• Дзейнасьць беларускіх навуковых цэнтраў на эміграцыі – 6
  • 26.08.2010

У выніку многіх гадоў карпатлівай лексыкаграфічнай працы Яна Станкевіч выйшаў фундамэнтальны ягоны твор Беларуска-расійскі слоўнік з падзагалоўкам Вялікалітоўска-расійскі слоўнік (Ян Станкевіч, Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік, Нью-Ёрк 1990, 1305 с.). Слоўнік быў выдадзены ў 1990 годзе ў Нью-Ёрку на сродкі Вялікалітоўскай (Беларускай) фундацыі імя Льва Сапегі й налічвае больш за 60 тысяч лексэм.

Ян Станкевіч заснаваў згаданую Фундацыю, будучы на эміграцыі ў ЗША. Галоўнай яе мэтай была дапамога ў выдаваньні навуковых прац беларускіх вучоных на чужыне. Аўтар Слоўніка перадаў Фундацыі ўсе свае ашчаднасьці, а пазьней тэстамэнтам цэлую сваю маёмасьць. Канчаткова Слоўнік апрацаваў і выдаў сын Аўтара Юры Станкевіч.
 
Слоўнік выконвае некалькі функцыяў: апрача перакладнога слоўніка таксама тлумачальнага, слоўніка літаратурнай мовы й заадно мовы народнай (Ад выдаўцоў слоўніка, у: Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік, Нью-Ёрк, с. ІІ; Ад аўтара. Заданьні слоўніка, тамсама, с. ІХ; Юрась Бушлякоў, Ян Станкевіч як ідэоляг беларускага моўнага пурызму, у: Ян Станкевіч. Збор  твораў у двух тамах, т. 2, Менск 2002, с. 534-578).

Новым імпульсам да лексыкаграфічнай працы было абвяшчэньне незалежнай Рэспублікі Беларусь. У 1992 годзе ў Нью-Ёрку выйшаў Беларуска-ангельскі й Англа-беларускі слоўнік (Byelorussian-English English-Byelorussian Dictionary) аўтарстаа Аляксандра Ушкевіча й Аляксандра Зэзуліна. Слоўнік налічвае каля 6500 лексэм (С. К., Да гісторыі англа-беларускае лексыкаграфіі, у: „Беларус”, № 388, Нью-Ёрк 1992, с. 6).

У апрацоўцы знаходзіцца Стараславянска-беларускі слоўнік (Зьміцер Саўка, Стараславянска-беларускі слоўнік, у: „Запісы”, № 24, Нью-Ёрк 1999, с. 236-252; „Запісы”, № 25, Нью-Ёрк 2001, с. 149-166).

У 2001 годзе таксама ў Нью-Ёрку (у Беларускім інстытуце навукі й маставтва) выйшла праца Вітаўта Кіпеля й Зьмітра Саўкі  Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі (Вітаўт Кіпель, Зьміцер Саўка, Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі, Нью-Ёрк 2001, 570 с.). Гэтая вельмі істотная бібліяграфічная праца паўстала на базе картатэкі, апрацаванай у гадох 1960-1990. Галоўным стымулам да працы над картатэкай была патрэба паказаць сьвету, што беларусы маюць вялікія дасягненьні ў галіне лексыкаграфічнай працы, а беларуская мова таксама багатая, як і іншыя славянскія мовы. Беларусы на эміграцыі імкнуліся зьмяніць адносіны заходніх дасьледчыкаў да славістыкі, хацелі, каб не абмяжоўваліся яны толькі русістыкай.

Праца Беларускія слоўнікі і энцыкляпэдыі складаецца з  трох каталёгаў: выдавецтваў і публікацыяў, рукапісаў, электронных слоўнікаў ды сямі індэксаў: паводле тыпу слоўніка, індэксу тэматычнага, моўнага, асабовага, геаграфічнага, паводле месца выданьня й году выданьня. Матэрыял у каталёгах разьмешчаны паводле альфабэту. Такая структура гэтай бібліяграфічнай апрацоўкі спрашчае карыстаньне. Пра вялікае зацікаўленьне беларускай лексыкай сьведчыць колькасьць артыкулаў у каталёгах. І так, каталёг выдавецтваў і публікацыяў налічвае 2181 пазыцыю, каталёг рукапісаў і картатэк – 129, а каталёг электронных выдавецтваў – 10 такіх слоўнікаў.

На асаблівую ўвагу заслугоўвае апрацоўка Belarusian Publishing in The West. A Bibliography аўтарства Вітаўта Кіпеля й Зоры Кіпель (Vitaut Kipel, Zora Kipel, Belarusian Publishing in The West. A Bibliography, Нью-Ёрк –Варшава 2006, 854 с.). Ахоплівае яна беларускія выданьні Заходняй Эўропы (на захад ад Польшчы), абедзьвюх Амэрык – Паўночнай і Паўднёвай ды Аўстраліі, а гаворачы больш дакладна, такіх краін, як:  Англія, Бэльгія, Гішпанія, Данія, Італія, Нарвэгія, Нямеччына, Фінляндыя, Люксэмбург, Францыя, Чэхія, Швэйцарыя, Сэрбія й Чарнагорыя, Вугоршчына, Канада, Мэксыка, Аргентына, Бразылія, Аўстралія. Апрача гэтага ў Бібліяграфію ўключана адна праца выдадзеная ў Расеі й некалькі кніг з Польшчы. Зарэгістраваныя выданьні ад першай половы XІX стагодзьдзя да 2005 году ўключна.

Бібліяграфія складаецца з двух разьдзелаў: І – паасобныя выданьні, ІІ – выданьні пэрыядычныя.

У І разьдзеле друкаваныя пазыцыі разьмешчаныя храналягічна, паводле гадоў выхаду. У рамках паасобных гадоў ідуць паводле альфабэту – раней кірыліца, а потым лацінка. У гэты разьдзел уваходзяць: кнігі, брашуры, дысэртацыі, манаграфіі; камунікаты, праграмы канцэртаў, улёткі, адозвы, каталёгі, дакумэнты; статуты, праграмы партыяў; мапы, плякаты, паштоўкі – агулам 4500 пазыцыяў (Лявон Юрэвіч, Уступ, у: Belarusian Publishing in The West. A Bibliography, тамсама, с. IX). 

ІІ разьдзел ахоплівае беларускія часопісы, газэты, бюлетэні, цыркуляры, а таксама іншамоўныя выданьні, пры ўмове, што рэдагаваліся альбо выдаваліся беларусамі.  Зарэгістравана 446 пэрыядычных позыцыяў, якія з увагі на тэматыку можна падзяліць на: грамадзка-палітычныя, літаратурна-грамадзкія, рэлігійныя, арганізаыйныя (бюлетэні, цыркуляры, камунікаты), часопісы студэнцкія, моладзевыя, скаўцкія, вэтэранаў, вайсковыя, навукова-прафэсійныя, сатырычныя. Яны разьмешчаны ў альфабэтным парадку.

Аўтары імкнуліся зарэгістраваць усё, што ўважалі за істотнае для беларускага руху й беларускай культуры, а таксама з пункту гледжаньня бібліяграфічнага.

Як слушна заўважыў Лявон Юрэвіч, беларускі друк у значнай ступені адлюстроўвае нацыянальную думку, дзяржаўныя інтарэсы й патрэбу свабоды. Эміграцыйныя выданьні зьяўляюцца адначасова часткай Беларусі, якую эміграцыя прадстаўляла й якою ганарылася на працягу многіх гадоў сужыцьця зь іншымі дзяржавамі й народамі (тамсама, с. X ).

Эміграцыйныя беларускія газэты й часопісы пісалі пра міжнародную палітыку, пра сытуацыю ў Беларусі, зьмяшчалі літаратуразнаўчыя й навукова-тэхнічныя артыкулы, друкавалі мастацкія творы ды закраналі пытаньні беларускай мовы. У замежнай беларускай прэсе знаходзілася багатая інфармацыя пра разьвіцьцё беларускага школьніцтва й выдавецкую дзейнасьць на чужыне.

Асаблівае месца ў публікацыях беларускай эміграцыі займае праблема сузалежнасьці паміж мовай і нацыянальнай тоеснасьцю. Аўтары задумоўваюцца над прычынамі цураньня роднае мовы, такімі, як нігілізм, комплекс ніжэйшасьці, каньюнктуралізм ды неразуменьне наступстваў страты роднае мовы. Зьвяртаецца ўвага на тое, што адрачэньне ад роднае мовы вядзе да хутчэйшай асыміляцыі: у выпадку беларусаў католікаў – да палянізацыі, а праваслаўных беларусаў – да русыфікацыі. 

Ніна Баршчэўская