• «Беларусы ў Аргентыне”
  • Audio1.54 MB
  • 18.01.2010

17-я кніга сэрыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны» прысьвечаная беларусам, якіх лёс закінуў у Аргентыну. Але беларуская эміграцыя ў гэтай краіне мела свае адметнасьці.

Зборнік Сяргея Шабельцава называецца «Беларусы ў Аргентыне: грамадзкая дзейнасьць і рээміграцыя ў СССР (1930–1960-я гг.).

У гэтым і ёсьць адметнасьць. У кнізе сабраныя дакумэнты, але шмат успамінаў людзей пра тое, як яны выехалі ў Аргентыну, як ім там жылося. А таксама й пра тое, як яны вярнуліся ў савецкую Беларусь і сталі рээмігрантамі.

Па словах рэдактара кнігі, кандыдата гістарычных навук Натальлі Гардзіенкі, гэта своеасаблівы фэномэн у беларускім жыцьці на Захадзе. Аргентынская беларуская дыяспара адрозьніваецца ад дыяспараў у іншых краінах сваёй ідэйнай скіраванасьцю, пракамуністычным характарам. Зборнік, на думку рэдактара, цікавы ня толькі навукоўцам, але й людзям, якія цікавяцца гісторыяй.

Натальля Гардзіенка, рэдактар: Гэта першая спроба сыстэматызацыі матэрыялаў, прысьвечаных беларускай прысутнасьці ў Аргентыне. Да гэтага часу выдаваліся толькі асобныя ўспаміны. Іх было няшмат. Але сыстэматызавана ніхто іх не зьбіраў. Гэта наватарская праца Сяргея Шабельцава.

Ці шмат беларусаў апынулася ў Аргентыне?

Натальля Гардзіенка, рэдактар: Як з падлікам і ў іншых краінах, тут ёсьць пэўныя праблемы. Вялікая колькасьць беларускаў прыехала туды з Заходняй Беларусі, якая была тады ў складзе Польшчы, у міжваенны пэрыяд. Лік вядзецца на дзясяткі тысяч. Яны сталі героямі кнігі, бо яны склалі значную частку беларускай дыяспары ў Аргентыне. Яны не пасьпелі зьведаць, што такое савецкая ўлада, мелі ілюзіі адносна СССР, у пасьляваенны час знаходзіліся пад уплывам савецкай амбасады. Яны потым вярталіся ў савецкую Беларусь. Іх успаміны, на маю думку, складаюць найбольш цікавую частку кнігі. Матэрыялы ў кнізе зьмешчаныя на беларускай і расейскай мове. Ёсьць дакумэнты й па-ўкраінску, але яны даюцца ў перакладзе.

У прадмове да кнігі зроблены агляд гісторыі стварэньня беларускай дыяспары ў Аргентыне. Кніга складаецца зь некалькіх тэматычных разьдзелаў. Першы раздзел — прысьвечаны працэсу станаўленьня беларускіх арганізацый у Аргентыне, падтрымцы імігрантамі Савецкага Саюзу.

У другім разьдзеле - «Беларускія рээмігранты (1955 — 1960-я гг.) - разглядаецца працэс вяртаньня беларусаў Аргентыны ў СССР.

У апошнім разьдзеле - успаміны рээмігрантаў з Аргентыны, у тым ліку і ўспаміны беларуска-іспанскага перакладчыка, літаратара й праваабаронцы Карласа Шэрмана.

Ганна Гарачка