• Ушанаваньне ўгодкаў беларускага друку
  • 24.06.2010


Тамаш Грыб на старонках праскага часопіса „Iskry Skaryny” пісаў у 1931 годзе пра ўшанаваньне 400-годзьдзя беларускага друку (Тамаш Грыб, Miesca i značańnie Franciška Skaryny ŭ sučasnym biełaruskim vyzvolna-adradženskim ruchu, у: „Iskry Skaryny”, № 1, ліпень 1931, с. 14-15; № 2, лістапад 1931, с. 12-14).
 
У Беларусі ладзіліся ўрачыстыя акадэміі, літаратурныя сустрэчы, навуковыя даклады, на якіх зь вялікай пашанай, з пачуцьцём дастойнасьці ўшанавалі імя доктара лякарскіх навук Францішка Скарыны, таму што ён першы распачаў друкарскую справу ў Беларусі.
 
 Тамаш Грыб заўважыў, што 400-годзьдзе беларускага друку адзначалася таксама і ў Празе, дзе ў той час знаходзілася значная колькасьць беларускіх эмігрантаў – пераважна студэнцкай моладзі. Было заснавана Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Д-ра Францішка Скарыны, бо гэта менавіта ў Празе Скарына распачаў сваю друкарскую справу, выдаў пераклад Бібліі на беларускую мову.

 Тамаш Грыб паведаміў, што – дзеля ўшанаваньня памяці Францішка Скарыны – у беларускім друку зьявіліся вельмі каштоўныя выданьні, напрыклад, Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі Вацлава Ластоўскага, зборнік Інбелкульту 400-лецьце беларускага друку, кніга Адама Станкевіча Доктар Францішак Скарына – першы друкар беларускі. 1525-1925. Увогуле, Скарыніяна – гэта агромністая колькасьць літаратурных і навуковых твораў, у якіх дакладна асьвятляецца жыцьцёвы й творчы шлях Францішка Скарыны, яго эпоха, ягонае месца й значэньне ў гісторыі беларускае культуры, культуры славянскіх народаў ды ўсяго чалавецтва.
 
 Ва ўгодкі 450-годзьдзя ад выхаду 6 жніўня 1517 году ў Празе  першае Скарынавага друку кнігі, Псалтыра адбыліся шматлікія акадэміі, выставы, былі падрыхтаваныя адмысловыя радыёперадачы, прачытаныя рэфэраты, паявіліся юбілейныя артыкулы ў прэсе, пра што паведамляе нью-ёрскі часопіс „Запісы” (С. Б., Юбілей беларускага друку, у: „Запісы”, кн. 5, Мюнхэн, 1970, с. 121-123).

У ЗША, у Нью-Ёрку ўгодкавае навуковае пасяджэньне Беларускага інстытуту навукі й мастацтва адбылося 11 лістапада 1967 году ў залі Фундацыі імя Пётры Крэчэўскага. Рэфэраты чыталі: праф. Антон Адамовіч пра мову доктара Скарыны ды д-р Вітаўт Тумаш пра ягоны жыцьцёвы шлях у сьвятле выяўленых апошнім часам новых актавых ды летапісных дадзеных. Захадамі Антона Шукялойця была наладжаная выстава. Каля 40 рэпрадукцыяў знаёмілі прысутных з графічна-мастацкімі асаблівасьцямі праскіх і віленскіх Скарынавых выданьняў. Выстаўленая была на паказ і калекцыя Інстытуту актавых матэрыялаў пра доктара Скарыну ў фатаграфіях з арыгіналаў – фотаадбіткі каля 30 актавых запісаў з Падуі, Каралеўца, Познані. Паказаныя былі й некаторыя скарынаведныя выданьні.

450-годзьдзе беларускага друку адмысловым вечарам з рэфэратам адзначыў таксама Кліўлэнд, а выставаю – Чыкага. Беларускі інстытут навукі й мастацтва ў юбілейным годзе асобным выданьнем выдаў працу Сымона Брагі Пытаньне імя доктара Скарыны ў сьвятле актаў і літаратуры. Падрыхтаваны да друку Інстытутам быў таксама вялікі зборнік Скарыніяны.

Ужо на пачатку 1968 году вялікаю выставаю „450 гадоў беларускага друку” ўшанавала Скарынавыя ўгодкі адна з найбольшых бібліятэкаў сьвету – Публічная Бібліятэка Нью-Ёрку. У 1-й вітрыне была агульная інфармацыя пра жыцьцё й дзейнасьць Ф. Скарыны. Давала яна, у фотарэпрадукцыі, узоры Скарынавых праскіх друкаў. У вітрыне 2-й разьмешчаныя былі прыклады з двух віленскіх выданьняў Скарыны – Апостала й Малой падарожнай кніжкі. У 3-й былі паказаныя важнейшыя публікацыі з галіны навуковае Скарыніяны. Вітрына 4-я памяшчала ўзоры кнігаў першых трох выдатных Скарынавых пасьлядоўнікаў у галіне беларускага друку – Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага ды гетмана Рыгора Хадкевіча. Вітрына 5-я адведзеная была паказу важнейшых выданьняў друкарні Дому Мамонічаў. Аддзел выставы, адведзены старому беларускаму друку з друкарняў у Вільні, Еўі, Куцейне, Супрасьлі ды іншых, замыкала вітрына 6-я. Пад партрэтам рэдактара першае беларускае газэты Кастуся Каліноўскага, у вітрыне 7-й, раскрывалася пара новага беларускага друку. Вітрына 8-я адведзеная была розным менскім і віленскім друкам 1920-х гадоў, найперш выданьням Інбелкульту. Вітрына 9-я давала больш за 20 кніжак розных сучасных выдавецтваў – менскіх і замежных. Вітрына 10-я паказвала важнейшыя пэрыядычныя й непэрыядычныя выданьні сучасных навуковых установаў БССР і замежных: Акадэміі Навук БССР, Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, Беларускага інстытуту навукі й мастацтва, Крывіцкага навуковага таварыства. Стол вітрыны 11-й адведзены быў публікацыям зь гісторыі й сучаснага стану розных галінаў беларускага мастацтва. Вітрына 12-я прэзэнтавала багаты выбар найбольш характэрных сучасных менскіх і замежных выданьняў з галіны літаратуры й літаратурнае крытыкі. Апошняя 13-я вітрына адведзеная была важнейшым выданьням з галіны беларускае й беларусаведнае бібліяграфіі. Важна асабліва тое, што выстава давала ўзоры ўсяе сучаснае беларускае выдавецкае прадукцыі – і друку падсавецкага, і выданьняў з Польшчы, ЗША, Канады, Італіі, Нямеччыны. (В. З., Выстаўка Публічнай Бібліятэкі Ню Ёрку, у: „Запісы”, кн. 5, Мюнхэн 1970, с. 124-129)

Ніна Баршчэўская