• Страйк журналістаў у Італіі
  • 09.07.2010

У Італіі маўчаць дзяржаўныя й прыватныя тэлерадыёстанцыі, ня выйшла большасьць газэтаў. Журналісты пратэстуюць, паколькі, паводле іх, свабода СМІ апынулася пад пагрозаю. Пасьля прыняцьця закону, які абмяжоўвае доступ журналістаў да сьледчых матэрыялаў, СМІ ня змогуць паведамляць пра падобныя справы.

Прафсаюз журналістаў пагадзіўся толькі на кароткі выпуск навін тры разы ў дзень. Большую частку эфіру займае інфармацыя аб прычынах страйку журналістаў.

Журналісты перакананыя, што ўлады хочуць пазбавіць грамадзян доступу да інфармацыі пра злачынствы кіруючых колаў. Менавіта СМІ раскрывалі найбольшыя скандалы з удзелам кіраўнікоў урадаў і палітыкаў. Італьянскі ўрад сьцьвярджае, што гаворка ідзе пра абарону прыватнага жыцьця грамадзян.