• Дыктатура ў “маленькай Вэнэцыі”
  • Audio5.56 MB
  • 11.08.2010

Менавіта так называюць Вэнэсуэлу – “маленькая Вэнэцыя”, але на гэтым падабенства з прыгожым эўрапейскім горадам заканчваецца.

У пэўных галінах Вэнэсуэла „наперадзе” іншых краін, напрыклад, па злачыннасьці. Сталіца краіны Каракас займае 1-е месца ў сьвеце па колькасьці забойстваў. У год там зьдзяйсьняюць  130 забойстваў на 100 тыс. чалавек, а насельніцтва горада налічвае 3,5 мільёна чалавек (прыблізна за год у сталіцы забіваюць каля 4 тыс. чалавек). Асноўная прычына такога становішча, гэта гандаль наркотыкамі й беднасьць, і гэта нягледзячы на тое, што краіна літаральна “стаіць” на нафце.  На чале дзяржавы стаіць скандальна вядомы палітык Уга Чавэс, які абвесьціў курс на пабудаваньне стабільнага й шчасьлівага грамадзтва.

У гісторыі Вэнэсуэлы не было працяглага й стабільнага пэрыяду дэмакратыі. Да 1958 году краінай кіравалі вайскоўцы ці як іх называлі “каўдзільё”. Іншымі словамі, гэта дыктатары, якія ў правядзеньні ўнутранай палітыкі абапіраюцца на войска. Вайскоўцы звычайна атрымоўваюць вялікія заробкі й карыстаюцца прывілеямі ды льготамі.

Адным з самых вядомых дыктарараў таго пэрыяду быў Хуан Віцэнтэ Гомэс, якого яшчэ называлі “сомам” за вялікія вусы й знешні выгляд. Але ў гісторыю Вэнэсуэлы ён запісаўся дзьвумя рэчамі. Па-першае, пры ім у Вэнэсуэле знайшлі нафту, што зрабіла краіну вельмі важнай на міжнароднай арэне, і па колькасьці дзяцей. Хаця Гомэс ніколі ня быў жанаты, у яго было дзьве афіцыйныя каханкі. Ад першай у яго было 7 дзяцей, а ад другой 8. Але сапраўдная колькасьць дзяцей з іншымі жанчынамі налічвалася ад 64 да 84.

 Афіцыйнай палітычнай дактрынай, згодна зь якой Хуан Віцэнтэ Гомэс кіраваў краінай быў “дэмакратычны кесарызм”, інакш кажучы “мудрая ўлада, якая абапіралася на жорсткія мэтады кіраваньня дзеля захаваньня стабільнасьці”.

“Мудрасьць” Гомэса палягала на тым, што ён верыў, што вэнэсуэльскае грамадзтва адсталае й прагрэс можна дасягнуць толькі пры дапамозе замежных разьвітых краінаў. Але ўся пабудаваная ім сыстэма прыносіла карысьці толькі яму самому.

Уся апазыцыя ў краіне была падаўлена й толькі студэнты ў 1928 годзе знайшлі сілы каб адкрыта супрацьстаяць дыктатуры. Хаця студэнцкая дэманстрацыя была жорстка падаўлена, а адзіны ў краіне ўнівэрсытэт у Каракасе быў зачынены, у далейшым “пакаленьне 28” паўплывала на разьвіцьцё краіны. Між іншым, сярод гэтых студэнтаў былі будучыя прэзыдэнты краіны, напр., Ромула Бетанкур, які лічыцца “айцом вэнэсуэльскай дэмакратыі”.

Хуан Віцэнтэ Гомэс памёр у 1935 годзе ва ўзросьце 78  год.  Пасьля сьмерці Гомэса ўлада ў Вэнэсуэле пераходзіла з рук у рукі вайскоўцаў і блізкіх папльечнікаў памерлага дыктатара.

 У 1958 годзе, пасьля зьвяржэньня вайсковага дыктатара Маркаса Пэрэса Хімэнэса, пачаўся цяжкі працэс дэмакратызацыі, прэзыдэнтам быў абраны Ромула Бэтанкур.

Бэтанкур намагаўся быць пасьлядоўным дэмакратычным лідэрам, ён крытыкаваў дыктатараў Лацінскай Амэрыкі, як правага кірунку Трухільё, так і левага Кастра. Трухільё персанальна ненавідзе прэзыдэнта Вэнэсуэлы й нават арганізаваў пакушэньне на яго, у 1960 годзе Бэтанкур быў цяжка паранены.

Але нягледзячы на ўсе высілкі Бэтанкура па ўсталяваньні дэмакратыі ў краіне, яе каштоўнасьці не ўкараніліся ў сьвядомасьці палітычных лідэраў.

Павал Усаў