• Суадносіны паміж мовай і нацыянальнай тоеснасьцю - 2
  • 13.05.2009

У багатым друку беларускай эміграцыі, апрача палітычна-нацыянальных пытаньняў, вельмі часта абмяркоўвалася сытуауцыя беларускае мовы: яе актуальнага стану, магчымасьцяў разьвіцьця ды значэньня для захаваньня беларускай нацыі. І менавіта гэты апошні апэкт зьяўляецца тэмай гутаркі НБ.

У 1954 годзе на старонках мюнхэнскай газэты „Бацькаўшчына” паявіўся артыкул Алеся Крыгі пад загалоўкам Падвойны працэс русыфікацыі ў БССР. Аўтар зьвярнуў увагу на перасяленьні беларусаў і напісаў, што гэты працэс вядзе да нацыянальнай сьмерці, таму што расьцярушаньне па цэлай тэрыторыі Савецкага Саюзу ўскладняе захаваньне й разьвіцьцё нацыянальных традыцыяў. У яшчэ горшым сьвятле ўяўляецца будучыня маладога пакаленьня, пазбаўленага магчымасьці навучаньня ў роднай мове, што вядзе да адступленьня ад нацыянальных каштоўнасьцяў ды поўнага ўключэньня ў жыцьцё расейскае нацыі. У сваю чаргу ў Беларусі паяўляецца ўсё больш расейскага элемэнту, разьвіваецца расейскае школьніцтва, што таксама вядзе да русыфікацыі Беларусі.

Адным бокам гэтае русыфікацыі ёсьць само ўжо аслабленьне беларускага нацыянальнага патэнцыялу шляхам высяленьняў зь Беларусі вялікае колькасьці ейных карэнных жыхароў – Беларусаў і насаджэньне на іхнае месца элемэнту чужога, расейскага. Другім бокам гэтае русыфікацыі ёсьць факт, што выселеныя ці пераселеныя Беларусы зьяўляюцца асуджаныя на хуткую асыміляцыю, а населеныя на Беларусі Расейцы ня толькі пад працэс асыміляцыі падпасьці ня могуць, але, наадварот, становяцца місіянэрамі русыфікацыі.” (Алесь Крыга – псэўданім Станіслава Станкевіча, Падвойны працэс русыфікацыі ў БССР, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 27 чэрвеня 1954, №№ 24-25 (206-207), с. 4)

Аднак, нягледзячы на ўсё, беларуская мова жыве – адзначаюць аўтары эміграцыйных выданьняў. Яна выціснутая са школ, з адміністрацыі, але захавалася пад „саламянай страхой”. Працягваецца змаганьне за беларускую мову – пішуць публіцысты часопіса „Беларуская Праўда”, які выдаваўся ў Віндсбэрзе, і зьвяртаюць увагу на ўзбагачэньне беларускай літаратурнай мовы лексікай, пачэрпнутай зь беларускіх гаворак, ды перасьцерагаюць перад нячыстымі намерамі Масквы, якая, паводле часопіса, пакінула сфэру выкарыстаньня беларускае мовы ў мінімальнай ступені толькі з боязі перад тым, што будзе абвінавачанай у вынішчэньні нацыянальных моваў. (Беларуская мова, у: „Беларуская Праўда”, кастрычнік 1972, № 12, Віндсбэрг, с. 10)

Паявіліся нават погляды, што захаваньне беларускае мовы ў форме беларуска-расейскага жаргону таксама мае на мэце хутчэйшую асыміляцыю беларусаў. Гэтак сьцьвярджае Мікола Вольны на старонках газэты „Бацькаўшчына” ў артыкуле пра мову беларускіх выданьняў. „Асноўная мэта гэтых газэтаў – хутчэйшая маскалізацыя Беларусаў.” (М. Вольны – псэўданім Міколы Панькова, Аб прэсе ў Савецкай Беларусі, у: „Бацькаўшчына”, 25 сакавіка 1952, № 21 (100), Мюнхэн, с. 2-3)

Таксама Тамаш Грыб – вядомы дзеяч Беларускай Народнай Рэспублікі ды аўтар гістарычна-публіцыстычнага часопіса „Iskry Skaryny”, які выдаваўся ў Празе ў гадох 1931-1935 – піша пра злоўжываньне паняцьцем беларусізацыя, што, паводле яго, павінна ўмоцніць дыктатуру дзяржаўнага апарату. „Kab dziarżaunyja uradoucy–biurokraty, viedajuczy biełaruskuju movu, sprytniej i czym chutczcej mahli abduryć biełaruskaha sielanina i rabotnika, zbianteżanaha intelihienta, dy macniej zacisnuć biełaruski narod u żaleznyja abcuhi kalonijalnaha vyzysku. Niachaj sabie, maulau, i u biełaruskaj movie havorać, piszuć i drukujuć – heta nie vażna, aby tolki źmiest byu ahulnaruski, vialikadziarżaunicki.” (Tamasz Hryb, „Iskry Skaryny”, lipień 1931, № 1, Praha, s. 5)

Тамаш Грыб адзначыў, што беларусізацыя мае немалое гістарычнае значэньне, таму што сьведчыць пра перамогу беларускае стыхіі. Нельга аднак аддзяліць мову ад спосабу мысьленьня, таму беларусізацыя ня можа зводзіцца толькі да навучаньня беларускае мовы. Неабходна будаваць самастойную беларускую культуру, незалежную дзяржаўнасьць Беларусі. Аднак такое вырашэньне не магло падабацца расейскім бальшавікам – уважае Тамаш Грыб.

Jany użyli hrubaje nasilstva, kab uchilić pahrozu niebiaśpieki rujnacyi ich kalonijalnaha panavannia na Bielarusi; szerah wydatniejszych biełaruskich kulturnych pracaunikou apynulisia za vastrożnymi kratami. Im kinuta abvinavaczańnie u „idealohicznym szkodnictvie”, „nacyjanał-demakratyźmie” i „zdradzie”. Bolsz taho: im kinuta abvinavaczańnie i u tym, szto, maulau, jany prydumali niejkuju biełaruskuju „samabytnaść”. (Тамсама, с. 6)

Каб абараніць беларускую мову ад прымусовай русыфікацыі, трэба ня толькі адкінуць тыя моўныя рысы, якія засьмечваюць беларускую мову, але старацца разьвіваць і пашыраць тыя асаблівасьці, якіх мова была пазбаўленая ў выніку прадуманай русыфікацыі. Неабходна падкрэсьліваць самастойнасьць беларускае мовы ды сьвядома паглыбляць адрозьненьні паміж ёю й мовай расейскай. (Станіслаў Станкевіч, У вабароне роднае мовы, у: „Бацькаўшчына”, 29 чэрвеня 1952, №№ 25-26 (104-105), Мюнхэн, с .6-7)

Публіцысты эміграцыйных выданьняў адзначалі таксама ўплыў нацыянальнае сьвядомасьці на разьвіцьцё літаратурнае мовы. Для разьвіцьця мовы вялікае значэньне мае нацыянальная сьвядомасьць насельніцтва, якое жыве кампактна на вялікай тэрыторыі. У выпадку Беларусі несумненным мінусам была адсутнасьць сапраўдных палітычных межаў. Яна была адкрытая на чатыры напрамкі сьвету. Гэтая небясьпека яшчэ павялічвалася ў сувязі з тым, што суседзі беларусаў – расейцы й палякі – карыстаюцца вельмі блізкімі мовамі, пры гэтым больш нармалізаванымі. Каб паслабіць уплыў суседніх народаў, трэба вялікую ўвагу ўдзяляць разьвіцьцю нацыянальнай мовы, стараючыся, па-першае, выдаваць як мага больш кніжак у роднай мове, па-другое, знаёміць грамадзтва зь гістарычнай спадчынай, а па-трэцяе, разбуджаць нацыянальную тоеснасьць. Духовае адраджэньне нацыі магчымае толькі ў межах уласнай дзяржавы й пры ўмове, што ўсе сілы народу будуць скіраваныя на разьвіцьцё свайго, а ня чужога арганізму – напісаў Arhus на старонках літаратурна-навуковага й грамадзкага часопіса „Крывіч”, які выдаваўся ў Коўне з чэрвеня 1923 году па сакавік 1927 году. ( Arhus, Мова ці дыялект, народ ці плема?, у: „Крывіч”, Коўна 1932, № 5, с. 45-48)

Надыдзе той час, калі беларуская мова зойме належнае ёй месца ў сям’і, у грамадзка-рэлігійным жыцьці ды ў адміністрацыі й дыпляматыі – уважаюць публіцысты „Беларускай Праўды”.

З прыведзеных некалькіх прыкладаў выразна бачна, што беларуская эміграцыя зь вялікім клопатам падыходзіла да справы неабходнасьці захаваць і разьвіваць родную мову, таму што яна зьяўляецца адным з чыньнікаў, які прычыняецца да станаўленьня нацыянальнае тоеснасьці.

Ніна Баршчэўская