Сытуацыя ў Афганістане нашмат горшая, чым гаворыцца ў афіцыйных паведамленьнях – гэта вынікае з дакумэнтаў амэрыканскіх узброеных сілаў, якія апублікаваў у інтэрнэце партал “Wikileaks”. Сярод гэтых дакумэнтаў сустракаецца таксама інфармацыя адносна Польшы.
90 тысяч сакрэтных дакумэнтаў амэрыканскай арміі, якія датычаць Афганістану, апублікаваны ў інтэрнэце й актыўна цытуюцца заходняй прэсай. Гэта даклады амэрыканскіх жаўнераў і апісаньні паасобных апэрацыяў войскаў NATO ў гэтай краіне за апошнія шэсьць гадоў вайны з талібамі з 2003 па 2009 гады. Афіцыйны Вашынгтон ужо выступіў з крытыкай гэтай публікацыі: паводле словаў прадстаўнікоў Белага дому, публікацыя гэтых матэрыялаў нясе небясьпеку для амэрыканскіх жаўнераў, якія служаць у Афганістане.
Іншага меркаваньня прытрымліваюцца прадстаўнікі парталу “Wikileaks”. Яны зазначаюць, што іх задача паказаць праўду гэтай вайны, у тым ліку памылкі й жорсткасьць жаўнераў NATO ў дачыненьні да цывільнага насельніцтва Афганістану. Гаворыць Джуліян Асандж.
Джуліян Асандж: Усе гэтыя людзі занінулі насамрэч падчас дробных інцыдэнтаў, пра якія мы ніколі ня чулі. Колькасьць такіх здарэньняў нашмат перабольшвае колькасьць больш сур’ёзных падзеяў. Напрыклад, забіты хлопчык з-за таго, што снарад не патрапіў у цэль, альбо загінулі жыхары вёскі падчас няўдалага налёту.
Зьмест гэтых дакумэнтаў ужо пачала аналізаваць заходняя прэса. Першымі гэта зрабілі тры ўплывовыя выданьні: amerykaнski "The New York Times", брытанскі "Guardian" і нямецкі "Der Spiegel". Паводле журналісцкіх ацэнак, гэтыя дакумэнты сьведчаць, што сьмерць цывільнага насельніцтва ў Афганістане – гэта вынік памылак жаўнераў NATO, Пакістан – хаўрусьнік ЗША — вядзе падвойную гульню ў гэтай вайне, бо пакістанская выведка ISI патаемна падтрымлівае талібаў. Рэдактар "The New York Times" Крыс Чывэрс падкрэсьліў, што апублікаваныя дакумэнты паказваюць вельмі шырокі вобраз вайны ў Афганістане.
Крыс Чывэрс: Гэтыя дакумэнты кажуць пра мноства цывільных ахвяраў вайны й паказваюць, што большасьць ахвяраў былі забіты падчас дробных здарэньняў пры правядзеньні рутыннага патруляваньня ва ўсім Афганістане. Дакумэнты сьведчаць пра сувязь афганскіх паўстанцаў з рознымі групамі партызантаў у Пакістане. Дакумэнты паказваюць, наколькі складаная гэта вайна й як ваююць талібы. Насамрэч тут столькі дадзеных, што можна прааналізаваць гэтую вайну з усіх напрамкаў і зразумець правіла, па якім ідзе гэтая вайна.
З крытыкай і абвяржэньнем выступіў урад Пакістану, які назваў гэтую публікацыю безадказным крокам. Інфармацыю пра супрацу пакістанскай выведкі з Талібанам назвалі хлусьлівай. Аднак індыйскі журналіст Ананд Сахай зазначыў у размове з Польскім радыё, што гэтая інфармацыя яго не зьдзівіла, у Афганістане пра гэта кажцуь у адкрытую.
Ананд Сахай: ISI зьяўляюцца вельмі важным гульцом у рэгіёне, што тычыцца падтрыманьня партызанскай вайны талібаў. Пра гэта ўсім вядома, у тым ліку гэта ведаюць людзі, якія займаюцца адсочваньнем і аналізам тэрарыстычных рухаў ва ўсім сьвеце. Але ISI не зьявілася ў Пакістане разам з талібамі. Пакістанская выведка прысутнічала тут яшчэ да савецкай акупацыі. Падчас акупацыі амэрыканскія грошы й амэрыканская зброя паступала муджахедам менавіта празь ISI. Пакістанская выведка стала пасярэднікам амэрыканскіх дзеяньняў у рэгіёне падчас халоднай вайны.
Сярод апублікаваных дакумэнтаў ёсьць інфармацыя адносна Польшчы, суседа Беларусі, вайсковы кантытнгетн якой бярэ ўдзел у апэрацыі NATO па падтрыманьні міру ў Афганістане. Польскія журналісты высьветлілі, што ў дакумэнтах узгадваюцца дзьве тэмы, зьвязаныя з Польшчай. Па-першае, гэта папярэджаньне польскай выведкі пра магчымасьць тэрарыстычнага нападу на Амбасаду Індыі ў Кабуле. Па-другое, гэта справаздача амэрыканскіх жаўнераў пра падзеі ў вёсцы Нангар-Хель, калі ў жніўні 2007 году польскія жаўнеры абстралялі афганскую вёску. Больш падрабязна распавядае журналіст Польскага радыё Войцех Цагельскі.
Войцех Цагельскі: У дакумэнце, які датычыць гэтай справы, гаворыцца, што польскія жаўнеры трапілі пад атаку паўстанцаў у тым самым месцы, дзе раней выбухнула міна-пастка. Палякі пачалі страляць у адказ і забілі трох цывільных асобаў. Амэрыканскія жаўнеры, які напісалі гэтую справаздачу, пішуць, што супольна з губэрнатарам правінцыі Пактыка зарганізуюць сустрэчу са старэйшынамі племені, каб высьветліць сытуацыю.
Зьяўленьне гэтых матэрыялаў у інтэрнэце называюць самай вялікай уцечкай інфармацыі ў гісторыі амэрыканскай арміі.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч