• Весткі культуры
  • 28.07.2010

У Польшчы расьце колькасьць музэяў і іх наведвальнікаў. З апублікаваных статыстычных дадзеных вынікае, што на канец 2009 году лічба музэяў складвала 774. У параўнаньні з 2008 годам, гэта на 31 аб’ект больш. У мінулым годзе музэі наведала 21 мільён 200 тысяч чалавек – гэта на 2,5% больш, чым два гады таму.

Таксама палякі больш ахвотна наведвалі выставы, што можа сьведчыць, між іншым, пра разнастайнасьць і прывабнасьць выставачных прапановаў. Найбольшая колькасьць чалавек наведала музэі мастацкага й гістарычнага характару. Расьце таксама колькасьць чалавек, якія наведваюць прыродазнаўчыя, біяграфічныя й тэхнічныя музэі.


Муміі, сфінксы, цмокі й плястычныя заняткі – гэта прапановы Нацыянальнага музэю ў Варшаве для дзяцей, якія праводзяць лета ў сталіцы. Праграма „Музэй на вакацыях” павінна наблізіць наймалодшым мастацтва й зацікавіць іх творчасьцю выбітных артыстаў. Праект будзе трываць да 26 жніўня й накіраваны да дзяцей ва ўзросьце ад 6 да 12 гадоў.

Падчас заняткаў, між іншым, будуць паказаныя муміі, помнікі грэцкіх богаў й творчасьць майстраў старажытнага Эгіпту. Старэйшыя дзеці даведаюцца, як праходзіў працэс муміфікацыі.

На занятках з сярэднявечча дзеці пабачаць цмокаў, чарцей ды адзінарожцаў з сярэднявечча. Музэй хоча патлумачыць дзецям розьніцу паміж працаю творцаў сёньня й у мінулым.

Таксама плянуюцца заняткі, прысьвечаныя жыцьцю й творчасьці Яна Матэйкі, падчас якіх дзеці будуць мець магчымасьць даведацца пра яго асабістае жыцьцё. Для тых, хто зацікавіцца творчасьцю Яна Матэйкі, музэй падрыхтаваў заняткі, на якіх дзяцей будуць вучыць розным мастацкім тэхнікам.


У шостым фэстывалі беларускай музыкі „Амбасовішча” 27 ліпеня прынялі ўдзел шэсьць гуртоў. Мерапрыемства традыцыйна прайшло на тэрыторыі рэзыдэнцыі пасла ЗША ў Раўбічах.

Удзел у фэстывалі прынялі гурты „Кальмары”, „Хуткі смоўж”, Dali, „Ў”, „Босае сонца”, „Naka”. У якасьці госьця выступіў амэрыканскі гурт „The Bishops”.

На сёлетнім фэстывалі было вырашана не абіраць пераможцу, што ўжо здаралася ў гісторыі Амбасовішча. Часовы павераны па справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан адзначыў, што Амбасовішча зьяўляецца самым жывым і самым гучным мерапрыемствам дыпмісіі ў Беларусі. „Гэта вельмі важны фэстываль з цудоўнымі выканаўцамі. Мы верым, што кожная пазытыўная зьява знойдзе магчымасьць працягвацца, а Амбасовішча, безумоўна, пазытыўная зьява”, - зазначыў Майкл Скэнлан.

паводле БелаПАН


«Нясумны юбілей» адзначыць на сваё 90-годзьдзе Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы. Сьвяточны вечар адбудзецца 29 ліпеня на вялікай сцэне.
 
Гледачы імпрэзы змогуць за паўтары гадзіны пабачыць усю гісторыю Купалаўскага тэатра, прадстаўленую ў мастацкай форме, - гэта будзе менавіта прадстаўленьне, а не спэктакль. У імпрэзе будзе задзейнічана каля двух дзясяткаў артыстаў розных узростаў - як маладыя таленты, так і прызнаныя майстры сцэны.

Гісторыя тэатра бярэ свой пачатак у 1887 годзе, калі на сцэнічнай пляцоўцы выступалі артысты-гастралёры. Тэатар нарадзіўся наноў у 1920 годзе - ужо ў якасьці дзяржаўнага. Сярод першых пастановак пераважалі спэктаклі з нацыянальнай тэматыкай: «Паўлінка» й «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы, «На Купальле» Міхася Чарота, «Бязродны» Ўладзіслава Галубка.

У 1944 годзе тэатру было прысвоена імя вялікага беларускага паэта й драматурга Янкі Купалы.

Цяперашні рэпэртуар Купалаўскага ўключае сучасныя п'есы, жанравыя пастаноўкі, замежную клясыку. Але асаблівую ролю тут іграе нацыянальная драматургія.

The Rolling Stones заявілі аб сыходзе на пэнсію. Гурт, які ўжо шмат гадоў зьяўляецца сінонімам слова «рок-н-рол», паведаміў аб тым, што сусьветнае турнэ, якое стартуе ў наступным годзе й прымеркавана да 50-годзьдзя калектыву, стане, відаць, апошнім турнэ The Rolling Stones у гісторыі. Гурт заплянаваў 144 канцэрты.

Самаму маладому з «ролінгаў» Роні Вуду ў першы дзень гэтага лета споўнілася 63 гады, а барабаншчыку Чарлі Ўотсу на наступны дзень споўнілася 69. Міку Джагеру й Кіту Рычардсу ў гэтым годзе будзе па 68.

Былы прэзыдэнт Чэхіі, пісьменьнік і вядомы дысыдэнт Вацлаў Гавэл у 73-гадовым узросьце задэбютуе ў новай ролі – кінарэжысэра. У гарах Судэтах ён здымае фільм паводле ўласнага твору “Сыход”.

Сам Гавэл прызнаецца, што праца кінарэжысэра – гэта ягоная мара з маладых гадоў. Сцэнар фільму ўтрымлівае аўтабіяграфічныя дэталі – гэта трагікамэдыя пра разьвітаньне з уладай. Галоўны герой канцлер Вілем Рыгэр вымушаны зьмірыцца з тым, што пакідае сваю рэзыдэнцыю. Ролю яго сяброўкі выконвае жонка Гавэла – Дагмар. Аўтар, дарэчы, стварыў гераіню адмыслова для яе. Бюджэт стужкі – больш за 2 млн. даляраў. Прэм’ера “Сыходу” павінна адбыцца ў наступным годзе.