Высыхаючая Афрыка

Нястача вады на плянэце можа прывесьці ў недалёкай будучыні да вымушанай міграцыйі мільёнаў чалавек. Паводле дакладу ААН пад назвай "Вада ў зьменлівым сьвеце", гэтая колькасьць можа скласьці да 700 мільёнаў чалавек.

Найбольш небясьпечна сытуацыя можа выглядаць у Афрыцы, у краінах, якія знаходзяцца на поўдзень ад Сахары. Менавіта там, а не ў Азіі да 2100 году чакаецца найбольшы рост насельцітва да 32% ад агульнай колькасьці на плянэце. І, нягледзячы на тое, што водных рэсурсаў Афрыка мае пакуль дастаткова, з кожным днём іх становіцца ўсё меней, хаця б з-за нерацыянальнай ірыгацыі ды з-за старой гідрасеткі, а таксама з-за выцеку вады, якія сягаюць у розных краінах ад 30% да 50%.

Тут я згаджуся, бо калі чуваць пра чарговы афрыканскі канфлікт, то ён адбываецца альбо з-за доступу да зямель, альбо з-за доступу да вады.

Драматызм сытуацыі бачны хаця б на прыкладзе афрыканскіх азёраў. Адно зь іх - возера Чад, плошча якога ад пачатку 70-х гадоў зьменшылася на 90%! Возера знаходзіцца на мяжы афрыканскіх краінаў Камэрун, Чад, Нігерыя ды Нігер. Ад водных рэсурсаў гэтага возера залежыць жыцьцё 30 мільёнаў жыхароў.

То бок засталося толькі 10 працэнтаў паверхні – сапраўды, гэта дае шмат для зразуменьня.

А прагназуецца, што возера можа цалкам зьнікнуць праз 20 аооўд. Куды паедзе 30 мільёнаў жыхароў, залежных ад запасаў вады ў гэтым, калі яшчэ так можна сказаць, возеры? Прычым праблема возера Чад, гэта не адзіная праблема, якая закранае жыхароў Афыкі.

З пачатку новага тысячагодзьдзя на адзін мэтар зьнізіўся ўзровень вады самага вялікага афрыканскага возера Вікторыя, на 80% зьменшылася плошча заліўных лугоў у даліне ракі Нігер, зьнікаюць лясы ў раёне возера Накуру ў Кеніі. Акрамя таго, вялікая колькасьць вёсак у паўночных саванных раёнах Кеніі яшчэ ня зьнікла дзякуючы штотыднёваму давозу вады ў вялізных цыстэрнах, якія апаражняюцца ў лічаныя хвіліны.

Ты хочаш сказаць, што гэта адзіная крыніца вады для гэтых жыхароў?

Дакладна так, цэстэрна зьяўляецца адзінай крыніцай вады, бо ў ваколіцах вёсак ужо даўно павысыхалі ўсе натуральныя крыніцы, што стварае вельмі вялікае запатрабаваньне на ваду. Кожная сям'я мае па некалькі 10-ці - 20-літровых каністраў, вада зь якіх ідзе толькі й выключна на гатаваньне ежы ды піцьцё. Пра штодзённыя гігіенічныя працэдуры й гаворкі няма, надта гэта каштоўная справа для абязводненых кенійскіх вёсак.

Але захоўваньне вады ў плястыкавых каністрах, асабліва ў гарачае надвор'е, здаецца не вельмі гігіенічным?

І такое захоўваньне можа доўжыцца нават тыдзень, то бок да наступнага давозу вады. Таму такі стан рэчаў зьяўляецца прычынай розных хваробаў, галоўным чынам страўнікавай сыстэмы. Асабліва пакутуюць дзеці, якія з-за частых хваробаў прапускаюць заняткі ў школах, ня кажучы ўжо пра выпадкі сьмерці.

Што робіцца для таго, каб зьмяніць сытуацыю?

Гуманітарныя арганізацыі, якія працуюць у Афрыцы, нейкі час таму пачалі маштабную акцыю па адукацыі жыхароў, як стэрылізаваць ваду – жыхары атрымліваюць спэцыяльныя таблеткі, якія выкарыстоўваюцца, між іншым, войскам у палявых умовах. Адна такая таблетка з бактэрыйна-віруснай мікстуры цёмна-жоўтага колеру робіць прыдатную для спажываньня ваду.

Але калі наступная партыя таблетак затрымаецца ў дарозе, то, маючы пад рукой толькі жалезную ацынкаваную бляху ды афрыканскае сонца, можна зьменшыць колькасьць бактэрыяў ды небясьпечных вірусаў у вадзе, кладучы бутэлькі на бляху й выстаўляючы іх на сонца. Сонечныя прамяні заб'юць частку бактэрыяў, а падагрэтая такім чынам да блізу 60 градусаў вада пройдзе этап уступнай пастэрызацыі.

Атрымліваецца, што гарачае афрыканскае сонца можа прыносіць ня толькі праблемы, а й дапамагаць у ліквідацыі гэтых праблемаў.

Прыклад з ачышчаньнем вады пра гэта сьведчыць. Акрамя таго, вада ў Афрыцы ёсьць, толькі велькі глыбока, а выкапаўшы звычайны калодзеж да яе не дабярэшся. Таму зь нядаўняга часу вялікім посьпехам карыстаецца праграма бурэньня глыбокіх сьвідравінаў, фінансаваная Эўразьвязам і Злучанымі Штатамі. Гэтыя сьвідравіны на пэўны час вырашаць праблему, але толькі на пэўны час, і, каб Афрыка ня высахла, трэба заняцца грунтоўнай рэструктурызацыяй усёй сыстэмы водазабесьпячэньня на кантынэнце.

Падрыхтаваў Уладзімер Міхневіч, гутарыла Алена Пытэль