• Беларускае Палесьсе
  • 06.08.2010

Палесьсе – гэта гісторыка–этнаграфічны рэгіён на тэрыторыі Беларусі, Украіны, Польшчы ды Расеі. Гэты рэгіён прываблівае нас, як тых жураўлёў з выраю, сваёй этнаграфічнай адметнасьцю, хараством прыроды ды цікавай гісторыяй. Якое яно сёньняшняе Палесьсе, пра гэта пойдзе гаворка ў перадачы з цыклю “Блізкая гісторыя”.

Палесьсе: „неабсяжная раўніна, безнадзейна роўная, нудная ды змрочная. Трэба быць чалавеканенавісьнікам, каб выдумаць такія мясьціны” – пісаў  некалі беларускі клясык. Палесьсе малавядома рэшце беларусаў мясьціна. Па сёньняшні дзень этнографы, мовазнаўцы адзначаюць моўную ды культурную адметнасьць  палешукоў.

У 1903-м годзе мовазнаўца Яўхім Карскі ў сваёй "Этнаграфічнай карце беларускага племені" характарызаваў тэрыторыю сьёньняшняга Палесься, як „раён распаўсюджваньня ўкраінскіх гаворак”.  Як сёньня размаўляюць на Палесьсі? Пра гэтыя ды іншыя  адметнасьці сёньняшняга Палесься мы размаўляем з Ірынай Алюнінай, выкладчыкам кафэдры этналёгіі ды музэалёгіі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта.

Ірына Алюніна: Гавораць яны вельмі цікава. Прычым гаворкі там вельні розныя. У мінулым годзе мы былі ў Мотылі, у гэтым годзе ў Тышкавічах. Паміж гэтымі вёскамі 5 кілямэтраў, але гавораць яны па-рознаму. Часткова гэта падобна на ўкраінскія гаворкі, але не зусім. На маю думку, гэта пераходныя, але асобныя гаворкі. Што цікава яшчэ, палешукі вельмі добра адрозьніваюць іншых беларусаў: хто з Захаду, хто зь Менску, хто адкуль.

Усе мы памятаем дэтэктыўную аповесьць Уладзіміра Караткевіча „Дзікае паляваньне караля Стаха”, дзе змрочныя легенды палескіх багнаў перапляталіся з сучаснасьцю. А ў што вераць сёньняшнія жыхары Палесься? Перад усім у саміх сабе, сьцьвярджае наш сёньняшні госьць філёляг Ірына Алюніна.

Ірына Алюніна: Атрымалася так, што мы трапілі на сьвята саўгасных дажынак.  Мы спадзяваліся пабачыць традыцыйнае сьвята, але мы пабачылі сучаснага бацюшку, які проста адпраўляў культ і ўсё. Вяскоўцы да гэтага ўсяго ставіліся так: „У сьвятароў доўгія рукавы, каб грошы хаваць”. Іншая справа. Там спавеку варылі куцю, бацюшка прыехаў і сказаў, што варыць ня можна. Чаму – не зразумела? Таму няма стаўленьня рэлігіі як да нечага неабходнага. Гэта прысутнічае ў жыцьці, але яму не надаецца асаблівая ўвага.  

Як бачым, палешукі ператрывалі шматлікія экспэрымэнты савецкай улады, якая спрабавала гэты рэгіён цывілізаваць, аднак да канца не пасьпелі – разваліўся Савецкі Саюз.

На руінах СССР на пачатку 1990-ых гадоў на Палесьсі адбываліся вельмі цікавыя працэсы. Тут была зьдзейсьнена спроба стварыць Палескую аўтаномію на базе яцьвяскага руху пад кіраўніцтвам Міколы Шэляговіча, які сьцвярджаў, што Палесьсе – гэта радзіма асобнага палескага, чытай яцьвяскага этнасу. Ад імя старадаўняга племені яцьвягаў. У палове 1990-ых гадоў гэты рух зьнік, цікава ці захавалісаі яцьвягі.

Ірына Алюніна: Яцьвягі там засталіся. Падчас нашай этнаграфічнай экспэдыцыі ў мінулым годзе ў вёску Мотыль, адна з нашых інфармантак акрэсьліла сябе яцьвяжкай. Яна распавядала пра яцьвяскі рух, і кажала, што ганарыцца гэтым. Гаварыла яна на палескай гаворцы, а ўсьведамляла сябе як жыхарку Палесься. Гэта выключэньне з правілаў, бо звычайна палешукі кажуць, што Палесьсе – гэта недзе там. Яна ўзгадала газету „Збудінне”, казала пра тое, як яны да гэтага сур’ёзна ставіліся. Аднак, гэтае акрэсьленьне не ўласьціва звычайным жыхарам Палесься. Так кажуць у асноўным адукаваныя людзі. Увогуле, я думаю, што Палесьсе ня трэба дзяліць на беларускае, украінскае або яшчэ іншае. Яно прыцягвае менавіта сваёй асаблівасьцю.

Нягледзячы на тое, што Палесьсе ўжо доўгія гады зьяўляецца часткай Беларусі: спачатку савецкай, потым незалежнай. Гэта даволі малавядомы рэгіён. Каб дабрацца зь Менску да Пінску трэба ехаць цягніком ледзь не адзінаццаць гадзінаў. Параўнальна з тым, колькі едзе цягнік зь Менску да Варшавы. Ці гэтая „унутраная ізаляцыя” не перашкаджае палешукам адчуваць сябе беларусамі?

Ірына Алюніна: Ставяцца па-рознаму. Адна з інфармантак казала нам: „Лічыцца, што мы беларусы”. Гэта значыць, што ня ўсе зь іх адчуваюць сябе беларусамі. Яны маюць беларускія пашпарты й грамадзянства, аднак тут блізка мяжа, якой яны не адчуваюць, таму ёсьць блізкасьць і да Ўкраіны.  Усё што зьвязана з дзяржавай, нацыянальнай ідэнтычнасьцю ўспрыймаецца, як нешта прысутнае, але далёкае. Ёсьць недзе такая краіна Беларусь, ладзяцца дажынкі, нешта будуецца, але яны жывуць сваім жыцьцём.

Сёньня Палесьсе – гэта частка Беларусі, якая захоўвае сваю рэгіянальную адметнасьць. Менавіта гэта найбольш прыцягвае сюды.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч