Беларуская бібліятэка імя Францішка Скарыны ў Лёндане
Вельмі важным беларусазнаўчым цэнтрам на Захадзе зьяўляецца Беларуская бібліятэка імя Францішка Скарыны ў Лёндане. У Бібліятэцы сабраны вельмі багаты, усебаковы і ўнікальны матэрыял, датычны розных галін жыцьця ў Беларусі. Знаходзяцца ў ёй вельмі рэдкія кнігі з XVІ стагодзьдзя (напрыклад, Аль-Кітабы), а таксама выдадзеныя ў пазьнейшы пэрыяд, у тым ліку і ў Савецкай Беларусі. Некаторых зь іх, напрыклад, з 1920-х гадоў няма ў самой Беларусі, таму што былі зьнішчаныя ў 1930-х гадох падчас сталінскай расправы зь беларускай інтэлігенцыяй ды з культурай беларускага народу, пра што паведамляецца на старонках нью-ёрскай газэты „Беларус” (Васіль Глазкоў, Беларуская Бібліятэка й Музэй імя Франьцішка Скарыны ў Лёндане, у: „Беларус”, № 213, Нбю-Ёрк 1975, с. 3).
У Бібліятэцы знаходзяцца вельмі рэдкія выданьні, якія ў гадох 1920-1939 выходзілі ў Заходняй Беларусі, а таксама на тэрыторыі цэлай Беларусі пад нямецкай акупацыяй.
Дзьверы Беларускай бібліятэкі імя Францішка Сакрыны ў Лёндане адчыненыя для дасьледчыкаў з цэлага сьвету. Выконвае яна ролю прадстаўніка беларускай культуры ў Заходняй Эўропе.
Ключы да будынку, у якім сёньня знаходзіцца Бібліятэка, біскуп Часлаў Сіповіч атрымаў 12 лютага 1970 году. А сымбалічны ўваход у Бібліятэку адбыўся 3 дні пазьней, хаця тады былі там толькі „голыя” сьцены. Апеку на Бібліятэкай і пераносам усіх сабраных кніг з Marian House узяў на свае плечы а. Аляксандар Надсан, які выконвае функцыю бібліятэкара па сёньняшні дзень. Урачыстае адкрыцьцё Бібліятэкі й Беларускага музэя адбылося 15 траўня 1971 году.
У Бібліятэкі былі дзьве асноўныя мэты: 1. сабраць і захаваць па меры магчымасьці ўсе пісьмовыя матэрыялы, датычныя Беларусі, а таксама тыя, якія знаходзіліся ў прыватных зборах на чужыне; 2. стварыць доступ да гэтых матэрыялаў усім тым, хто цікавіцца Беларусьсю й хоча стацца „акном беларускай культуры на Захад”.
Потым пачалася цяжкая праца, зьвязаная з папаўненьнем прабелаў у зборах. Дзеля набыцьця выданьняў з XІX і пачатку XX стагодзьдзяў Бібліятэка наладзіла сувязь з кнігарнямі й букіністычнымі магазінамі ў Нямеччыне, Галяндыі, Францыі, Швэцыі й ЗША. Пра Беларусь мала ведалі на Захадзе, у сувязі з чым можна было купіць рэдкія кнігі за невялікія грошы, напрыклад, Кароткая гісторыя Беларусі Вацлава Ластоўскага, выдадзеная ў Вільні ў 1910 годзе, была куплена за 5 нямецкіх марак.
Другой крыніцай старых выданьняў сталіся прыватныя кнігазборы беларускіх эмігрантаў у розных краінах, якія, даведаўшыся пра Бібліятэку, ахвотна аддавалі свае кнігі на ўласнасьць Бібліятэкі, часам нават такія рэдкія й каштоўныя, як Статут ВКЛ .
Як адзначае сам Аляксандар Надсан у кнізе Біскуп Чэслаў Сіповіч – сьвятар і беларус, выдадзенай у Менку ў 2004 годзе, найцяжэй было знайсьці старадрукі. Часам куплялі іх на аўкцыёнах. Такім чынам у Бібліятэцы апынуліся такія важныя кнігі, як Новы Запавет і Псальмы з 1652 году, а таксама Кніга Царстваў Францішка Скарыны, выдадзеная ў Празе ў 1518 годзе.
Бібліятэцы ўдалося наладзіць супрацу з рознымі інстытутамі й выдавецтвамі ў БССР, што, а зднаго боку, дазваляла купляць беларускія савецкія кнігі, а з другога – высылаць у Беларусь (шляхам абмену) беларускія эміграцыйныя кнігі, што прычынілася да ўзьнікненьня шчыліны ў „жалезным занавесе”.
Асобную групу складае багатая калекцыя першых выданьняў твораў беларускіх пісьменьнікаў з канца XІX – пачатку XX стагодзьдзяў, а нават рукапісаў.
Бібліятэка супольна зь іншымі інстытутамі арганізуе розныя сустрэчы й навуковыя канфэрэнцыі, на якіх паказваюцца беларускія дасягненьні ў галіне літаратуры й культуры, напрыклад, у 2001 годзе – з нагоды 30-годзьдзя дзейнасьці Бібліятэкі – была арганізаваная вялікая навуковая канфэрэнцыя пад супольным загалоўкам Роля беларускай дыяспары ў захаваньні й разьвіцьці беларускай культуры, у якой прынялі ўдзел беларусісты зь Беларусі, Польшчы, Вялікабрытаніі,Францыі, ЗША.
Важна тое, што ўдалося беларускай праблематыкай зацікавіць вучоных на Захадзе, такіх як, напрыклад: Арнольд МкМілін, Пітэр Маё, Джым Дынглі ці Томас Бэрд. На працягу многіх гадоў у Вялікабрытаніі дзейнічла Анга-Беларускае таварыства (The Anglo-Byelorussian Society), якое выдавала часопіс „The Journal of Byelorussian Studies”. Зь Бібліятэкай сталы кантакт утрымоўвала знакамітая перакладчыца беларускай літаратуры на ангельскую мову Вера Рыч.
Бібліятэка запрашала вучоных з розных краін на сустрэчы ня толькі зь беларускай дыяспарай у Вялікабрытаніі, але няраз таксама з акадэмічнай супольнасьцю, напрыклад, з польскіх прафэсараў у такіх сустрэчах бралі ўдзел Эльжбета Смулкова ды Аляксандар Баршчэўскі, якія мелі магчымасьць пазнаёміць прысутных з разьвіцьцём беларусістыкі ў Польшчы (П. Н., Аляксандар Баршчэўскі ў Ангельшчыне, у: „Беларус”, № 263, Нью-Ёрк 1979, с. 6).
Ніна Баршчэўская