарычныя будынкі. Таму, дзякуючы гэтым сродкам, можа праз пару гадоў там паўстане прыцягальны турыстычны аб’ект, такі як адноўлены замак у Нарвілішках. А вы будзеце хваліцца знаёмым сваiмі старымі здымкамі.

Уладзімер Міхневіч