• 10 кастрычніка 1939 году была падпісаная дамоўленасьць аб перадачы Вільні Літве
  • 09.10.2009

Гэтая дамоўленасьць стала працягам падпісанага 23 жніўня 1939 году сакрэтнага пратаколу паміж фашысцкай Германіяй і СССР аб разьмежаваньні зон агульных інтарэсаў.У артыкуле 1-ым гэтага пратаколу гаварылася аб тым, што інтарэсы Літвы ў дачыненьні да Віленьскай вобласьці прызнаюцца абодвума бакамі.

У выніку падзелу Польшы 18 верасьня 1939 года Савецкія войскі ўступілі ў Вільню. Трэба сказаць, што практычна 20 год перад гэтым 9 кастрычніка 1920 году Вільня была занятая польскімі войскамі пад кіраўніцтвам генэрала Жэлігоўскага й на працягу ўсяго гэтага часу ўваходзіла ў склад Польскай Рэспублікі.

10 кастрычніка 1939 году быў падпісаны дагавор паміж Літвой і СССР, які так і называўся, “Дагавор аб перадачы Літоўскай Рэспубліцы горада Вільні й Віленьскай вобласьці, і аб узаемадапамозе паміж Савецкім Саюзам і Літвой”.

Безумоўна, перадача Вільні Літве не быў крок альтруістычны з боку Сталіна. Гэта было зроблена, па-першая, дзеля таго, каб прывязаць Літву да СССР. Гэта нават было прапісана ў першым артыкуле дагавору: “У мэтах замацаваньня сяброўства паміж СССР і Літвой, горад Вільня й Віленская вобласьць перадаюцца Савецкім Саюзам Літоўскай Рэспубліцы, з уключэньнем іх у склад дзяржаўнай тэрыторыі Літвы”.

Па-другое, каб паменьшыць адмоўнае рэха нападу на Польшчу й паказаць сьвету, што СССР дзейнічаў таксама ў інтарэсах іншых краінаў, якія не ўваходзілі ў ягоны склад. Так аб гэтым казала савецкая прапаганда: “У дагаворы з Літвой Савецкі Саюз праявіў сябе як сапраўдны сябра літоўскага народу, вярнуўшы яму ягоную спрадвечную сталіцу – горад Вільню, які быў захоплены бандыцкім налётам польскай ваеншчыны”.

Па сутнасьці Літва, як і іншыя прыбалтыйскія дзяржавы, была вымушана падпісаць гэтую дамоўленасьць. 3 кастрычніка 1939 падчас перамоваў Молатаў упрост сказаў, што Літва па дамоўленасьці з Германіяй увайшла ў сферу інтарэсаў СССР і, што яе нейтралітэта недастаткова, а яна абавязана падпісаць дагавор сяброўства з СССР.

Згодна з дагаворам, Літва пагаджалася на дыслакацыю на яе тэрыторыі абмежаванага савецкага вайсковага кантынгенту ў складзе 20 тысячаў чалавек, нібыта патрэбнага для абароны інтарэсаў Літвы. На пачатку літоўцы хацелі адмовіцца ад разьмяшчэньня савецкіх войскаў на сваёй тэрыторыі, разумеючы наступствы, але Сталін у адказ паабяцаў перадаць Вільню БССР, а ў дадатак ў баявую гатоўнасьць былі пастаўлены савецкія войскі. Кіраўніцтва Літвы апынулася ў бязвыхаднай сытуацыі й падпісала дагавор.

Ужо 28 кастрычніка ў Вільню ўвайшлі літоўскія войскі, а ў летку 1940 года, пасьля таго як Літва ўвайшла ў склад СССР горад стаўся яе сталіцай.

Варта зазначыць, што ў выніку ўваходу Літвы ў СССР новай савецкай рэспубліцы былі перададзены іншыя часткі БССР. 1-2 кастрычніка 1940 году Літве былі перададзены курорт Друскенікі, Сьвенцяны, чыгуначная станцыя Адутішкіс з навакольнымі вёскамі.

Павал Усаў