Цягам шасьці месяцаў 2010 году былі забітыя 59 журналістаў. У параўнаньні з 2009 годам гэта на 10% больш. Найбольш небясьпечнай краінай прызнана Мэксыка, дзе жыцьцё страцілі 9 журналістаў.
Рапарт на гэтую тэму апублікавала няўрадавая жэнэўская арганізацыя „The Press Emblem Campaign”. На другім месца знаходзіцца Гандурас – 8 забітых журналістаў у першым паўгодзьдзі. Далей ідуць Пакістан (6 чалавек), Нігерыя й Філіпіны - па 4 журналісты.
Па тры сьмяротныя ахвяры – на тэрыторыі Расеі й Калюмбіі, па дзьве – у Іраку, Нэпале, Тайляндзе й Вэнэсуэле. Па аднаму журналісту загінула ў Афганістане, Анголе, Банглядэшы, Бразыліі, Балгарыі, Вугоршчыне, Кіпры, Эквадоры, Ізраілі, Конга, Руандзе, Турцыі, Самалі й Емэне.
Як паведамляе арганізацыя „The Press Emblem Campaign”, з кожным годам колькасьць забітых журналістаў павялічваецца. У 2009 годзе іх было забіта 122.