• У Румыніі правялі эксгумацыю целаў Чаўшэску
  • 21.07.2010

Адбылася эксгумацыя парэшткаў румынскага дыктатара Нікалае Чаўшэску й ягонай жонкі Ялены Чаўшэску, расстраляных у 1989 годзе.

Эксгумацыя адбылася ў выніку судовай справы, якую ў 2005 годзе ўзбудзілі дзеці Нікалае й Ялены Чаўшэску, якія паставілі пад сумнеў сьцьвярджэньне Міністэрства абароны Румыніі, што іхнія бацькі былі пахаваныя на вайсковых могілках Генча ў Бухарэсьце.

Таму былі адкапаныя й адкрытыя дамавіны зь целамі, зь якіх патолягаанатамы ўзялі пробы для аналізу ДНК. Паводле экспэртаў, ідэнтыфікацыя ДНК эксгумаваных целаў можа патрываць шэсьць месяцаў.

Нікалае й Ялена Чаўшэску, якія спрабавалі ўцячы з Румыніі перад народным гневам у сьнежні 1989 году, былі схопленыя й 25 сьнежня, пасьля імправізаванага ваеннага суду, расстраляныя.

Відэазапіс суду й расстрэлу паказвалі на шмат якіх тэлеканалах сьвету.