Выдавецтвы
Падручнікі
Беларуская эміграцыя зьвяртала вялікую ўвагу на ролю падручнікаў, дзякуючы якім моладзь магла вучыцца роднай мове ня толькі ў школе, але таксама й дома. Дзеля апрацоўкі падручнікаў пры Беларускім інстытуце навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку быў пакліканы Фонд беларускіх падручнікаў, - паведамляецца на старонках нью-ёрскай газэты „Беларус” (Падручнікі перш за ўсё, у: „Беларус”, № 194, Мюнхэн 1973, с. 2).
У гадох 1974-1978 у Таронце выйшаў двухтомны падручнік Fundamental Byelorussian аўтарства Валянтыны Пашкевіч (V. Pashkievich, Fundamental Byelorussian, Таронта, кн. 1, 1974, 334 с., кн. 2, 1978, 422 с.). Гэта першая практычная граматыка беларускай мовы па-ангельску. Падручнік падзелены на 29 разьдзелаў (18 у першым томе ды 11 у томе другім). Кожны разьдзел складаецац з тэкстаў да чытаньня, граматычнай часткі, практыкаваньня ды слоўніка. Вучань мае магчымасьць пазнаёміцца зь беларускай гісторыяй, культурай, геаграфіяй ды штодзённым жыцьцём. Напрыканцы кожнага тому зьмешчаны беларуска-ангельскі й англа-беларускі слоўнікі, якія ў суме ахопліваюць каля 20 тысяч лексэмаў. Знаходзіцца таксама мапа Беларусі ды шэраг здымкаў і рысункаў, якія павялічваюць зацікаўленьне падручнікам.
Вялікае значэнне гэтага апдручніка падкрэсьліў Томас Бэрд з Queens College The City University of New York (Thomas E. Bird, V.Pashkievich. Fundamental Byelorussian – Беларуская мова. Edited by A.Adamovich. Toronto, Byelorussian-Canadian Coordinating Commitee, Book 1, 1974, XII + 332 pp.; Book 2, 1978, XII + 422 pp. Illustrated, у: „Запісы”, № 15, Нью-Ёрк 1957, с. 144-148). Толькі дапаўняльная інфармацыя зь Беларусі, паводле яго, прадстаўлена даволі павярхоўна. Томас Бэрд уважае, што варта было б шырэй пазнаёміць вучняў з дэмаграфіяй і сыстэмай адукацыі ў Беларусі.
Слоўнікі
Асаблівую ўвагу беларускія дасьледчыкі на чужыне надавалі лексыкаграфічнай працы.
У 1958 годзе выйшла на нямецкай мове Малая славянская біяграфія (Ю. Дубовік, Малая Славянская Біяграфія, у: ,,Бацькаўшчына”, № 6, Мюнхэн 1959, с. 3), у якой былі зьмешчаныя біяграфічныя зьвесткі духоўных прадстаўнікоў беларускага народу.
Сьпіс беларускіх прозьвішчаў разам з асноўнай біяграфічнай інфармацыяй быў падрыхтаваны працаўнікамі Мюнхэнскай сэкцыі Беларускага інстытуту навукі й маставства пад кіраўніцтвам Станіслава Станкевіча. У Малой славянсакй біяграфіі было зьмешчана больш за 60 беларускіх прозьвішчаў, пачынаючы ад Еўфрасіньні Полацкай, а заканчваючы прозьвішчамі беларускіх пісьменьнікаў, такіх як Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў і іншых творцаў культурнага жыцьця БССР паловы XX стагодзьдзя.
Эміграцыйная беларуская прэса паведамляла пра вялікую працу Рычарда Леванскага Бібліяграфія славянскіх слоўнікаў. Другі том гэтай Бібліяграфіі пачынаецца разьдзелам Беларускія слоўнікі, у якім слоўнікі зьмешчаны паводле катэгорыяў: слоўнікі афарызмаў, біяграфічныя, дыялекталягічныя, этымалягічныя ігд. У Бібліяграфіі Леванскяга ўзяты пад увагу беларускія слоўнікі ад 1596 да 1961 году – у гэты пэрыяд выйшла 98 беларускіх слоўнікаў (Беларускія слоўнікі, w: „Навіны зь Беларусі”, № 6 (53), Нью-Ёрк 1966, с. 7).
У 1966 годзе Беларускі інстытут навукі й мастацтва выдаў Прыказкі Лагойшчыны аўтарства Адама Варлыгі. У кнізе сабрана больш за 1700 беларускіх прыказак. З увагі на іх колькасьць слоўнік займае пятае месца за слоўнікамі Міхала Федароўскага, Івана Насовіча, Уладзімера Дабравольскага ды Яўгена Ляцкага. Апрача прыказак у слоўніку знайшліся 32 прывітаньні, 79 праклёнаў і 108 загадак (Н. А., Прыказкі Лагойшчыны, у: „Беларус”, № 115, Нью-Ёрк 1966, с. 2).
Цікавая публікацыя Вітаўта Кіпеля, у якой аўтар паведамляе пра ўсе слоўнікі, выдадзеныя на Захадзе пасьля Другой сусьветнай вайны (В. Кіпель, Слоўнікі выдадзеныя й нявыдадзеныя, у: „Беларус”, № 327, Нью-Ёрк 1985, с. 6; Грэцка-беларускі слоўнік, у: „Беларус”, № 329, Нью-Ёрк 1986, с. 6). Да 1985 году сьвет убачылі такія слоўнікі, як: Некаторыя праўніцкія тэрміны, Слоўнік юрыдычных беларускіх тэрмінаў, Маленькі беларуска-расейскі размоўнік, Краёвы слоўнік Лагойшчыны, Слоўнік беларускае літаратурнае мовы 19-га стагодзьдзя, Слоўнік нямецкіх запазычаньняў у беларускай мове, два тамы Беларуска-грэцкага слоўніка.
Было ўзноўлена таксама выданьне Слоўніка Насовіча ў заходненямецкім выдавецтве Ота Зінгера (Перавыданьне Слоўніка Насовіча, у: „Беларус”, № 343, Нью-Ёрк 1988, с. 8). Арнольд МкМілін напісаў у рэцэнзіі, што Слоўнік Насовіча па сёньняшні дзень зьяўляецца важнай лексыкаграфічнай крыніцай, у якой апрача характэрных для беларускай мовы прыказак і крылатых слоў знаходзіцца багаты фальклярыстычны й фразэалягічны матэрыял.
Ніна Баршчэўская