• Запрашаем у Польшчу - Тухольскія бары
  • Audio3.22 MB
  • 13.08.2010

 

borytucholskie.pl

У такія сьпякотнія дні кожны чалавек шукае месца, дзе можа мець хоць крыху ахалоды. І таму сёньня мы запрашаем вас у такое месца, а  дакладней, у Тухольскія бары - „Bory Tucholskie”.

Яны знаходзяцца на поўдзень ад Кашубаў, у паўночна-заходняй частцы Куяўска-Паморскага ваяводзтва, і зьяўляюцца буйнымі ляснымі нетрамі, якія можна параўнаць хіба што толькі зь Белавескай пушчай.

Лясы займаюць абшар больш за 120 тысяч гектараў, праз які працякаюць дзьве важныя для гэтых тэрыторыяў рэкі: Брда і Вда, вельмі папулярныя сярод аматараў байдарачнага спорту. У паўночнай частцы лясных масіваў знаходзіцца заснаваны 12 гадоў таму нацыянальны парк „Тухольскія бары”. Надзвычайная прырода гэтага месца спрычынілася да таго, што акрамя нацыянальнага парку там ёсьць яшчэ іншыя запаведнікі, дзе растуць цісы, занесеныя ў эўрапейскую чырвоную кнігу флёры, якая знаходзіцца пад сьціслай аховай. Хаця на тэрыторыі пушчы ўжо няма магчымасьці сустрэць славутых і магутных тураў ці мядзьведзяў, засталося даволі шмат іншых лясных жывёлаў, напрыклад, дзікі ці алені.

 

tygodnik.pl

Сама назва „Тухольскія бары” паходзіць ад мястэчка Тухоля, называнага лясной сталіцай. Праўдападобна, Тухоля выконвала ролю першай гандлёвай асады для каштэлянскага граду Рацёнж, пра што сьведчыць захаваны да нашых дзён кшталт рынку, характэрны для славянскіх асадаў, якія ўзьнікалі ў XІІІ стагодзьдзі.

Тухоля перажыла й Крыжакоў, і Швэдзкі патоп, і нашэсьці Напалеона, шмат у гісторыі гораду й цёмных старонак, зьвязаных з дзейнасьцю на гэтай тэрыторыі лягераў для савецкіх ваеннапалонных з часоў Польска- бальшавіцкай вайны. У 1922 годзе лягер быў зьліквідаваны, а будынкі разабраныя.

Як ужо гаварылася, Тухоля нездарма называецца лясной сталіцай. Акрамя нацыянальнага парку „Тухольскія бары”, ёсьць там і Тухольскі ляндшафтны парк, заснаваны ў 1985 годзе з мэтаю захаваньня прыгожых краявідаў.

borytucholskie.pl

На тэрыторыі Тухольскага ляндшафтнага парку, які сам зьяўляецца запаведнікам, ёсьць 8 асобных запаведнікаў.
• Прыродны запаведнік Цісы над Чэрскім патокам
• Прыродны запаведнік Устроне
• Прыродны запаведнік Багна над Стонжкай
• Прыродны запаведнік Багна Гжыбна
• Прыродны запаведнік Даліна ракі Брда
• Прыродны запаведнік Казьлінае возера
• Прыродны запаведнік Возера Здрэнчна
• Прыродны запаведнік Крыніцы ракі Стонжкі.

 

 

borytucholskie.pl

У запаведніку існуюць таксама сяродкантынэнтальныя дзюны.
У Тухольскіх барах ёсьць каля 900 азёраў, але пераважная большасьць зь іх мае невялікую паверхню. Каля 40 азёраў займаюць паверхню большую за 1 квадратны кілямэтар.

Адным з найбольш прыстасаваным да людзкіх патрэбаў зьяўляецца Хажыкоўскае возера, паверхня якога складае больш за 1360 гектараў. Менавіта на ім праводзяцца разнастайныя навігацыйныя імпрэзы: рэгаты, байдарачныя паходы, а нават Фэстываль матроскай песьні. Таму запрашаем наведаць Тухольскія бары, дзе можна паглядзець на цудоўныя прыродныя каштоўнасьці, а таксама прыемна адпачыць.

Падрыхтавала Караліна Русіновіч