Калі беларусу пашчасьціць трапіць на філязофскі факультэт Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе, дык ён будзе прыемна зьдзіўлены. На чацьвёртым паверсе аднаго з кабінэтаў вісіць таблічка: “Беларусістыка”. Гэтая таблічка вісіць тут вельмі даўно, палову стагодзьдзя. Але... таблічка адлюстроўвае толькі намеры, бо беларусістаў і ў Карлавым унівэрсытэце, і ў іншых чэскіх унівэрсытэтах не рыхтуюць. Але таблічку не здымаюць. Зрэшты, менавіта ў Карлавым унівэрсытэце справа зрушылася, калі там зьявіўся кандыдат філялягічных навук, супрацоўнік радыё Свабода Юрась Бушлякоў.
Юрась Бушлякоў: У паваеннай Чэхаславаччыне актыўную цікавасьць да беларускай літаратуры й мовы будзіў Вацлаў Жыдліцкі – сябра многіх беларускіх літаратараў. Паралельна з украінскаю ён выкладаў беларускую літаратуру. І нястомна перакладаў на чэскую творы беларускіх пісьменьнікаў. Яго можна сьмела назваць носьбітам беларскай мовы. Ён пачаў выкладаць факультатыўна беларускую мову. У 2002 годзе Вацлаў Жыдліцкі памёр. І ягоная сьмерць азначала спыненьне выкладаньня беларускай мовы й літаратуры ў Празе.
А вярнулася беларуская мова ў 2007 годзе. Група студэнтаў славістыкі філязофскага факультэта Карлавага ўнівэрсытэту запачаткавала ініцыятыву Свабодная Беларусь. Мэта – інфармаваць чэхаў пра сытуацыю ў Беларусі, арганізоўваць акцыі, культурніцкія мерапрыемствы. Гэта ініцыятыва з прапановаю весьці моўны курс зьвярнулася да мяне. Адмаўляцца не выпадала. Дзясяткі студэнтаў падпісаліся пад адозваю да кіраўніцтва. Яны пісалі, што абарона беларускай мовы, беларускага народу – задача Чэхіі. А падтрыманьне высілкаў – маральны абавязак філязофскага факультэту.
Кіраўніцтва згадзілася, і з кастрычніка 2007 году ўвялі курс, які складаецца з 2-х сэмэстраў беларускай мовы для пачаткоўцаў. Яго ахвотна наведвалі. У навучальным годзе 2008-2009 заняткі – 2 гадзіны на тыдзень - наведвалі па 5-6 чалавек. Асновы беларускай мовы прыходзяць вывучыць студэнты славісты. З трэцяга навучальнага году быў уведзены яшчэ адзін курс. Бо спачатку праблемаю быў розны ўзровень падрыхтаванасьці навучэнцаў. У навучальным годзе 2009-2010 увялі курс беларускай мовы для больш падрыхтаваных слухачоў. Такім чынам зьявілася магчымасьць для 2-х гадовага паэтапнага вывучэньня беларускай мовы. А гэта павялічвае шанцы для беларусістыкі.
Пра тое, як у Чэхіі вучаць белауруску мову, расказаў выкладчык беларусістыкі, кандыдат філялягічных навук Юрась Бушлякоў.
Гагнна Гарачка