• Запрашаем у Польшчу: Лэба
  • 09.07.2010

У мінулай рубрыцы тыдзень таму я распавядаў пра плюсы адпачынку на польскай Балтыцы. Сёньня, сябры, хацеў бы распавесьці пра канкрэтную турыстычную мясцовасьць на ўзьбярэжжы мора. Гэта курорт Лэба, разьмешчаны недалёка Гданьска. Насельніцтва гарадка – каля 4 тыс. чалавек. І хоць у Лэбе жыве столькі людзей, дык у летні пэрыяд сюды прыяжджае ў некалькі разоў больш турыстаў. Дарэчы, беларусы таксама адпачываюць у Лэбе. Я нядаўна размаўляў са сваім знаёмым, супрацоўнікам аднаго зь менскіх турбюро, і ён мне сказаў, што іх фірма накіроўвае ў Лэбу турыстаў. Прычым тур каштуе адносна нядорага – за тыдзень трэба заплаціць крыху больш за 200 эўра. Згадзіцеся, што гэта нямнога за добры адпачынак на беразе мора. Прычым Лэба вельмі добра падрыхтаваная для прыёму турыстаў – тут шмат гатэляў і пансіянатаў рознай цэнавай катэгорыі, нямала рэстаранчыкаў ды кавярняў – прычым цэны ў іх таксама розныя. Скажу шчыра, што я зьяўляюся вялікім аматарам Балтыйскага мора, і асабіста аддаў бы перавагу адпачынку менавіта на Балтыцы. Хоць бы таму, што на вадаёмах Беларусі кульгае інфраструктура й цэны ня вельмі нізкія. Акрамя таго, у Лэбе захавалася старая архітэктура, перш за ўсё з пэрыяду 20-30 гадоў мінулага стагодзьдзя. Тады гарадок уваходзіў у склад Нямеччыны. Напрыклад, гатэль “Нэптун” з 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя, будынак з чырвонай цэглы, які сваім кшталтам нагадвае замак. Ён знаходзіцца на самым узьбярэжжы Балтыкі. Увогуле, у Лэбе захаваліся цэлыя старыя вуліцы з арыгінальнай нямецкай архітэктурай. Так што можна ня толькі адпачываць, але й пазнаёміцца зь іншай краінай, хоць бы на прыкладзе аднаго гарадка.

Дарэчы, сыноптыкі абацаюць, што ліпень і жнівень будуць надзвычай сьпякотнымі месяцамі. Так што Балтыка чакае!

В.С.