• Афрыка павінна стаць незалежнай ад Захаду
  • 26.07.2010

Афрыка павінна стаць незалежнай ад Захаду й больш сьцісла супрацоўнічаць з Кітаем. Такую заяву зрабіў камісар па эканамічных справах Камісіі Афрыканскага зьвязу Максвэл Мквэзалямба. Учора ва Ўгандзе закончыўся саміт Афрыканскага зьвязу, які ахоплівае амаль цэлую Афрыку.

Мквэзалямба мяркуе, што разьвіцьцё Афрыкі ня можа надалей абапірацца на сродках з Захаду. „Мы павінны пашырыць кола партнэраў. Мы радыя супрацоўніцтву з Кітаем”, - дадаў Мквэзалямба.

Камісар зазначыў, што складаныя ўмовы супрацы з Сусьветным банкам прымушаюць афрыканскія краіны шукаць дапамогу ў Кітая. Да канца 2012 году Пэкін пазычыць афрыканскім дзяржавам 10 мільярдаў даляраў у выглядзе прэфэрэнцыйных крэдытаў.

У сваю чаргу міжнародная супольнасьць абвінавачвае Кітай у аднабаковасьці. Пэкін дапамагае толькі тым краінам, якія могуць узамен даць натуральную сыравіну.