Палякі сталі ляўрэатамі Baltic Sea Water Award

Два польскія навукоўцы сталі ляўрэатамі прэстыжнай швэдзкай узнагароды Baltic Sea Water Award.

Гэта прафэсар Мацей Навіцкі й прафэсар Марэк Громэц, якія былі адзначаныя за заслугі ў галіне аховы водаў Балтыкі й намаганьні з мэтай абмежаваньня ўзроўню забруджаньня мора, да якога прычыняецца Польшча.

Прафэсар Навіцкі зьяўляецца ініцыятарам стварэньня Эка Фонду, які кіраваў замежнымі фінансавымі сродкамі, прызначанымі дзеля экалягічнай дзейнасьці ў краіне. У сваю чаргу прафэсар Громец кіраваў шматлікімі польскімі й замежнымі праектамі ў галіне гідралёгіі; суствараў нацыянальную палітыку воднай гаспадаркі.

Baltic Sea Water Award была ўстаноўленая швэдзкім Міністэрствам замежных справаў у 1999 годзе ды ўручаецца Стакгольмскім міжнародным водным інстытутам – SIWI. Сёлетнія ляўрэаты атрымаюць узнагароду ў верасьні падчас Сусьветнага тыдня вады, які адбудзецца менавіта ў швэдзкай сталіцы.

Прадстаўнікі Польшчы атрымаюць Baltic Sea Water Award ужо пяты раз.

Брытанцы знайшлі найстарэйшыя сьледы чалавека ў Эўропе

У брытанскім графстве Норфальк археолягі знайшлі найстарэйшыя сьляды чалавека ў Эўропе, якім 800 тысячаў гадоў.

Згаданая інфармацыя можа суцэльна памяняць падыход да гісторыі пасяленьня нашых продкаў на старым кантынэнце.

Знойдзеныя сьляды - гэта перад усім каменныя прылады, якія выкарыстоўваліся дзеля вырубкі дрэваў ці рэзкі мяса. Іншыя сьляды паказваюць на тое, што тагачасныя людзі маглі апранацца ў футры ды выкарыстоўваць агонь дзеля абагрэву.

„Гэта найстарэйшае пасяленьне людзей у паўночнай Эўропе, якому 800 тысячаў, а можа нават і 1 мільён гадоў. Гэта на 200-300 тысячаў гадоў больш, чым знойдзеныя да гэтай пары найстарэйшыя сьляды чалавека”, - паясьняе адзін з археолягаў доктар Нік Аштан.

Ягоныя калегі згодныя, што ўмоўную дату пасяленьня людзей на тэрыторыі сёньняшняй Вялікабрытаніі трэба перасунуць на некалькі сотняў тысячаў гадоў назад.

Вынікі маштабных дасьледаваньняў публікуе тыднёвік „Nature”.


Найдаўжэйшыя коркі ў Эўропе ў Амстэрдаме

Сярод усіх эўрапейскіх гарадоў у корках найдаўжэй аўтамабілі стаяць у Амстэрдаме.

Гэткія вынікі дасьледаваньняў, праведзеных канцэрнам IBM ды апублікаванага галяндзкай штодзёнкай "De Telegraaf".

Дарэчы, вынікі дасьледаваньняў - гэта для жыхароў галяндзкай сталіцы нічога новага. Каб даехаць на працу, яны ў сярэднім прымушаныя стаяць у корку паўгадзіны. Згаданыя вынікі былі б яшчэ горшымі, калі б ня факт, што амаль 23% жыхароў Амстэрдаму езьдзяць на працу на ровары.

Самае цікавае, што жыхары Амстэрдаму амаль зусім не наракаюць на коркі. Беручы пад увагу ўсе дасьледаваныя гарады сьвету, сталіца Галяндыі апынулася на 13 месцы. Найдаўжэй у корках трэба стаяць у Пэкіне, Мэксыцы, Маскве, Ёханэсбургу й Нью-Дэлі. На жаль, у дасьледаваньнях польскія гарады пад увагу ня браліся.

Згаданыя вынікі часткова пацьвярджаюць таксама высновы іншых экспэртаў, гэтым разам датычныя дарожнага руху ў сталіцы Індыі. Паводле іхных дасьледаваньняў, кіраваньне аўтамабілем у Нью-Дэлі зьяўляецца прычынай узьнікненьня пачуцьця безнадзейнасьці й стрэсу, а таксама высокага ўзроўню агрэсіі.

Паводле аўтараў рапарту, камунікацыйныя ўмовы ў індыйскай сталіцы прычыняюцца да павышэньня агрэсіі сярод кіроўцаў на 48%, пры сусьветнай сярэдняй 27%. Апрача таго, кіраваньне аўтамабілем уплывае на рост праблемаў са здароўем на 96% (сусьветная сярэдняя 57%) ды рост стрэсу на 45% (сусьветная сярэдняя - менш, чым 30%).

Прычынай згаданай сытуацыі зьяўляюцца коркі, нечаканыя паводзіны іншых удзельнікаў дарожнага руху, а таксама раптоўны рост колькасьці аўтамабіляў на мясцовых дарогах.

Амэрыканцы ствараюць аўтамабіль для невідучых

Амэрыканскія навукоўцы ствараюць першы ў сьвеце аўтамабіль для сьляпых.

Прататып збудаваны на падставе стандартных легкавых машын, але адмысловую мадэль неабходна абсталяваць таксама вельмі сучаснай тэхнікай.

Адмысловыя сэнсары будуць ацэньваць накірунак дарогі, перш за ўсё павароты. Згаданую інфармацыю кіроўца пачуе пры дапамозе вібрацыйных рукавіцаў. Вібрацыйная камізэлька паведаміць пра хуткасьць. Подых паветра будзе паведамляць пра перашкоды на дарозе, а гукавыя сыгналы дапамогуць кіроўцы весьці аўтамабіль па адпаведнай паласе дарогі.

„Для сьляпой асобы, таксама для пешахода, вельмі важным зьяўляецца шум рухавіка. Таму ўсе аўтамабілі павінны ствараць адпаведна гучны гул”, – адзначае доктар Фрэд Шродэр з Аб’яднаньня сьляпых у ЗША, якое суўдзельнічае ў рэалізацыі праекту.

Аўтамабіль будуюць інжынеры з Тэхналягічнага інстытуту ў Вірджыніі. Прататып павінен быць гатовы ў будучым годзе.


А.З.

Здымкі: pl.wikipedia.org