• "Люблю Беларусь"
  • 03.02.2010

14 лютага, у Дзень сьвятога Валянціна, у Менску ўручаць прэмію “Люблю Беларусь”. Узнагароды атрымаюць асобы, якія зрабілі новы й нестандартны ўнёсак у папуляразыцыю беларусаў і Беларусі, а таксама нацыянальнай ідэнтычнасьці. Прэміі будуць прызнаныя ў васьмі намінацыях.

Ідэя прэміі “Люблю Беларусь” належыць “Маладому Фронту”. Сябры гэтай моладзевай арганізацыі ўручаць прэмію ў наступных намінацыях: змагар году, журналістыка, грамадзкая чыннасьць, спорт, рro-Беларусь, беларусізацыя, культура й палітыка.

Пра ідэю прэміі распавядае адзін зь лідэраў “Маладога фронту” Іван Шыла.

І. Шыла: Ідэя прэміі нарадзілася нядаўна. Мы адчувалі неабходнасьць маштабнага мерапрыемства, каб у адной залі сабраліся тыя людзі, якія маюць дачыненьне да беларушчыны, ахвяруюць сабой і працуюць на гэтай ніве. Мы лічым вартым, каб у Беларусі было мерапрыемства, бо на сёньня такога маштабу й кшталту імпрэз няма.  Я ня ведаю, як у нас атрымаецца. Мы працуем над гэтым, мы спрабуем зрабіць гэтае мерапрыемства якасным. Гэта прэтэнзія на нейкую ўнікальную зьяву ў сёньняшняй Беларусі. Безумоўна, мы не адкрываем нешта новае, бо прэмія – ня наша задума. Але хочам, каб такія людзі ў Беларусі адзначаліся, каб быў нейкі сымбалізм.

Уручэньне прэміі “Люблю Беларусь” будзе праводзіцца замест штогадовых шэсьцяў “МФ” да Дня сьвятога Валянціна. Маладафронтаўцы лічаць, што акцыі былі безвыніковымі, на іх зьбіралася каля сотні чалавек, а міліцыя зьбівала ўдзельнікаў акцыі.

Сярод намінантаў на першую прэмію апынуліся: музыка Андрэй Танкінданг, амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан, эўрадэпутат Яцэк Пратасевіч, журналіст Глеб Лабадзенка, часопіс “34”, рэжысэр “Свабоднага тэатру” Мікалай Халезін, музыка Алег Хаменка, міністар культуры Павал Латушка, лідэр Руху “За Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч, футбаліст Сяргей Крывец, віцебскі апазыцыянэр Сяргей Каваленка.

Паводле Насты Палажанкі, адной зь ініцыятарак ідэі, намінантаў абіралі самі маладафронтаўцы.

Н. Палажанка: Гэта быў супольны працэс Управы Маладога Фронту. Дзякуючы мазгавому штурму абраныя й пераможцы. Гэта своеасаблівае маладафронтаўскае журы. Мы спрачаліся, вырашалі, хто зь іх лепшы. Дыскусіі былі доўгія й цікавыя, у сяброўскай атмасфэры. У выніку мы пагадзіліся і ўжо ведаем імёны пераможцаў.

А якая ўзнагарода прадбачыцца пераможцам прэміі?

Н. Палажанка: Ляўрэаты прэміі “Люблю Беларусь” атрымаюць сваю прэмію ад вядомых дзеячоў культуры й палітычнага асяродку. Уручаць прэмію будуць не маладафронтаўцы, а знакамітыя людзі. Пераможцы атрымаюць статуэткі, зробленыя студэнтамі Беларускай акадэміі мастацтваў. Спадяюся, што падарункам будзе й сымпатыя гледачоў, якая дадасьць імпэту для дзеяньняў на карысьць беларушчыны.

Уручэньне прэміі “Люблю Беларусь” адбудзецца 14 лютага ў менскім гатэлі Crown Plaza. Жадаючыя наведаць імпрэзу мусяць загадзя зарэгістравацца ў арганізатараў. Зрабіць гэта можна праз сайт www.14by.info

Дзьмітры Гурневіч