• Пярліна Польшчы - Балтыка
  • 02.07.2010

А сёньня, паважаныя радыёслухачы, хачу Вас запрасіць на Балтыйскае мора, але не ў канкрэтны горад ці курорт, а ўвогуле на ўзьбярэжжа. Да гэтай тэмы мяне схіліла надзвычай сьпякотнае надвор’е, якое цягам апошніх двух тыдняў усталявалася ў Польшчы. Дарэчы, нядаўна я прачытаў, што гарачае надвор’е ўтрымаецца на працягу бліжэйшых двух месяцаў – гэта значыць да канца лета. А вада ў Балтыцы таксама адносна цёплая – сёньня яе тэмпэратура вагаецца ў раёне 18-20 градусаў.

А чаму менавітай Балтыйскае мора? Ну, па-першае, таму, што на ўзьбярэжжы Балтыкі надзвычай добра разьвітая турыстычная інфраструктура, а таксама пункты грамадзкага харчаваньня. Па-другое, хоць на моры й горача, аднак арганізм ахалоджваецца дзякуючы сьвежаму вецярку з-над вадзяной плыні - гэта параўноўваючы, напрыклад, з Крымам, дзе я быў некалькі разоў, і дзе сьпёка проста такая, што нельга вытрымаць. І яшчэ, паводле мяне, адзін плюс для Балтыкі – гэта пясчаныя пляжы. Бо на Чарнамор’і берагі з галькі, і, шчыра кажучы, вельмі нязручна загараць. Акрамя таго, на польскай Балтыцы – прыгожыя краявіды. Перш за ўсё падабаюцца пясчаныя дзюны ды сасновыя лясы на берагах. І яшчэ адзін значны фактар – гэта цэны. Наколькі я арыентуюся, то адпачынак на Балтыйскім моры абыйдзецца намнога таньней, чым у іншым месцы. Акрамя таго, месца адпачынку можна выбраць на свой густ і зьмест кашалька. Прыгожы Хэль – доўгі паўвостраў, на якім разьмешчана некалькі курортаў. Сопат вядомы сваім пірсам, працягласьць якога – каля паўкілямэтра. Гэта найдаўжэйшы ў Эўропе драўляны пірс. Устка, Дарлова, Калобжэг – у кожнага курорта непаўторны клімат. А смак балтыйскай траскі! Проста пальчыкі абліжаш! Прычым у большасьці выпадкаў рыба сьвежая, злоўленая мясцовымі рыбакамі ў моры на золаку. Адзінае, чаго можа не хапаць на польскай Балтыцы, дык гэта халоднага хлебнага квасу. Але выбар мінэральных водаў ды сокаў – надзвычай шырокі. А калі шчыра казаць, дык цяпер у Беларусі ці іншых краінах знайсьці сапраўдны хлебны квас безь хімічных дадаткаў - даволі праблемна. Так што, сябры, запрашаю Вас на польскую Балтыку. Прызнаюся шчыра, што на два дзянькі я падскочыў у Сопат у першай палове чэрвеня. Адпачынак удаўся, удалося нават прывезьці з сабой марскі загар... Дарэчы, балтыйскі загар прыгажэйшы чым, напрыклад, чарнаморскі, бо ён карычневы, бурштынавы, а ня чорны. Прыяжджайце на Балтыку, бо варта!

В.С.