• Пярліна Батсваны - дэльта ракі Акаванга
  • Audio4.98 MB
  • 10.08.2010

Пярліна Батсваны - дэльта ракі Акаванга

Працягваем наш расповeд пра водныя рэсурсы Афрыкі. Калі ідзе гаворка пра водныя рэсурсы, то разглядаюцца азёры, рэкі, ледавікі ды падземныя воды. Але ў Афрыцы ў сувязі з высыханьнем наземных рэзэрвуараў, усё болей адчуваецца патрэба папаўненьня вады менавіта з падземных рэзэрвуараў.

Гаворка гэтым разам пойдзе пра Батсвану. Вялікую па тэрыторыі (утрая большую за Беларусь), але малую колькасна (2 млн чалавек, так як у Менску). 70% тэрыторыі краіны пакрывае пустыня Калахары. І нягледзячы на тое, што Батсвану на паўднёвым-усходзе акружаюць такія рэкі як Шашэ ды Лімпопо, а на поўначы рака Чобэ (якую ў краіне называюць Ліньянты - анг. Linyanti) - 75% людзей ды свойскай жывёлы залежаць ад грунтовай вады.

Батсвана зьяўляецца адной з найбольш дынамічна разьвіваючыхся афрыканскіх краін, яе сталіца Габаронэ (Gaborone) зьнешнім выглядам нагадвае добра арганізаваныя высокаразьвітыя заходнія гарады. Асноўнай жа крыніцай рачной вады ў Батсване зьяўляецца рака Акаванга (анг. Okavango), даўжынёю 1 600 км. Перад тым як трапіць у Батсвану яна праплывае праз такія краіны як Ангола ды Намібія. Для Намібіі ды Батсваны, краінаў асабліва ахопленых засухай, рака зьяўляецца практычна безальтэрнатыўнай крыніцай рачной вады.

Акаванга – гэта ўнутраная рака й менавіта гэта прынесла ёй славу. Акаванзе пашчасьціла не ўцячы ў акіян, а зьнікнуць у пясках Калахары (Kalahari). Дарэчы, зьнікае рака на не так малой вышыні. Яна завяршае свой бег ва ўпадзіне Макгадыкгады (анг. Makgadikgadi), якая месьціцца на вышыні 900 м.п.м. Тут знаходзяцца адныя з самых вялікіх салёнах азёраў на зямлі Соўа (анг. Sua, Sowa) ды Нтвэтвэ (анг. Nwetwe).

Болей за 11 тыс. гaдоў таму на месцы гэтых азёраў месьцілася вялічэзнае возера плошчай 80 тыс. км2 глыбінёй болей за 30 м, якое пачало высыхаць каля 10 тыс. годоў таму.

Прычынай яго высыханьня стаў канец ледавіковага пэрыяду, пасьля якога сярэдне гадавыя плянэтныя тэмпэруры стабілізаваліся каля 0 градусаў. Здаецца 0 градусаў гэта ня так і шмат, але 20 тыс. годоў таму сярэдне гадавая тэмпература на плянэце была толькі -8.

Розьніца ў 8 градусаў сталася забойчай для прагістарычнага возера Макгадыкгады (анг. Makgadikgadi), узросшыя тэмпэратуры прывялі да яго паступовага высыханьня. Дарэчы, не толькі яго – Сахара ў апошні ледавіковы пэрыяд таксама квітнела.

Афрыка паступова перагравалася. І працягвае перагравацца цяпер. Макгадыкгады – гэта вялікі саланчак, а дакладней мноства саланчакоў падзеленых пустыннымі абшарамі. Саланчак мае плошчу 16 тыс. км2. Да прыроднай унікальнасьці гэтага абшару дадаецца ўнікальнасьць архэалягічная – тут падчас раскопак былі знойдзеныя прылады выканнаныя чалавекам разумным, датаваныя на эпоху, якая папярэднічала зьяўленьню homo sapiens.

І калі буйнае жыцьцё ў катлавіне Макгадыкгады - гэта гісторыя, то дэльта Акавангі - гэта прыклад вялікай разнастайнасьці прыроднага сьвету. На гэтай, самая вялікая ў сьвеце ўнутранай дэльце, знаходзяцца ўрадлівыя балоты, якія даюць прытулак мноству ўнікальных гатункаў птушак, такіх як афрыканская рыбная сава, пчолаед, белая чапля ды коршун-рыбалоў. Ня кажучы ўжо пра жывёлаў, такіх як сланы, насарогі, антылопы гну, зебры, жырафы, буйвалы ды прадстаўнікі сямейства кашачых - львы, гепарды, леапарды. Каб захаваць такую разнастайнасьць на тэрыторыі дэльты Акавангі, быў створаны нацыянальны парк Марэмі (анг. Moremi National Park). А вялікая частка дакумэнтальных фільмаў пра прыроднае багацьце Афрыкі паўстае менавіта тут.

Сярод вільготных балотаў ды лугоў дэльты ўтульна ня толькі дзікім жывёлам, расьлінам ды птушкам, знайшлі тут сабе жыцьцёвую прастору й мясцовыя плямёны – тсвана й хэрэра, якія займаюцца жывёлагадоўляй. Палюбіла гэтыя абшары й небясьпечная муха цэ-цэ. Не так даўно, яна была асноўнай прычынай раптоўных сьмерцяў мясцовых жыхароў. Укус цэ - цэ выклікаў сонную хваробу, якая ў сваю чаргу прыводзіла да сьмерці.

Да пэўнага часу няшмат было адважных, каб заглыбіцца ў надрэчныя гушчары, але ў апошнія гады муха цэ-цэ была практычна выкарэненая, дзякуючы спрысківаньню балотных абшараў з паветра. І ад пэўнага часу пастухі са сваімі статкамі маглі заходзіць так далёка, як толькі здолеюць. Натуральна гэта палегчыла жыцьцё і плямёнам, і свойскай жывёле, але прывяло да паступовага зьмяншэньня папуляцыі антылёпаў.

У дадзеным выпадку сытуацыя з прыроднай раўнавагай варашылася на карысьць прыроды – плямёны самі арганізаваліся ды ўтварылі першы ў паўднёвай Афрыцы, кіраваны мясцовымі жыхарамі, запаведнік. Унікальны досьвед жыхароў пацьвярджае факт, што чалавек можа існаваць толькі ў згодзе з прыродай, ён толькі своечасова павінен прыслухоўвацца да яе сыгналаў.

Падрыхтаваў Уладзімер Міхневіч