• Ушанаваньне ўгодкаў беларускага друку - 3
  • 08.07.2010

У 1968 годзе выйшаў зборнік Акдэміі Навук БССР пад назовам 450 год беларускага кнігадрукаваньня. Рыгор Максімовіч (псэўданім Вітаўта Тумаша) параўноўвае яго з выдадзеным годам раней зборнікам Беларускага інстутуту навукі й мастацтва Scoriniana. (Р. Максімовіч, 450 год  беларускага кнігадрукаваньня. Акадэмія Навук Беларускай ССР. Мінск, 1968, 8. 436 б. + ілюстрацыі; Scoriniana, 1517-1967 (,,Запісы”, кн. 5). Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва. Мюнхен, 1970, 4, 268 б. + ілюстрацыі, у: ,,Запісы”, № 12, Нью-Ёрк 1974, с. 128-135)

Меншы фарматам, затое большы лікам бачынаў, скарынінскі зборнік АН БССР мае 21 артыкул 22 аўтараў. Зьмест пачатковае палавіны кнігі да асобы доктара Скарыны й ягонае выдавецка-літаратурнае спадчыны беспасярэдня не датычыць. Больш ста бачынаў займаюць тут артыкулы, у якіх разгляд культурна-духовага стану захаду Эўропы Скарынавае пары, найперш краёў, што былі кранутыя ягонай дзейнасьцяй. Блізу столькі-ж месца адведзена й на артыкулы пра дзейнасьць Скарынавых пасьлядоўнікаў ды на агляд гісторыі друку БССР.” (Тамсама, с. 128)
 
Парадак артыкулаў сьведчыць пра тое, што ўзорам для гэтага зборніка паслужыў зборнік Інстытуту беларускае культуры (Інбелкульту) з 1926 году пад назовам 400-лецьце беларускага друку – заўважае Р. Максімовіч.

Беларускі эмігарцыйны дасьледнік адзначае, што многія артыкулы зборніка АН БССР маюць не навуковы, але публіцыстычны характар. Асаблівай павярхоўнасьцю – ягоным меркаваньнем – характарызуецца артыкул М. А. Алексютовіча Светапогляд Ф. Скарыны, у якім аўтар упорыста дашукоўваецца нейкага вальнадумства Скарыны ў тым, што ён выдаў Біблію мовай даступнай для народу. Алексютовіч дакарае нават Скарыну ў тым, што Скарына, хаця – паводле аўтара артыкулу – „не захапляецца сьвяшчэннымі кнігамі”, то ўсё-ж „ня можа яшчэ адмовіцца ад рэлігійных паглядаў”. „Артыкул у сапраўднасьці раскрывае ня пагляды доктара Скарыны, але дагматычныя сьветапаглядныя пазыцыі аўтара артыкулу”. (Тамсама, с. 129)

Нядрэнным зьяўляецца агульны агляд чэскага кнігадруку Скарынавае пары А. С. Мыльнікава, які ў зборніку XVІІ стагодзьдзя Наўгародзка-Сафійскае бібліятэкі выявіў рукапісную копію Трэцяе Кнігі Царстваў Скарынавага выданьня. Дагэтуль было вядома, што ў згаданым зборніку ёсьць рукапісная копія Скарынавае Кнігі Ёва – адзначае Р. Максімовіч.

Зь вялікага артыкулу А. А. Волкава й І. А. Раковіча Беларускае кнігадрукаваньне за гады савецкае ўлады ніхто не даведаецца з памешчанай там табліцы, што ў апошнім ахопленым ёю 1965 годзе зь ліку 1931 кнігі, выдадзенае ў рэспубліцы, 1636 было расейскіх, ды толькі 295, ці толькі 15%, беларускіх. З табліцы ніхто не даведаецца й таго, што ў 1932 годзе, у на палавіну тады меншай тэрыторыяй і жыхарствам рэспубліцы, на ўсіх 1520 выдадзеных кнігаў, беларускіх было 1300, значыць 86%.

Зьмястоўныя, абапертыя на канкрэтным матэрыяле, артыкулы пра пасьлядоўнікаў Скарыны – Я. Я. Няміроўскага пра Івана Фёдарава ды Пётру Мсьціслаўца, М. І. Прашковіча пра друкарню Мамонічаў, Г. Я. Галенчанкі пра Васіля Цяпінскага, Я. І. Парэцкага пра Сымона Буднага. Усе гэтыя нарысы характару аднак рэфэратна-інфармацыйнага, падаюць ужо ведамае. Ніводзін з артыкулаў нічога новага не раскрывае, новых фактаў не падае.

У храналягічна адваротнай чамусьці чароднасьцьі, бо па „пасьлядоўніках”, пададзеныя ў кнізе артыкулы пра самога Скарыну. Добра напісаны большы артыкул П. Н. Беркава пра найсьціплейшую бадай галіну дзейнасьці Сарыны – вершаскладаньне. У вершах Скарыны, паводле аўтара, прынцыпы біблейнае паэтыкі спалучаюцца з элемэнтамі сылябізму. Агульнага вельмі характару разважаньні Р. Р. Кручка „Аб мэдыка-біялягічнай дзейнасьцьі й прыродазнаўча-навуковых паглядах Ф. Скарыны”. (Тамсама, с. 130)

Шмат месца, чвэрць зборніка, займаюць артыкулы, у якіх разглядаюцца паасобныя аспэкты мовы выданьняў Скарыны, але пра гэта слухайце праз тыдзень.

Ніна Баршчэўская