Калектывы зь Беларусі, Балгарыі, Інданэзіі, Кеніі, Украіны й Польшчы выступяць у рамках X-га Сусьветнага фолькпрагляду „Інтэграцыя”, які пачнецца ў панядзелак 9 жніўня ў Познані. Фэстываль будзе ісьці да 15 жніўня.
Гэта адзіная такога тыпу імпрэза ў Польшчы, падчас якой выступы адбываюцца ў некалькіх мясцовасьцях. Калектывы будуць выступаць у Познані, Лешне, Уронках і Сважэндзы. Канцэрты прадоўжацца цэлы тыдзень. У рамках фэстывалю будзе арганізаваны карагод праз цэнтар Познаня, паказы традыцыйных забаваў і гульняў, а таксама экумэнічная сьвятая Імша.
Польшчу прадставяць калектывы народнага танца „Познань” і „Гажавяцы”. На фэстываль кожны год запрашаюць пяць замежных калектываў. Сёлета, пасьля трох гадоў шматлікіх захадаў, арганізатарам удалося арганізаваць прыезд беларусаў. Упершыню таксама выступяць прадстаўнікі Кеніі й Інданэзіі.
Цягам 10 гадоў на фэстываль у Познань прыяжджала 50 фолькгуртоў і каля 2,5 тысяч артыстаў.
27–28 жніўня ў комплексе «Лагойск» пройдзе другі міжнародны фэстываль фэервэркаў «Навальніца», у межах якога за перамогу пазмагаюцца лепшыя піратэхнічныя каманды Эўропы, а музычнае суправаджэньне завершаць «Бі-2» і «Акварыюм».
Першы фэстываль «Навальніца» зь вялікім посьпехам прайшоў на гэтай жа пляцоўцы год таму, сабраўшы за тры дні больш за 30 тысяч гледачоў. Пра ўзровень удзельнікаў красамоўна сьведчыць той факт, што ў мінулым годзе перамагла каманда Blikas зь Летувы, якая пазьней выйграла чэмпіянат Эўропы.
Сёлета фэстываль будзе ня менш прадстаўнічым. У рамках конкурснай праграмы паказаць сваё мастацтва стварэньня вогненных карцін ў небе прыедуць вядучыя піратэхнікі зь Італіі, Эстоніі, Украіны, Польшчы й Расіі. Завершыць жа фэст пазаконкурсны гала-фэервэрк ад беларускай каманды «Кальвін», чэмпіёна Эўропы 2007 года.
Купалаўскі тэатр завітае ў Летуву, Польшчу, Гішпанію й Францыю. У новым сэзоне тэатр плянуе шэраг замежных гастроляў. 17-18 верасьня Купалаўскі тэатр прыме ўдзел у Днях беларускай культуры ў Летуве. У кастрычніку-лістападзе тэатр са спэктаклем „Вясельле” паедзе ў турнэ, прысьвечанае да 150-годзьдзя з дня нараджэньня Антона Чэхава. У рамках турнэ тэатр наведае Мадрыд, францускія гарады Шэрбург, Парыж, Дзьеп і Луўе. Таксама тэатр завітае ў азэрбайджанскую сталіцу - Баку.
Напрыканцы лістапада Купалаўскі тэатр сыграе п’есу „Пінская шляхта” Дуніна-Марцінкевіча ў варшаўскім тэатры „Рампа”. Для польскага гледача п’еса будзе агучана на польскай мове.
У кастрычніку на экраны польскіх кінатэатраў увойдзе фільм “Танец сьмерці. Сцэны з Варшаўскага паўстаньня”.
Марэк – малады паэт, які імкнецца трапіць у цэнтар Варшавы, дзе кіпіць паўстаньне. Там ён хоча знайсьці свайго бацьку. На месцы ён знаёміцца зь Ірэнай, якая шукае сярод паўстанцаў свайго сына. Высьвятляецца, што жанчына – гэта фольскдойч, якой за супрацу з СС пагражае расстрэл з боку паўстанцаў. Ірэна выхоўвала свайго сына як сапраўднага немца, а ён уцёк разам з сябрамі змагацца за вызваленьне Варшавы ад немцаў.
Рэжысэр фільму Лешэк Васевіч прызаецца, што сцэнар фільму нарадзіўся ў яго галаве яшчэ 30 гадоў таму. Прадукцыя фільму каштавала 3 млн. злотых (прыкладна 1 млн. даляраў).
Галоўныя ролі ў фільме выканалі Магдалена Цялецка, Рафал Фудалей, Соня Багасевіч. Аўтар музыкі фільму – Войцех Ваглеўскі.
Фартэпіяна, на якім іграў Вольфганг Амадэй Моцарт, знайшоўся ў нямецкім горадзе Бадэн-Бадэн. Выпадковае адкрыцьцё адбылося, калі ўладальнік фартэпіяна выставіў яго на продаж у інтэрнэце.
Адзін зь вядомых музыколягаў перакананы, што на фартэпіяна з 1775 году іграў Моцарт падчас прыбываньня ў Страсбурзе. Сваю тэзу ён абгрунтаваў тым, што выстаўленае на продаж фартэпіяна вельмі падобнае на інструмэнт, намаляваны на партрэце Моцарта.
Экспэрты ў дадзены момант правяраюць гіпотэзу музыколяга. Калі яна пацьвердзіцца, то інструмэнт будзе варты мільёны.
Пасьмяротны альбом Майкла Джэксана заплянаваны на лістапад 2010 года. У яго будуць уключаны 10 раней нявыдадзеных песень музыканта, уключаючы запісы, якія ён зрабіў у 1980-я гады, і сумесную сэсію зь лідэрам Black Eyed Peas па імені Will.I.Am.
Мэнэджэр Джэксана Фрэнк ДыЛео кажа, што засталося прыкладна 100 цалкам гатовых, але так і ня выдадзеных трэкаў, разам з сумеснымі працамі з такімі музыкамі, як Akon і Ne-Yo.
Альбом будзе першым у сэрыі з 10 дыскаў, якія будуць выпушчаныя згоднай з дамовай, заключанай паміж спадчыньнікамі Джэксана й кампаніяй Sony BMG ў сакавіку гэтага года.