• ДДА – праблема ў спадчыну
  • Audio7.64 MB
  • 05.07.2010

У Варшаве завершыўся адзін з этапаў рэалізацыі польска-беларуска-нямецкага праекту „Кампэтэнтная дапамога сузалежным”. Гэтая ініцыятыва скіраваная на абмен досьведам у пасьпяховым вырашэньні праблемаў моладзі й дарослых, якія выйшлі зь сем’яў з алькагольнымі праблемамі.

Слабая вера ва ўласныя магчымасьці й сілы, вельмі нізкая самаацэнка, пастаянны стрэс і неабгрунтаваны страх, няздольнасьць прымаць самастойна рашэньні, няздольнасьць будаваць асабістае жыцьцё зь іншым чалавекам, а нават замкнутасьць на іншых і жыцьцё ва ўласным сьвеце, альбо, наадварот, вялікая імпульсыўнасьць, якая можа несьці за сабою некантраляваную агрэсію – усё гэта не зьяўляецца сымптомамі псыхічнай хваробы. Гэта характарыстыка здаровай з мэдычнага пункту гледжаньня дарослай асобы, якой у дзяцінстве давялося жыць у сям’і, дзе адзін альбо абое бацькі мелі алькагольныя праблемы. ДДА – дарослае дзіця алькаголіка – так скарочана можна акрэсьліць асобу, якая ў дзяцінстве атрымала такі падарунак ад сваіх блізкіх.

Сындром ДДА існуе ня толькі ў людзей, якія паходзяць зь нядобранадзейных сем’яў, ён праяўляецца ў людзей зь сем’яў зь вельмі высокім жыцьцёвым стандартам. Вельмі часта такія асобы нават ня ведаюць пра гэты сындром, і ня ведаюць прычынаў сваіх жыцьцёвых паразаў. Такім людзям неабходна дапамагчы, яны патрабуюць псыхалягічнай тэрапіі. І нічога сарамлівага ў гэтым няма, сорамна павінна быць у першую чаргу тым асобам, якія спрычыніліся да гэтай сытуацыі.

У Польшчы, Нямеччыне й Беларусі існуе рознае стаўленьне да алькагольнай залежнасьці, алькагольных наступстваў і дапамогі асобам залежным і сузалежным ад алькаголю.  Анна Вавэрска-Кус, псыхоляг і псыхтэрапэўт, якая штодзённа дапамагае асобам з сындромам ДДА вярнуць радасьць паўсядзённага жыцьця, удзельнічала ў рэалізацыі праекту з польскага боку.

Аянна Вавэрска-Кус: Для мяне найважнейшай справай падчас гэтых некалькіх дзён было назіраньне за пэрспэктывай падыходу й разуменьня праблемы сузалежнасьці. Тое, што паказваюць беларускія калегі, у першую чаргу датычыць прафіляктыкі: працы зь дзецьмі, працы з моладзьдзю. Нямецкія калегі паказваюць дасьледаваньні й такія нефармальныя рухі: людзі дапамагаюць сабе самі. Наша польская пэрспэктыва прадстаўляе сфармалізаваную дапамогу, а нават лячэньне. Такі абмен трох абшараў вельмі важны для нас усіх.

Трохбаковы праект, які рэалізуецца ў рамках Праграмы транспамежнага партнэрства пры фінансавай падтрымцы Міністэрства замежных справаў Польшчы й Нарвэскага фінасавага мэханізму, мае дапамагчы спэцыялістам стварыць цэнтры псыхалягічнай дапамогі сузалежным асобам, а таксама падзяліцца досьведам тым спэцыяліцтам, якія ў паўсядзённай працы займаюцца аказаньнем такой дапамогі. Распавядае Іга Глапіньска, каардынатарка праекту з польскага боку.

Іга Глапіньска: Аказваецца, што ў Беларусі грамадзтва яшчэ амаль не дацэньвае існаваньня гэтай праблемы. Там існуе перакананьне, пра што нам паведамілі беларускія калегі – спэцыялісты, што алькоголю ня п'юць толькі хворыя асобы. А мы хочам пераканаць нашым праектам, што хваробай зьяўляецца менавіта спажываньне алькоголю. Выхаваньне дзяцей у сям’і, дзе паяўляецца алькоголь, прыносіць шмат адмоўных наступстваў для дзяцей і дарастаючай моладзі ў пазьнейшым дарослым жыцьці. Падчас сустрэчы мы заўважылі, што праблемы людзей з сындромам ДДА вельмі падобныя. Адрозьненьні існуюць толькі ў сыстэмах дапамогі такім асобам. Беларускія калегі былі вельмі пазытыўна ўражаныя тым, што ў Польшчы дзяржава фінансуе тэрапію ДДА. Для беларусаў гэта сыстэмнае вырашэньне праблемы, да якога яны вельмі імкнуцца. Сама праблема залежнасьці й сузалежнасьці вельмі вялікая ва ўсіх трох краінах. Нямецкае грамадзтва вельмі залежнае ад піва. У Польшчы п'юцца розныя трункі, а ў Беларусі спажываецца вельмі вялікая колькасьць чыстай гарэлкі. Як зазначала адна з прадстаўніцаў беларускай дэлегацыі, колькасьць спажыцьця алькаголю ўдвая  перавышае магчымасьці людзкога арганізму. Калі ўзровень 5 літраў чыстага сьпірту на асобу зьяўляецца такім максымальным паказчыкам, то ў Беларусі гэты паказчык сягае ўзроўню 11 літраў на асобу.

Варта падкрэсьліць, што пры ўзроўні 8 літраў на 1  асобу пачынаецца дэградацыя  нацыі. А вось у Беларусі праблема сындрому ДДА ў свядомасьці грамадзтва амаль не існуе, зазначае ўдзельнік праекту Барыс Паўлаў, псыхоляг Гомельскага аабласнога цэнтра здароўя.

Барыс Паўлаў: У Беларусі гэтая праблема пакуль што не ўздымалася. Калі дапамога асобам з алькагольнай залежнасьцю мае  дастаткова доўгую гісторыю, то на асобаў, якія пражываюць з алькаголікам, вельмі мала зьвяртаюць увагу. Толькі апошнім часам пачынаюць паяўляцца праграмы дапамогі для цэлых сем’яў. У першую чаргу яны скіраваныя да жонак, якім прыйшлося жыць з такім залежным чалавекам. Наш рэгіён – Гомель, гэта пакуль што адзінае месца ў Беларусі, дзе адчынены Цэнтар для сузалежных асобаў, і дзе дапамогу могуць атрымліваць усе чальцы сям’і. Дзякуючы рэалізацыі гэтага праекту мы можам выйсьці на праблему дапамогі дарослым дзецям алькаголікаў. Раней у Беларусі нават не існаваў такі тэрмін сярод псыхолягаў. Цяпер, вывучаючы досьвед нямецкіх і польскіх калегаў, мы можам стварыць праграму дапамогі менавіта для дарослых дзяцей, закранутых праблемай алькагольных наступстваў. Індывідуальныя й групавыя кансультацыі пачнуцца праводзіцца ў Гомелі ўжо восеньню. Мы пастараемся ўвесь гэты досьвед, які мы атрымаем у рамкаах рэалізацыі вось такіх праграмаў, перадаць нашым калегам у Беларусі. Мы маем магчымасьць падрыхтаваць дапаможнік для псыхолягаў, як працаваць з такой праблемай.

А праблема ДДА сапраўды існуе, хаця людзі ня ведаюць, як яе назваць.

Барыс Паўлаў: Пра яе не гавораць уголас, але яна існуе, як псыхалягічная праблема. Калі прыходзяць людзі зь нейкімі дэпрэсіямі ці расчараваньнямі, яны не ўсьведамляюць, што ў іх ёсьць унутры неасазнаная праблема, якая вынікае з таго, што яны жылі ў сям’і, дзе ёсьць такая залежнасьць. І нашая задача ў тым, каб паступова перайсьці ад агульнай дапамогі да такой, каб такая асоба ўсьведаміла сустнасьць сваёй праблемы. Нашыя спэцыялісты ў гэтым дапамогуць.

Акрамя сымпозыюму, які адбываўся цягам 2 дзён, беларускія спэцыялісты мелі магчымасьць наведаць тэрапэўтычныя цэнтры й пабачыць, якім чынам практычна рэалізауецца схема тэрапіі ДДА. У далейшай частцы рэалізацыі гэтага праекту ў Гомелі адчыніцца 1 тэрапэўтычная група. Таксама пачнецца праца над апрацоўкай дыдактычнага дапаможніка для беларускіх псыхолягаў аўтарства польскіх і беларускіх спэцыялістаў. Гэта робіцца дзеля таго, каб паказаць шырэйшы спэктар магчымасьці лячэньня сузалежнасьці ДДА ў Беларусі.

Караліна Русіновіч