Ужо больш за 5 гадоў Фундацыя „Эдукацыя для дэмакратыі” (FED) арганізоўвае падтрымку для жанчын з паўночных рэгіёнаў Таджыкістану.
У рамках згаданага праекту чальцы фунндацыі зьбіраюць фінансавыя сродкі сярод прыватных асобаў і фірмаў, каб купіць жанчынам у гэтай адной зь найбяднейшай рэспублікаў былога Савецкага Саюзу… карову, - тлумачыць Мартына Квяткоўска з FED.
Мартына Квяткоўска: У Польшчы мы зьбіраем грошы, якія ў Таджыкістане перадаем партнэрскай арганізацыі - ASTI (Association of Scientific & Technical Intelligentsia). Яна дзейнічае на поўначы Таджыкістану. ASTI перадае канкрэтныя сумы мясцовым Жаночым клюбам. У малых мясцовасьцях, у вёсках таджыцкія жанчыны аб’ядноўваюцца ў гэткія клюбы. Клюб атрымлівае грошы, купляе карову й вырашае, каму яна будзе перададзена й на якіх умовах. Значыць, мы тут у Польшчы выключна зьбіраем грошы, а карову купляюць і выдзяляюць на месцы – у Таджыкістане.
Карова, гэта ў таджыцкай сям’і гарантыя адсутнасьці голаду, а заробленыя на продажы малака грошы, гэта, на самой справе, першыя грошы, якія жанчына з таджыцкай вёскі прыносіць дадому.
Мартына Квяткоўска: Карова – гэта скарб у таджыцкай сям’і. Дзякуючы гэтаму, што ёсьць такая жывёла, фінансавая сытуацыя сям’і рашуча паляпшаецца. Дзякуючы карове паяўляецца малако, малочныя прадукты, якія, па-першае, можна зьесьці самому, а па-другое – прадаць.
Усё гэта можа гучыць абстрактна, але на поўначы Таджыкістану жывецца сапраўды бедна. Тут гэткай тэхналёгіяй, як інтэрнэт ці сотавыя тэлефоны можна скарыстацца сапраўды рэдка, а людзі ўтрымліваюцца галоўным чынам з працы ў невялікіх гаспадарках, рамяства ці розьнічнага гандлю. Фінансавая сытуацыя прымушае мясцовых мужчын шукаць працу за мяжой.
Мартына Квяткоўска: Таджыкістан – гэта адна з найбяднейшых рэспублік былога Савецкага Саюзу, а мясцовыя сем’і шматдзетныя. Каб утрымаць сям’ю, мужчыны выяжджаюць на працу за мяжу, галоўным чынам у Расею, тады дома застаецца жанчына з чацьвярыма, пецярыма, або і шасьцярыма дзяцьмі. Пакуль муж пачне зарабляць і дасылаць грошы, сям’і вельмі цяжка. Калі яна ня мае каровы ці іншай хатняй жывёлы, сытуацыя складаная. Таму адна карова дапамагае сям’і выразна павысіць узровень жыцьця.
Сям’я атрымлівае жывёлу на год. Найчасьцей пасьля году, згодна з дамовай, карова вяртаецца ў Жаночы клюб. Але сям’я можа таксама затрымаць карову, вяртаючы клюбу грошы, гэта каля 600-700 даляраў.
Як тлумачыць Мартына Квяткоўска, збор ахвяраваньняў на карову не зьяўляецца нейкай спэктакулярнай акцыяй. Ён праходзіць пры нагодзе розных мерапрыемстваў. Напрыкалад, першыя тры каровы булі купленыя дзякуючы сродкам, ахвяраваным чальцамі FED, студэнтамі ці фэрмэрамі.
Мартына Квяткоўска: Мы не агучаем нейкім асаблівым чынам гэткіх акцыяў ды не праводзім іх пэрыядычна. Проста, пры многіх нагодах стараемся гаварыць пра праект „Таджыцкая карова”. Пасьля розных нашых мерапрыемстваў людзі самі пералічаюць грошы на адмысловы рахунак. Быў нават выпадак, калі нехата арганізаваў імпрэзу з нагоды дня свайго нараджэньня ды замест падарункаў зьбіраў сродкі на карову. На карову грошы даюць ня толькі палякі. У сувязі з тым, што нашая фундацыя дзейнічае ў амаль усіх былых рэспубліках Савецкага Саюзу, пра ініцыятыву ведаюць нашыя партнэры з Малдовы, Калінінграду, Беларусі, Украіны й Расеі, і вельмі часта зьбіраюць ахвяраваньні на гэтую мэту.
Жанчыны з Таджыкістану стараюцца супольна пераадольваць праблемы й паляпшаць лёс сваіх сям’яў і вясковых асяродзьдзяў. Ствараючы Жаночыя клюбы, падтрымліваюць найбяднейшых, хадайнічаюць пра дапамогу звонку ды супольна выпрацоўваюць даход на неадкладныя патрэбы. Ці з гэтага можна зрабіць выснову, што Таджыкістан – гэта, на самой справе, краіна моцных жанчын?
Мартына Квяткоўска: Я з гэтым згодная, але ня думаю, каб з такой думкай згадзіліся таджыкі. Па-першае, гэта мусульманская краіна, дзе традыцыйна мужчына прымае рашэньне. Гэта мужчыны прыносяць грошы дадому. Але калі прыглядзецца, то без жанчын ім было б вельмі цяжка. Гэта ж жанчыны займаюцца домам, выхоўваюць многа дзяцей, працуюць на ральлі. Таму яны мусяць быць мужнымі. У Таджыкістане вельмі часта здараецца так, што мужчыны за працай выяжджаюць у Расею й зьнікаюць. Жанчыны застаюцца самі зь пецярыма, шасьцярыма дзяцьмі й раптам мусяць шукаць працу, каб утрымаць сям’ю.
Мартына Квяткоўска, якая надоечы вярнулася са свайго другога побыту ў Таджыкістане, супакойвае, што апрача гэтак званых „польскіх кароваў”, які іх называюць у згаданай краіне, Польшча атаясамліваецца таджыкам таксама зь іншымі рэчамі.
Мартына Квяткоўска: Калі я пабывала ў траўні бягучага году ў Таджыкістане, усе, нават выпадковыя гандляры на вуліцы пыталіся ў мяне, якое надвор’е ў Польшчы, бо яны ведалі пра паводку ў нашай краіне. Апрача таго, яны шчыра спачувалі нам з прычыны авіякатастрофы польскага ўрадавага самалёта пад Смаленскам. З маіх размоваў з таджыкамі вынікае, што мясцовыя ведаюць, дзе распаложана Польшча, які ў ёй палітычны лад, а нават ведалі крыху пра польскую гісторыю.
Асобы, якія перадаюць грошы, могуць назваць карову. Таджыцкія жанчыны просяць толькі, каб не называць іх занадта складана, з зычнымі „ш, ч, ж”, бо такія каровы, як яны жартуюць, даюць горшае малако.
Нашым суразмоўцам была Мартына Квяткоўска з Фундацыі „Эдукацыя для дэмакратыі”, якая прызнаецца, што ўжо некалькі гадоў, калі бачыць недзе карову, думае пра сваіх сяброў у Таджыкістане.
Анна Задрожна
Здымкі: Мартына Квяткоўска