• Абітурыенты, выбірайце!
  • Audio6.51 MB
  • 22.06.2010

Пачатак лета – гэта гарачая пара для выпускнікоў сярэдніх школаў. У часе, калі большасьць людзей пачынае вакацыі й едзе на адпачынак, моладзь з атэстатамі сталасьці ў кішэнях змагаецца за шанец распачаць вышэйшую адукацыю, трапіць на вучобу ў ВНУ. Некаторыя абітурыенты падаюць дакумэнты ў айчынныя ВНУ, іншыя імкнуцца патрапіць на вучобу за мяжу. Таму сёньня мы раскажам, як выглядае навучаньне ў некаторых эўрапейскіх краінах.

У Францыі атрыманьне вышэйшай адукацыі ў прыватных навучальных установах вельмі дарагое, у дзяржаўных - значна таньнейшае. Не сакрэт, што самае дарагое месячнае ўтрыманьне для замясцовага студэнта ў Парыжы. Але студэнты даюць сабе раду нядрэнна, падпрацоўваючы пасьля заняткаў. Нягледзячы на тое, што адукацыя платная, Францыя прываблівае замежных студэнтаў.

Зузанна з Польшчы калісьці навучалася на юрыдычным факультэце ў Вялікабрытаніі й Італіі. Цяпер працягвае пасьлядыплёмнае навучаньне па спэцыяльнасьці перакладчыка на парыскай Сарбоне.

Зузанна: Студэнцкаму жыцьцю ў Францыі вельмі дапамагаюць разнастайныя ініцыятывы францускага ўраду. Напрыклад, калі нехта зьяўляецца студэнтам і здымае кратэру, а ня мае дадатковых даходаў ці працы, урад вяртае яму палову аплатаў за кватэру. Можна мець зьніжкі ў некаторых крамах. Аплаты за навучаньне могуць быць ад 200 да 800 эўра за навучальны год. Адукацыя ў дзяржаўных ВНУ на вельмі высокім узроўні, а аплаты за навучаньне даволі даступныя.

Сярэднемесячны бюджэт студэнта ў Парыжы ня надта малы: 600 эўра за аднапакаёвую, 15-мэтровую кватэру, 55 эўра за праязны білет і мінімум 500 эўра на сьціплае ўтрыманьне.

Вышэйшыя навучальныя ўстановы ў Вялікабрытаніі прапануюць вялікі спэктар факультэтаў і курсаў ва ўсіх акадэмічных галінах. Абітурыенты з краінаў Эўразьвязу маюць такія ж самыя правы пры наборы, як і абітурыенты зь Вялікабрытаніі. Адзінай абавязковай умовай для замежных студэнтаў зьяўляецца выдатнае валоданьне ангельскай мовай. Сёлета ў найлепшых брытанскіх ВНУ аж 22 тысячы месцаў прызначана для іншаземцаў.

У ніводнае ВНУ ня трэба здаваць уступных іспытаў, затое з паўгадовым папярэджаньнем неабходна даслаць даведку са школы аб прагназаваных канчатковых адзнаках. І гэта адна з праблемаў для кандыдатаў зь іншых краінаў, паколькі школы, у прыватнасьці, польскія, такіх даведак не даюць.

Гжэгаж Дрымэр: Моладзь альбо павінна дачакацца атэстатаў з сапраўднымі адзнакамі й паступаць у наступным годзе, альбо ў верасьні даведвацца пра свабодныя месцы. Аднак патэнцыйным абітурыентам трэба быць вельмі ўважлівымі, каб не патрапіць у пастку, калі ВНУ прапануе месца без праверкі кваліфікацыяў. Паколькі ў гэтай краіне вельмі шмат прыватных установаў, якія падшываюцца пад унівэрсытэты, у тым ліку цалкам фікцыйныя, якія альбо проста гандлююць дыплёмамі, альбо спэцыялізуюцца ў афармленьні студэнцкіx візаў.

Базавая адукацыя ў брытанскіх ВНУ доўжыцца 3 гады, дадатковая магістратура яшчэ 2 гады. Ступень доктара можна артымаць альбо працягваючы акадэмічную адукацыю, альбо праводзячы навуковыя дасьледаваньні.

Вышэйшая адукацыя ў Нямеччыне тэарытычна бясплатная, а ў практыцы надзвычай дарагая. Гэты своеасаблівы парадокс ужо некалькі гадоў выклікае ў Нямеччыне гарачыя дыскусіі й студэнцкія пратэсты.

М. Вішнеўскі: У прынцыпе, нямецкая адукацыя зьяўляецца бясплатнай, але на пачатку трэба ўнесьці аднаразовы іматрыкуляцыйны ўзнос, а штомесяц трэба плаціць узносы ў сацыяльны фонд, ад 20 да 400 эўра ў залежнасьці ад лянду. Умовы адукацыі адрозьніваюцца ў залежнасьці ад рэгіёну Нямеччыны. У 2007 годзе Фэдэральны канстытуцыйны трыбунал палічыў, што аплата за адукацыю не супярэчыць Канстытуцыі. У сувязі з гэтым некаторыя лянды з задавальненьнем увялі гэтую аплату. Такім чынам, у Бэрліне ці Брандэнбургу студэнты атрымліваюць бясплатную адкукацыю. Затое ў Надрэніі трэба плаціць за ўсе гады навучаньня. Таму стыдэнты пратэстуюць і патрабуюць зьліквідаваць аплаты за адукацыю ва ўсёй Нямеччыне.

У Польшчы адукацыя ў дзяржаўных ВНУ зьяўляецца бясплатнай. Прыватныя ці грамадзкія ВНУ бяруць плату за адукацыю, аднак вельмі пасьпяхова дзейнічае сыстэма сацыяльных і навуковых стыпэндыяў. Студэнты прыватных ВНУ за добрыя дасягненьні ў вучобе могуць быць вызваленыя ад аплатаў, а нават атрымліваць навуковыя стыпэндыі. Сацыяльныя стыпэндыі, незалежна ад таго, ці ВНУ дзяржаўная, ці прыватная, паўсюль аднолькавыя. Навуковыя стыпэндыі ў прыватных установах складаюць 205 злотых. Студэнты могуць атрымаць студэнцкія крэдыты пад 1,5%, якія пачнуць пагашаць праз 2 гады пасьля завяршэньня адкукацыі.

Самым дарагім месцам для здабываньня адукацыі зьяўляецца Варшава. Гэтак вынікае з рапарту, падрыхтаванага сацыёлягамі. Сярэднямесячны кошт утрыманьня студэнта ў польскай сталіцы складае 2175 злотыя (больш за 500 эўра). Гэтая сума зьмяшчае сярэдную аплату за адукацыю, жыльлё, харчаваньне й кошт праезду гарадзкім транспартам. Аўтар рапарту Барталамей Гарлеўскі зазначае, што навучаньне ў Варшаве можа быць даражэйшае ў два разы ў параўнаньні зь іншымі ваяводзтвамі.

Барталамей Гарлеўскі: Найдаражэй у Варшаве, паколькі тут самыя высокія цэны жыльля. Найтаньнейшым месцам зьяўляецца Ольштын. І розьніца сярэднемесячнага ўтрыманьня студэнта складае 1 тысячу злотых. Гэта вялікая сума, якую студэнты бяруць пад увагу, выбіраючы ВНУ.

У Польшчы дзейнічае 450 ВНУ, з чаго 131 - дзяржаўная. Ад некалькіх гадоў дзейнічае праграма факультэтаў па замове. Калі студэнт абярэ адзін са стратэгічных тэхнічных факультэтаў, якія прапануе Міністэрства навукі, то можа разьлічваць на стыпэндыю памерам нават у 1 тысячу злотых (каля 250 эўра). Гэтая прапанова даволі прывабная, але скарыстацца ёю могуць асобы зь фізыка-матэматычнымі здольнасьцямі.

Па ўсёй Эўропе дзейнічаюць праграмы абмену студэнтамі, у прыватнасьці, Erasmus/ Socrates, Mostach, ECTS, ды іншыя, у рамах якіх студэнты розных ВНУ выяжджаюць на некалькі месяцаў, а нават гадоў у іншыя краіны, дзе працягваюць адукацыю.

Абітурыентам, якія ўжо вызначыліся са сваімі прафэсійнымі намерамі, жадаем посьпехаў у барацьбе за месца ў абранай Alma Mater, а тым, хто яшчэ ня ведае, што хоча рабіць у жыцьці, раім пасьпяшацца, бо час ляціць вельмі хутка.

Караліна Русіновіч