- НББ абвяргае чуткі пра пакупку валюты па пашпарце
- 26.07.2011
У Нацыянальным банку Беларусі не пацьвярджаюць чутак аб магчымым увядзеньні нормы куплі валюты ў абменных пунктах па пашпарце й іншых абмежаваньняў.
Інфармацыя пра магчымыя абмежаваньні на валютным рынку зьявілася ў шэрагу СМІ пасьля заяў, зробленых прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясьніковічам некалькі дзён таму. Ён, у прыватнасьці, заявіў, што ўрад і Нацыянальны банк прапрацоўваюць меры, якія будуць унесены на розьнічным і біржавым рынках з мэтай поўнага кантролю над валютнымі патокамі.
У чэрвені прадстаўнікі бізнэс-колаў накіравалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта праект праграмы першачарговых крокаў па выхадзе з валютнага крызысу. У якасьці адной зь мер па аднаўленьні працы наяўнага рынку валюты прапаноўвалася ўвесьці «разумны дзённы ліміт на продаж валюты ў адным банку на адзін пашпарт грамадзяніна».
БелаПАН/вс