• Колькі будзе «Маладых Беларусяў»?
  • Audio2.99 MB
  • 30.11.2009

Актывісты моладзевага руху “Маладая Беларусь” правялі ўстаноўчы сход з мэтаю зарэгістраваць арганізацыю. У выніку высьветлілася, што рухаў «Маладая Беларусь» існуе, як мінімум, два. Лідэр у адным зь іх - Зьміцер Касьпяровіч, у другім – Артур Фінькевіч.
 
Сход, патрэбны для таго, каб зарэгістраваць арганізацыю «Маладая Беларусь» у Мінюсце, адбываўся ва ўмовах кансьпірацыі, як паведамляецца, у адным зь менскіх гатэляў. Паводле Цімафея Дранчука, які называе сябе прэсавым сакратаром руху, журналістаў і гасьцей на ўстаноўчы сход не запрашалі сьвядома, каб не было перашкодаў з боку спэцслужбаў.  «Нават дэлегаты зьбіраліся ў розных месцах сталіцы й даведваліся аб месцы яго правядзеньня за 15 хвілін да пачатку».

Старшынём руху на гэтым сходзе быў абраны Зьміцер Касьпяровіч - за яго прагаласавала 40 прысутных, за кандыдатуру Артура Фінькевіча - 10. Сам Артур Фінькевіч нават ня ведаў, што адбываецца сход. Ня ведалі й іншыя сябры «Маладой Беларусі». Гэта, паводле меркаваньня Фінькевіча, дазваляе сьцьвярджаць, што ніякага правамоцнага сходу не было.

Такім чынам, існуе дзьве «Маладыя Беларусі», адна зь якіх і правяла ўстаноўчы сход. Гэта пацьвярджае Цімафей Дранчук.

Цімафей Дранчук: Ёсьць дзьве групы людзей, кожная зь якіх мае права называцца «Маладой Беларусьсю». Ніхто не квапіцца на людзей Фінькевіча, адпаведна, яны не павінны квапіцца на людзей, што сабраліся на ўстаноўчым сходзе й выбралі Касьпяровіча. Прысутнічалі 53 дэлегаты зь Менску й рэгіёнаў. Былі зацьверджаныя дакумэнты, неабходныя для рэгістрацыі ў Мінюсце.

Якія шанцы, што рух зарэгіструюць?

Цімафей Дранчук: Невялікія. Гэта адна з магчымасьцяў паказаць, у тым ліку й замежнікам, што ніякай лібэралізацыі ў Беларусі няма. Каб яна была, нас мусілі б зарэгістраваць.

Гэта заява ня надта стасуецца з дэклярацыяй пра тое, што актывісты “Маладой Беларусі” зьбіраюцца ўдзельнічаць у мясцовых выбарах у якасьці кандыдатаў і менавіта дзеля рэгістрацыі ім спатрэбіўся ўстаноўчы сход.

Паводле Артура Фінькевіча, Цімафей Дранчук і новаабраны старшыня “Маладой Беларусі” Зьміцер Касьпяровіч былі выключаныя са складу аргкамітэту стварэньня арганізацыі яшчэ 11 красавіка 2009 году. Паводле Зьмітра Касьпяровіча, ён упершыню пра гэта чуе й нагадвае, што “Маладая Беларусь” была створаная 28 верасьня 2008 году, а заснавальнікамі былі сам Зьміцер Касьпяровіч, Артур Фінькевіч ды Цімафей Дранчук. Таму кожны мае на гэты брэнд роўныя правы.

Аляксандар Класкоўскі: Я, паводле спэцыфікі працы, павінен адсочваць інфармацыю, але цяпер пачынаю блытацца ў колькасьці брэндаў. Быццам бы аптымістычны сымптом, што ўсё больш моладзі ўдзельнічае ў палітыцы. Але аптымізм нешта стрымлівае. Складваецца цяжкае ўражаньне, што эпідэмія, характэрная для «дарослай апазыцыі», перакінулася на моладзевы асяродак.

Расьцярушваньне й барацьба амбіцыяў. Каму гэта выгадна? Адказ відавочны. І Артур Фінькевіч, і Зьміцер Касьпяровіч плянуюць прымаць удзел у мясцовых выбарах у якасьці кандыдатаў. Такім чынам, у адной арганізацыі атрымалася, як мінімум, два лідэры.

Аляксандар Класкоўскі: Сярод апазыцыянэраў існуе прымаўка: «Правадыроў шмат, а індзейцаў мала». З шэрагу прычынаў апазыцыйны рух ня можа быць масавым. Людзям страшна ўлазіць у палітыку, і дзейнасьць гэта выглядае ірацыянальнай, бо няма веры, што нешта можна зьмяніць. Застаецца невялікая колькасьць амбітных людзей. На фоне краіны, дзе няма ўмоваў для натуральнага разьвіцьця грамадзкай актыўнасьці. Гэта спараджае канфлікты ў вузкім і маргіналізаваным асяродку.

Што тычыцца рэгістрацыі, дык за апошні час Мінюст не зарэгістраваў аніводнай палітычнай партыі альбо значнай грамадзкай арганізацыі. Варта прыгадаць прыклады праваабарончага цэнтру "Наша Вясна", партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" ды шмат іншых.

Ганна Гарачка