• Вэстэрн і радэа прыцягвае ўсё больш палякаў (FOTO)
  • Audio6.75 MB
  • 20.06.2010

У Польшчы пачынае разьвівацца новы ў гэтай частцы сьвету, амэрыканскі стыль коннага спорту – вэстэрн і радэа.

Як пераконваюць аматары коннага спорту, гэтым відам, які выводзіцца наўпрост ад працы амэрыканскіх ранчараў, пасьпяхова можна займацца таксама на эўрапейскім кантынэнце, доказам чаго зьяўляюцца першыя посьпехі польскіх коньнікаў.

Больш за 40 коньнікаў, каля 20 дысцыплінаў, коньнікі ў характарыстычнай вопратцы, а таксама відовішчныя паказы працы са скацінай, так у адным сказе можна падсумаваць першыя на Мазоўшы адборачныя спаборніцтвы вэстэрн і радэа.

Надоечы на „Zygi Rarch” ля мястэчка Оструў Мазавецка, што па дарозе з Варшавы ў Беласток, прайшло І-е адкрытытае споборніцтва Астроўскага павету ў стылі вэстэрн і радэа.

Як тлумачыць гаспадар ранча Зыгмунт Шаблоўскі, цягам двух дзён коньнікі змагаліся, як у выключна тэхнічных канкурэнцыях (Trail, Reining, Western Pleasure, Superhorse, Barrel Racing, Pole Bending), так і ў больш відовішчных паказах з удзелам скаціны (Team Penning, Calf Roping, Cutting, Cow Horse).

Зыгмунт Шаблоўскі: Гэтыя спаборніцтвы, гэта наш дэб’ют. Цэнтар „Zygi Ranch” ва Ўгневе арганізоўвае першыя адкрытыя, адборачныя спаборніцтвы перад чэмпіянатам Польскай лігі вэстэрн і радэа. Гэта значыць, што коньнік, які цягам розных адборачных суперніцтваў, што праходзяць па ўсіх рэгіёнах краіны, атрымае дастатковую колькасьць балаў, напрыканцы сэзону зможа ўдзельнічаць у Чэмпіянаце Польшчы, арганізаваным „Польскай лігай вэстэрн і радэа”. Паколькі гэта першае мерапрыемства, я спадзяюся, што гэткія спаборніцтвы на „Zygi Rancz” стануць добрай традыцыяй: імпрэза будудзе разьвівацца, узнагароды будуць больш прэстыжныя, супернікі будуць ахвотна прыяжджаць, падобным чынам, як публіка, якая будзе мець гарантыю прыемна правесьці часу.

- гаварыў уласьнік „Zygi Ranch” Зыгмунт Шаблоўскі.

Спаборніцтва праходзіла пад патранажам „Польскай лігі вэстэрн і радэа” – арганізацыі, якая  аб’ядноўвае аматараў і пачынальнікаў згаданага віду коннага спорту ў Польшчы. Як падкрэсьлівае старшыня лігі Адам Канопка, стыль вэстэрн і радэа – гэта новая ў краіне галіна спорту, якая разьвіваецца даволі апэратыўна.

Адам Канопка: Я сачу за разьвіцьцём гэтай галіны ад 2002, калі палякі пачалі займацца

згаданым спортам на канях польскай гадоўлі. Цяпер яны імпартуюць адмысловыя дзеля гэтага коні амэрыканскай пароды: quater horse. Усё разьвіваецца вельмі дынамічна. Паколькі гэтым спортам займаюцца аматары, маё заданьне – прыцягнуць большую групу публікі й коньнікаў, для якіх гэта нешта новае. „Польская ліга вэстэрн і радэа” супрацоўнічае з подобнымі арганізацыямі па ўсім сьвеце. Напрыклад, у Эўропе ў гэтай галіне лідыруюць: Італія, Францыя, Нямеччына, Швэцыя й Чэхія. Трэнэры, якія прыяжджаюць, каб вучыць палякаў, гэта галоўным чынам чэхі.

Пакуль старшыня „Польскай лігі вэстэрн і радэа” найбольшы шанец для палякаў бачыць у адзінай алімпійскай катэгорыі вэстэрн і радэа – reining. Гэта галіна вэстэрн, якая павінна паказаць спартыўныя магчымасьці каня, што зводзіцца да беспамылковага выкананьня канкрэтных схемаў ходу каня на арэне. Як падкрэсьліваюць спэцыялісты, гэта від коннага спорту, які патрабуе выпрацоўкі абсалютнага кантроля над канём, дэталёвасьці й вытанчанасьці.

Пры гэтым усё адбываецца пры значнай хуткасьці – у поўным галопе. Гэта значыць, што конь і коньнік павінны быць дасканала падрыхтаваныя, – тлумачыць адзін з пераможцаў у канкурэнцыі reining Робэрт Нэйдора.

Робэрт Нэйдора: Падрыхтоўка каня да гэтай канкурэнцыі, гэта як мінімум 18 месяцаў працы. Вядома, што не пачынаем ад выконваньня схемаў праездаў, бо спачатку мусіць адбыцца асноўная праца з канём. У залежнасьці ад вынікаў працы й  здольнасьцяў дадзенага каня, праца папаўняецца на хуткасьць і дэталёвасьць выкананьня манэўраў. Гэта штодзённая праца шэсьць дзён у тыдні. 18 месяцаў, гэта падстава, а пазьней яшчэ шматгадовае ўдасканальваньне.

- тлумачыць Робэрт Нэйдора, трэнэр і адзін зь пераможцаў у галіне reining.

Адной з найбольш складаных канкурэнцыяў, паводле коньнікаў, зьяўляецца Working Cow Horse – значыць праца з каровамі, якія, напрыклад, трэба аддзяліць ад іх стада. А з каровай ніколі нічога невядома, – лічыць Аляксандар Сячын.

Аляксандар Сячын: Найбольш складанае ўсё тое, што неабходнае ў працы з каровамі, бо гэта праца з жывёлай. Гэта складаныя канкурэнцыі ў тэхнічным аспэкце, напрыклад, трэба карову адлучыць ад статку, а пазьней усялякім спосабам не дазволіць ёй  вярнуцца да астатніх жывёлаў. Складанасьць у тым, што карову павінен пільнаваць конь зь мінімальнай дапамогай коньніка. А карова, як карова, ніколі невядома, як будзе сябе паводзіць.

- лічыць Аляксандар Сячын.

Гэта ўжо гучыць сур'ёзна, але сыстэматычная праца дае відавочныя вынікі. Гэта, паводле Дам'яна Ўрачыньскага – судзьдзі „Польскай лігі вэстэрн і радэа”, бачна па ўзроўні коньнікаў, якія ўдзельнічалі ў спаборніцтве на „Zygi Ranch”.

 

Дамян Урачыньскі: Узровень коньнікаў, якія прыехалі на гэтае спаборніцтва, сапраўды высокі. Бачна, што яны шмат трэніраваліся перад гэтым сэзонам. У мінулым годзе ўсе крыху так спыніліся. Узровень быў добры, але безь ніякіх асаблівых неспадзевак. Тым часам сёлета гэты ўзровень намнога вышэйшы. Я таксама задаволены, што магу быць судзьдзёй на гэткіх спаборніцтвах, бо вышэйшы ўзровень цешыць вока. Паяўляецца шмат новых асобаў, новых трэнэраў, якія павялічваюць свае каманды.

- лічыць судзьдзя Дам'ян Урачыньскі, які агулам аптымістычна глядзіць на будучыню згаданага віду коннага спорту ў Польшчы. Тым больш, што, як ён падкрэсьлівае, ужо цяпер замежныя трэнэры з пашанай ставяцца да таго, што ў гэтай галіне ўдалося дасягнуць палякам за такі кароткі час, а й польскія прадстаўнікі на замежных спаборніцтвах займаюць высокія месцы. 

І-е адкрытае споборніцтва Астроўскага павету ў стылі вэстэрн і радэа ва Ўгневе праходзіла пры падтрымцы мясцовых уладаў.

Анна Задрожна