wikipedia.pl
Сёньня запрашаем наведаць вас замак Гродна. Вось толькі ня той на беразе Нёмана, а той, які ўзносіцца на левым беразе ракі Быстшыцы.
Замак знаходзіцца ў паўднёвай частцы Валбжыхскіх гор. Маляўнічы пэйзаж узмацняе Любахоўскае возера, якое знаходзіцца ля самага падножжа замку. Адказу на пытаньне, адкуль узялася назва замку, летапісы не зьмяшчаюць, але, пагадзіцеся, гучыць даволі прыгожа й знаёма.
Пабудаваны з каменьня, першапачаткова ён быў самым вялікім замкам у Сылезіі. Спачатку быў пабудаваны верхні замак, да якога пазьней была дабудаваная ніжняя частка. Будоўля складалася з высокай абароннай вежы, жылых і гаспадарчых будынкаў.
wikipedia.pl
У XVІ стагодзьдзі замкавы комплекс быў грунтоўна разбудаваны, а ў ІІ палове XVІІІ стагодзьдзя апусьцеў і пачаў паступова пераўтварацца ў руіну. Ад 1823 году ў ім пачалі праводзіць кансэрватарскія працы. Сёньня ў замку знаходзіцца музэй.
Ад няпамятных часоў у замку Гродна паяўляецца Белая Дама. Ніхто дакладна ня ведае, што гэта за таямнічая зьява. Вэрсіяў ёсьць некалькі: ад духу паганскай князёўны па замураваную ў падзямельлі дачку мясцовага каштэляна. Белая Дама была прычынай розных падзеяў, сьведкамі якіх былі старыя муры гэтага замку.
Сёньня Белая Дама патрануе Агульнапольскаму фэстывалю аматарскіх кінастужак, які так і называецца „Белая Дама”. Гэтая імпрэза мае ўжо некалькігадовую традыцыю й праводзіцца з размахам. У рамах фэстывалю адбываюцца канцэрты, тэатральныя паказы, а нават рыцарскія турніры.
Фэстываль адбываецца ў першай дэкадзе жніўня й доўжыцца тры дні. Таму, калі пасьпяшацца, то можна яшчэ паўдзельнічаць у сёлетнім кінафэстывалі ў замку Гродна.
wikipedia.pl
Акрамя кінафэстывалю, у замку адбываецца Кірмаш князёўны Агнешкі. Імпрэза мае шматгадовую традыцыю й раней адбывалася пад назвай „Сярэднявечны кірмаш”. Адбываецца гэты кірмаш пад канец траўня. Усе ўдзельнікі, як гандляры, так і наведвальнікі маюць абавязак наведваць кірмаш выключна ў вопратцы з эпохі Сярэднявечча.
Неаднаразова замак быў здымачнай пляцоўкай, праводзіліся тут і архэалягічныя дасьледаваньні.
Ёсьць у замку й мастацкая галерая, дзе адбываюцца вэрнісажы сучаснага мастацтва. Пры адмысловых нагодаx наведваць замак можна таксама й ноччу, але трэба мець моцныя нэрвы. А да ўсяго гэтага замкавы кухар заўсёды пачастуе знакамітымі стравамі.
Падрыxтавала Караліна Русіновіч