Падчас летняга адпачынку - увага на гадзюкі
Боль, пачырваненьне скуры, ацёк ды два чырвоныя сьляды на месцы ўкусу, - гэта вынік сустрэчы з гадзюкай звычайнай (Vipera berus), да якіх асабліва часта даходзіць у летні пэрыяд.
Гадзюка звычайная - гэта адзіны від ядавітых зьмей, які пашыраны, між іншым, у Беларусі й Польшчы. Гадзюку можам сустрэць на ўскраіне лесу, поплавах і ў буйной траве, дарэчы, у тым ліку й на тэрыторыі гарадоў. Аднак гадзюка ж яна атакуе толькі ў сытуацыі, калі адчувае небясьпеку.
Пра першую дапамогу ў выпадку ўкусу гадзюкі гаворыць дырэктар Ваяводзкай санітарна-эпідэміялягічнай станцыі ў горадзе Катавіцэ доктар Гжэгаж Гудзік .
Гжэгаж Гудзік: Неактуальныя ўжо мэтады, якія зводзіліся да высмоктваньня атруты ці надрэзваньня раны, бо гэта зусім не дапамагае, і можа прычыніцца да ўскладненьняў. Мы проста павінны не варушыць нагой альбо рукой, каб дадаткова не ўзбуджаць крываносную сыстэму да ўсмоктваньня атруты.
Пасьля аказаньня пацярпеламу першай неадкладнай дапамогі мы павінны выклікаць мэдыкаў. Часта здараюцца таксама выпадкі ўкусаў гадзюк у вадзе. Паводле доктара Гжэгажа Гудзіка, яны асабліва небясьпечныя для здароўя чалавека.
Гжэгаж Гудзік: Калі ў вадзе чалавек стане на шляху гадзюкі, гэта вельмі небясьпечна, бо пасьля укусу ў шыю альбо твар могуць узьнікнуць праблемы са зрокам ці дыханьнен. Чым хутчэй мы атрымаем прафэсійную мэдычную дапамогу, у тым ліку сыраватку, тым большы шанец на зьмяншэньне адмоўных наступстваў укусу.
Таму доктар Гудзік раіць, каб, зьбіраючыся на шпацыр па лузе альбо ў грыбы ў лес, абавязкова апрануць высокія боты альбо галёшы.
Гарылы гуляюць як дзеці
Навукоўцы знайші наступныя падабенствы між чалавекападобнымі малпамі й людзьмі. Вынікі найноўшых дасьледаваньняў сьведчаць пра тое, што гарылы гуляюць у даганялкі, як дзеці.
Брытанскія навукоўцы прааналізавалі фільмы, зьнятыя ў розных заапарках. На іх падставе яны сьцьвердзілі, што гарылы гуляюць як дзеці: адна гарыла падбягае да другой, штурхае яе і ўцякае. У сваю чаргу іншая пачынае яе даганяць.
Навукоўцы няўпэўненыя, ці гарылы разумеюць згаданую гульню падобным чынам, як дзяці, але іхныя паводзіны аднолькавыя. Аднак напэўна малпы правяраюць грамадзкія паводзіны, а гэта значыць, што ў пэўны момант гульня завяршаецца, а пачынаецца сур’ёзнае суперніцтва.
Сон за рулём і ДТЗ
Засынаньне за рулём – гэта адна з найбольш частых прычынаў дарожна-транспартных здарэньняў, але кіроўцы наогул не зьвяртаюць на згаданы факт ніякай увагі, - сьведчаць вынікі дасьледаваньняў, праведзеных у Францыі адным з аўтамабільных часопісаў і клінікай, якая займаецца праблематыкай сну.
Аказалася, што дасьледаваны кіроўца праехаў амаль 1 тысячу кілямэтраў аснаджаны ў 15 сэнсараў, якія манітаравалі ягоныя жэсты, этапы сну й прабуджэньня. Аказалася, што вадзіцель, ня ведаючы пра гэта, засынаў на кароткі час. Агулам кіруючы аўтамабілем спаў 11 хвілінаў. Гэта азначае, што, едучы з максымальнай хуткасьцю – 130 кілямэтраў у гадзіну, сплючы ён пераехаў 24 кілямэтры.
Пашыраныя дасьледаваньні, у якіх удзельнічала каля 40 тысячаў чалавек, паказалі, што за рулём засынае адна трэцяя кіроўцаў. Згаданая зьява пашыраецца. 13 гадоў таму кожнае шостае ДТЗ на францускіх дарогах было вынікам сну кіроўцы, у мінулым годзе – ужо кожнае трэцяе.
Сон зьяўляецца ў Францыі часьцейшай прычынай нешчасьлівых здарэньняў, чым алькаголь і празьмерная хуткасьць. Найбольш крытычныя пэрыяды сутак – гэта, паводле вучоных, між 2 ночы й 7 раніцы ды між 14 і 16 гадзінамі ў дзень.
Зямля ўжо не такая старая
Аказваецца, што Зямля крыху маладзейшая, чым да гэтай пары меркавалася, - сьцьвярджаюць экспэрты.
Найноўшыя дасьледаваньні, датычныя ўзросту нашай плянэты, навукоўцы публікуюць у тыднёвіку „Nature”.
4,5 мільярда гадоў – гэтая прыблізная дата ўзьнікненьня Зямлі – ніякім чынам не задавальняе навукоўцаў, якія ўсялякімі мэтадамі стараюцца вызначыць, калі на самой справе ўзьнікла Зямля.
Паводле найноўшых зьвестак, Зямля на 70 мільёнаў гадоў маладзейшая, чым да гэтай пары заяўлялі навукоўцы, а значыць яна ўзьнікла 4 мільярды 537 мільёнаў гадоў таму, - заяўляюць брытанскія экспэрты з Кэмбрыджскага ўнівэрсытэту. Яны сьцьвярджаюць, што працэс паўстаньня Зямлі з найменшых плянэтарных зародкаў працягваўся даўжэй, чым прадстаўлялі апошнія дасьледаваньні.
Брытанскія экспэрты падазраюць, што апошнім этапам згаданага працэсу быў велізарны выбух, у выніку якога ўзьнік Месяц.
А.З.
Здымкі: pl.wikipedia.org